Мудрасць нават у імені закладзена

Мудрасць нават у імені закладзена

Нарыс

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Абяцанне

ЯШЧЭ ЦЯГНУЛАСЯ ВАЙНА, аднак яе навальнічныя сполахі чуліся ў Жабінцы ўсё цішэй. Баі ішлі ўжо за Бугам, набліжаліся да берагоў шырокай Віслы, фарбуючы іх у колеры салдацкай крыві. Чырвоная Армія гнала вогненнае ліхалецце туды, скуль яно разгарэлася, ахапіўшы бязмежным пажарам увесь-цалюткі белы свет.
Мястэчка, як салдат, што перажыў кантузію ў час працяглай кананады, ляжала ў руінах. Ушчэнт разбуранае, пасівелае ад попелу і пылу, яно пакрыху прыходзіла ў сябе, паціху ўзнімалася для новага жыцця.
Раслі зямлянкі і паўзямлянкі. Хат ацалелых захавалася няшмат. Адзін з будынкаў — пошта каля чыгункі, куды штодня дастаўлялася карэспандэнцыя.
Паштоўкі, пісьмы… Адным — лісты-трохкутнікі з фронту — ад мужа, бацькі, брата — з надзеяй: “Моцна б’ём фашысцкую гадзіну! Чакайце хутка з перамогай!” А іншым — у канверце з лаканічным спачуваннем: “Ваш муж загінуў па-геройску ў баі за нашу Савецкую Радзіму”… Па тых лістах можна было вывучаць геаграфію краін, якія вызвалялі байцы ды часам заставаліся ў іх навечна.
Мікалай Шалягейка служыў на пошце старшым агентам. Колькі такіх лістоў прайшло праз ягоныя рукі! Сэрца сціскалася кожны раз, калі даводзілася паведамляць сем’ям пра страты. Быццам полымем апальвалі тыя канверты. Затое як шчыра радаваўся за тых, да каго прыляталі белыя галубы — франтавыя сціплыя трохкутнікі!
Як паселішча ачысцілі ад немцаў, Мікалай Сямёнавіч узначаліў паштовае аддзяленне. Аднак хутка з Ленінграда прыслалі новага дырэктара — Воранава, а Шалягейку — павестку на вайну.
— У цябе, Мікола, колькі дзяцей? — пацікавіўся Воранаў, калі пачуў пра позву.
— Трое, усе дзяўчаты. Былі яшчэ дзве, ды не дагледзелі, яшчэ да вайны памерлі. Гадуем цяпер з жонкай Тамару, Марыю ды наймалодшую Тасю, якой усяго пяць гадоў.
— Вось як! Нібыта ў кветніку жывеш сярод сваіх жанчын, — выгукнуў начальнік і весела засмяяўся, матлянуўшы сваім чорным Воранавым чубам, а потым імгненна стаў сур’ёзным: — Я вось што рашыў. Слухай, не перабівай. Ты чалавек сямейны, табе яшчэ “кветкі” свае расціць, а я адзін на ўвесь свет, сам сабе гаспадар. Калі і прапасці давядзецца — ніхто па мне гараваць не стане. Пайду ў ваенкамат, скажу: “Так і так, вазьміце мяне, а Мікалай Сямёнавіч нашу справу добра ведае, справіцца…” Ды ты не сумуй, дружа. Як скончыцца вайна, яшчэ папрацуем разам!
І сапраўды настаяў, хоць і меў бронь, каб накіравалі яго на фронт, туды, дзе гарачэй. Чалавек слова аказаўся.
Вось толькі апошняе сваё абяцанне не выканаў: жывым дамоў не вярнуўся…

