“Літаратурная прастора Брэстчыны”

Пад такой назваю ў выдавецтве абласной газеты “Заря” нядаўна пабачыла свет унікальнае выданне — анталогія пісьменнікаў Брэстчыны, дзе ўпершыню пад адной вокладкай аб’яднаны творы 58 аўтараў. Прэзентацыя кнігі, складальнікам якой стаў наш зямляк Анатоль Бензярук, прайшла 12 снежня ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна. У вечарыне брала ўдзел адказная за выданне кандыдат філасофскіх навук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Захарэвіч. Менавіта з дапамогай абласных улад стала магчымым з’яўленне доўгачаканай анталогіі. Прэзентацыю вялі старшыня абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч і яе намеснік Любоў Красеўская. Вечарыну аздобілі сваімі выступленнямі юная спявачка з Жабінкі Надзея Чэчалева і народны ансамбль “Ронда”, які складаецца з выкладчыкаў берасцейскай дзіцячай музычнай школы № 1. Надзвычай прыемна, што сярод аўтараў кнігі шасцёра сваёй біяграфіяй звязаны з Жабінкаўшчынай. Гэта Андрэй Мазько і Надзея Парчук, Анатоль Брытун і Наталля Касцюк, Анатоль і Расціслаў Бензерукі.

Прафсаюзы і пракуратура
на абароне працоўных

Ужо стала добрай традыцыяй, калі выязныя прыёмы, на якіх разглядаюцца пытанні грамадзян, праводзяць сумесна прававыя інспектары працы і супрацоўнікі пракурорскіх органаў. Апошні па часе такі прыём у нашым горадзе адбыўся ў ААТ “Жабінкаўскі”. На яго завітала прававы інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Кандрашава, а таксама намеснік пракурора раёна Алена Сідарук. Па кансультацыю да спецыялістаў-правазнаўцаў са сваімі пытаннямі звярнуліся тры чалавекі.

“Нам не жыць адзін без аднаго”

Такую назву мела апошняя ў гэтым годзе сустрэча клуба “Суразмоўнік”, якая адбылася 13 снежня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яна была прысвечана 90-годдзю паэта-песенніка Мікалая Дабранравава. Падчас прэзентацыі суразмоўнікі пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Мікалая Мікалаевіча, пачулі песні, напісаныя ім у тандэме з жонкаю — кампазітарам Аляксандрай Пахмутавай. Так, у выкананні “Песняроў” прагучала “Белавежская пушча”, Іосіфа Кабзона — “Вясна 45-га года” і “Галоўнае, рабяты, сэрцам не старэць”, Льва Лешчанкі — “Да пабачэння, Масква”, Ганны Герман — “Надзея”, Мусліма Магамаева — “Мелодыя”, Юрыя Гуляева — “Ведаеце, якім ён хлопцам быў”, Валянціны Талкуновай — “Я не магу інакш”, Аляксандра Градскага — “Якія маладыя мы былі”, Зары — “Веры тонкая свечка” і іншыя вядомыя ўсім творы. У выкананні самога аўтара прысутныя пачулі верш “Хлеб”.

Юнацкая ліга прынесла перамогі

8 снежня ў Мінску праходзілі рэспубліканскія спаборніцтвы юнацкай лігі боксу сярод спартсменаў 2004-2005 гадоў нараджэння. Ад Жабінкаўскай СДЮШАР у іх удзельнічалі чатыры баксёры, двое з якіх сталі пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях. Гэта Максім Жураўлёў (52 кг) і Андрэй Шумінскі (41,5 кг). Так трымаць і далей!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top