Аўтапартрэт

ТЫЯ, ХТО ВЯРТАЛІСЯ, былі для дзятвы сапраўднымі героямі. Яны ж такое ліхалецце вынеслі на сваіх плячах, столькі пакут адолелі! Канечне, героі. Яны нават у дробязях маглі станавіцца прыкладам.
Недалёка жыў былы танкіст Сямён Новікаў. Неяк Таісія пабачыла, як той увішна чысціць бульбу. Што дзіўнага? Ды гэтак іншы не ўправіцца, у каго дзве рукі! А дзядзька Сямён, што гарэў у танку, усё навучыўся рабіць адной левай. Здавалася, як той ляскоўскі Ляўша, дай яму блыху — падкуе! Ну, блыху — не блыху, а вось стварыць фота… Меў дзядзька такое захапленне. Пабачыўшы, наколькі цудоўныя здымкі ў яго атрымліваюцца, Тася неяк напрасілася: навучыце, калі ласка… І аказалася здольнай вучаніцай. Дасюль у яе хаце безліч альбомаў. Разгорнеш — усмешлівае мінулае пазірае на цябе. Тут фатаграфіі з 1950 года па сённяшні дзень. У гэтых імгненнях, пакінутых на добрую памяць фотакамерай, — усё жыццё ад самага маленства.
З самага першага — аўтапартрэта, створанага з дапамогай люстэрка, — дапытліва пазірае на свет дзяўчынка, якую нездарма назвалі Таісіяй. Бо ўжо ў самім яе імені прыхавалася мудрасць.
Адукваная маці Кацярына Рыгораўна (некалі яна скончыла ў Кобрыне гімназію), мабыць, ведала, што ў старажытнасці гэтае слова мела сэнс “мудрая, нібыта багіня Ісіда”. Таму, калі нарадзілася першыніца, хацела назваць дзяўчынку такім рэдкім імем. Ды бацька запярэчыў: няхай лепей будзе Тамараю. Праз год на свет прыйшла другая дачка і ўсё паўтарылася: зноў замест Тасі запісалі дзяўчынку Марыяй. І толькі пазней тата, які так і не дачакаўся сына, махнуў скрушна рукою:
— Ат, называй, Каця, як хочаш!
Гэтак у Шалягейкаў 14 снежня 1938 года з’явілася нарэшце Таісія. Нарадзілася яна ў самым цэнтры Жабінкі тады, калі будучы горад быў яшчэ толькі мястэчкам, а вуліца Леніна насіла назоў у гонар Касцюшкі. Тут, у драўляным бацькоўскім доме, што захаваўся да нашых дзён, і прайшло Тасіна дзяцінства.
— Я была малая, — згадае яна праз многія гады, — а Жабінка мне ўяўлялася вялікай. Матулін бацька Рыгор Іванавіч Навіцкі да рэвалюцыі быў вялікім землеўладальнікам, меў млын, зямлі багата, нават чыгуначны вакзал збудавалі на ягоных надзелах. Вось, глядзіце, на здымку які ён мажны, з шыкоўнымі бакенбардамі, нездарма часам паперы падпісваў: “уласнік пасёлка Жабінка”. З ранніх успамінаў выразна памятаю: там, дзе зараз школа-інтэрнат, ставілі раней пад Новы год ёлку ды залівалі каток, куды збіраліся дзеці з усяго мястэчка. Тата — быў ён на ўсе рукі майстар — зрабіў мне драўляныя канькі, прымацаваныя дротам, каб з нагі не зляталі. Пазней, як пабачыў, што добра навучылася, купіў вастраносыя нарвежкі, сам прышыў скураныя раменьчыкі, каб коўзацца было лягчэй у абдымках свежага марознага ветру. Які ж гэта быў царскі падарунак!

Першая школа

ТАДЫ ЯНА ЯШЧЭ не мела нумару і была адзінаю. Месцілася ў будынку, некалі створаным па праекце вядомага берасцейскага архітэктара Сямёна Сідарчука. Сюды ў сорак шостым дзяўчынка пайшла першы раз у першы клас. Дзесяць гадоў праляцелі, нібыта крылы мелі. Каб школьныя навукі грызці як арэшкі, дапамагалі цудоўныя настаўніцы пачатковых класаў Марыя Янчанка, жонка завуча, ды цёзка — Таісія Таскіна (яна была замужам за пракурорам раёна). Сваёй дабрыні ніколі не шкадаваў вучням класны кіраўнік Міхаіл Вашкевіч, сапраўдныя ўрокі жыцця выкладалі Еўдакія Галубенка, Клаўдзія Мядзведзева. А якімі змястоўнымі былі заняткі па хіміі ў Надзеі Іпатавай ды па нямецкай мове ў Анатоля Тамарына! Хочаш–не хочаш — міжволі “зашпрэхаеш” і нешта “нахімічыш”… Як ні дзіўна, у старэйшых класах дзяўчынка захапілася… тэхнікай і механізмамі. Гэтаму паспрыяў Леў Галаўчынер, які выкладаў фізіку з электратэхнікай. І не толькі таму, што ўкаціў першага ў жыцці “лебедзя”. Канечне, затым дзяўчына вывучыла ўсю тэму на зубок, нават магла расказаць і дэталёва паказаць, як уладкаваны той злашчасны электралічыльнік. Інакш і быць не магло — Леў Георгіевіч мог жа забараніць і курсы матацыклістаў наведваць, куды запісалася Тася. Атрымала правы. Хоць матуля і трывожылася, ды ўсё роўна дзяўчына ганяла на двухколавай машыне з ветрам навыперадкі. Але ж ад ветру схавацца можна, а вось ад лёсу — не атрымаецца…
Яшчэ да выпускнога, у самай апошняй чвэрці, адразу пасля войска ў школу прыйшоў малады настаўнік беларускай мовы і літаратуры Яраслаў Пратасевіч. Так бывае, яшчэ чалавек не з’явіўся, а ўжо папаўзлі чуткі. Маўляў, вельмі ж новы “вучыцель” строгі! Хутка Таісія ў гэтым змагла пераканацца. Пісалі работу пра Янку Купалу. Яраслаў Сцяпанавіч, праверыўшы сшыткі, аб’явіў:
— З усіх трох класаў сачыненне толькі адной Таісіі Шалягейка за раскрыццё тэмы вартае “пяцёркі”, ды і ў ім недахопаў хапае — хоць “двойку” стаў!
— Дык стаўце! — з выклікам азвалася дзяўчына.
І настаўнік той выклік прыняў — без ваганняў пад тэкстам рашуча “перавярнуў” лічбу пяць дагары лапамі…
Такою сталася іх першая сустрэча.

Крыху пра… Канстытуцыю

ВОСЬ-ВОСЬ ПАВІНЕН быў прагучаць развітальны званок. А паміж імі зноў нібыта чорная кошка прабегла. “Спатыкнулася” Таісія на… танцах. Што казаць, калі табе хутка сямнаццаць, хочацца жыць-кружыць у тэмпе вальса. Употайкі Тася з сяброўкамі бегала на танцы, дзе, бывала, затрымліваліся больш, чым дазвалялася. Аднаго разу дзяўчына патрапіла на вочы настаўніку. Яраслаў Сцяпанавіч моцна абурыўся:
— Замест таго, каб сур’ёзна рыхтавацца да іспытаў, па танцульках гойсае! Яшчэ і сакратар камсамольскай арганізацыі школы, называецца! Які ты іншым прыклад падаеш? — І настрачыў дакладную дырэктару Яўгену Высоцкаму: “прашу прыняць меры…”
Меры хутка прынялі: без пяці хвілін выпуск-ніцу на тры дні выклю-чылі са школы. Мо сённяшнім вучням гэта было б у радасць, а тады — сораму не абярэшся. Аднак у дарозе Тасі сустрэўся класны кіраўнік Георгій Сяльскоў, які выкладаў матэматыку. Спыніў ды строга прамовіў:
— Ведаю, што цябе выключылі. Толькі як хочаш круціся, а на матэматыку і фізіку прыходзь. Экзамены пакуль ніхто не адмяняў! — І дзяўчына, як раней употайкі на танцы, цяпер цішком бегала на ўрокі.
Праз некаторы час ганарліўка ўсё ж прыгадала Яраславу ягоныя строгасці. Зноў жа сустрэліся пад гукі чароўных мелодый. А як вечарына скончылася, Пратасевіч папрасіў:
— Ну, а цяпер правядзі мяне дамоў.
— А ў якой Канстытуцыі, Яраслаў Сцяпанавіч, запісана, што дзяўчына павінна праводзіць мужчыну?!
На тым яны і рассталіся бы ў моры караблі.

Піянерважатая

НЕЯК ТАК СКЛАЛАСЯ, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя выпускнікі з Жабінкі ахвотна ехалі па навукі ў Львоў. Таісія таксама павезла свае дакументы ў тамтэйшы політэхнічны інстытут. З лёгкасцю паступіла, ды вось вучыцца не змагла, захварэла. Вярнулася дамоў, і тут яе сцежка-дарожка зноў перакрыжавалася з Яраслававай. Той ужо быў у райкаме камсамола і прапанаваў дзяўчыне ўладкавацца піянерважатаю.
— Ёсць дзве вакансіі: у Жабінцы і Азятах. Куды пойдзеш?
— Пасылайце ў Азяты, — выпаліла Таісія амаль з камсамольскім запалам. — Я дакажу, што маладым можна працаваць і ў вёсцы!
Пратасевіч здзіўлена ўзняў вочы, у якіх уяўна чыталася: “Усе толькі пра горад і мараць, а тут…” Ну і вырашыў зноў насуперак: “Хочаш у сяло? Будзеш у Жабінцы!”
Уладкавалася ў сямігодку, дзе дырэктарам была сапраўды гераічная жанчына, былая падпольшчыца, якую катавалі немцы, Вера Гарбацэвіч. Школа працавала ў дзве змены, вольнай хвіліны ў старшай піянерважатай не заставалася — увесь час з дзецьмі: у фотастудыі і на трусагадоўчай ферме, на конкурсах, канцэртах ды піянерскіх кастрах, на зборы металалому, макулатуры і нават попелу. Альбо на катку — міжволі давялося ўспомніць сваё дзіцячае захапленне. І з радасцю пабачыць, як загараюцца вочы ў малечы, калі важатая дапамагае ім упершыню пракаціцца на каньках па слізкім лёдзе! Некалі ёй быў марозны вецер спадарожнікам, цяпер стаў сябрам і яе выхаванцам.

Надзейны прычал

У ГЭТЫ ЧАС і сям’я нарадзілася.
Нездарма ж у народзе кажуць: “Каго любіш, таго чубіш”. Мабыць, невыпадкова Яраслаў Пратасевіч гэтак уважліва прыглядаўся да Таісіі. У яе ўжо быў кавалер, які скончыў лётнае вучылішча. Паміж узлётамі ды пасадкамі прапанаваў руку і сэрца, але паехаў на вайсковыя зборы. Як толькі Яраслаў Сцяпанавіч пачуў пра тое, адразу паспяшыў да дзяўчыны. Пра каханне сказаў і агаломшыў прапановаю:
— Давай распішамся! Я дамовіўся — усё хутка зробяць.
Дзяўчына крыху павагалася ды згадзілася. Пакінулі свае аўтографы ў загсе і толькі праз дзень расказалі пра тое бацькам. Вяселле прымеркавалі да 10 лістапада —
дня нараджэння Кацярыны Рыгораўны, маці маладой.
Сёння, праз доўгія гады, Таісія Мікалаеўна, прыгадваючы, як усё завярцелася тады, нібыта ў нейкім шматколерным калейдаскопе, гаворыць:
— Пражылі разам амаль 55 гадоў, і ніколі не сумнявалася ў правільнасці свайго выбару. Яраслаў Сцяпанавіч быў добрым мужам, бацькам. Шэсць гадоў мінула, як ён пайшоў ад нас, а я і зараз па ім плачу. Меў ён і адвагу. Помню, спякотным летам на ўзбярэжжы Мухаўца ладзілася свята. Шмат людзей сабралася. У гэтай калатэчы ніхто і не заўважыў, што тоне чалавек. Яраслаў зрэагаваў хутка, скінуў абутак, адзежу і кінуўся ў ваду. Праз колькі гадоў сустрэлася мне ў Жабінцы дзяўчына: “А я вас пазнала. А Яраслава Сцяпанавіча з вамі няма? Шкада, ну ўсё роўна — перадавайце яму падзяку за тое, што маё жыццё калісь уратаваў…” Мне згадваецца ён працавітым, гаспадарлівым чалавекам, выдатным арганізатарам у калгасе, які неўзабаве ўзначаліў.
Ранняй вясной шэсцьдзясят трэцяга, калі яшчэ “зіма хавалася ў снягах”, Пратасевіч стаў старшынёй “Промня”. Гэтага назначэння і не чакаў: у суботу, як звычайна, пайшоў у лазню, нават распрануцца не паспеў, калі прыйшла каманда тэрмінова ехаць у Якаўчыцы на калгасную нараду. Коратка расказаў пра сябе, пра тое, як плануе развіваць гаспадарку. Людзі паверылі і аказалі давер.
Такім чынам сям’я атрымала свой надзейны жыццёвы прычал. Таісія Мікалаеўна стала працаваць настаўніцай пачатковых класаў (раней завочна закончыла педагагічны факультэт Брэсцкага педінстытута). Якаўчыцкая школа была зусім новая (і года не споўнілася, як прыняла яна першых навучэнцаў). У 1966-м Таісія Пратасевіч стала завучам. З таго часу мела вялікую дапамогу з боку слынных педагогаў раёна — такіх, як Вера Секяржыцкая, Яўгенія Сасноўская, Валерыя Галаўчынер.
І цяпер Таісія Мікалаеўна з удзячнасцю згадвае першага свайго дырэктара Васіля Шышчыца ды іншых кіраўнікоў, якія шмат зрабілі для развіцця школьнай справы: Валянціна Чуйкевіча, Міхаіла Карпука, Васіля Кузьміна. Дарэчы, быў выпадак, калі ёй самой прапанавалі ўзначаліць педкалектыў. Параілася з мужам, і на сямейнай нарадзе вырашылі: два кіраўнікі пад адным дахам — гэта ўжо занадта!
— А дапамагаць школе мы і так бу-дзем, — запэўніў старшыня. І слова сваё стрымліваў неаднойчы: гаспадарка прыдбала інструменты для вучнёўскага ансамбля, камп’ютары ў кабінет, выдзяляла транспарт на шматлікія экскурсіі. Нават 20-гадовы юбілей “Промня” адзначаўся ў школьнай зале, а кожны раз пад Новы год на “Блакітныя агеньчыкі” збіраліся супольна спецыялісты калгаса і школы.
Ва ўсіх гэтых пачынаннях Таісія Пратасевіч прымала непасрэдны ўдзел. Яе справы шмат разоў адзначаліся на самым высокім узроўні. У скарбонцы педагога — Ганаровыя граматы Міністэрства асветы БССР, райкама Кампартыі Беларусі, Міністэрства асветы СССР. У 1970 годзе Таісія Мікалаеўна атрымала медаль “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна”, а вясной семдзесят шостага стала кавалерам ордэна “Знак Пашаны”. Нарэшце, у 1984-м наша гераіня была прызнана “Выдатнікам народнай асветы СССР”. У тым жа годзе яна — дэлегат З’езда прыхільнікаў міру ў беларускай сталіцы. Ездзіла таксама на настаўніцкі форум, дзе ў якасці пасланца Жабінкаўскага раёна агучыла просьбу дапамагчы Хмелеўскай школе, пашкоджанай падчас пажару.
— У кожнай з маіх узнагарод — часцінка працы ўсяго педкалектыва, — упэўнена былы завуч. — Нельга нават пералічыць усіх, каго загартавала, каму дала пуцёўку ў жыццё Якаўчыцкая школа. Усё ж назаву тых, хто вялікі адрэзак свайго жыцця прысвяціў навучальнай установе. У іх ліку мовазнаўцы Соф’я Казулька і Наталля Левічава, матэматыкі Марыя Астапчык і Галіна Жыгман, біёлаг Любоў Главацкая, хімік Вольга Фофанава. Спіс можна доўжыць і доўжыць. Кожны варты асобнага раздзелу ў педагагічнай паэме нашай школы.

Два капітаны

НАША РАЗМОВА ў доме Таісіі Мікалаеўны адбывалася 22 лістапада. Жанчына прыгадала, што якраз у гэты дзень святкуе юбілей старэйшы сын.
— Сашу ўжо 60! Ён цяпер далёка ад бацькоўскага дома, тым больш хочацца пажадаць яму шчасця і здароўя.
Сыны Таісіі Мікалаеўны Аляксандр і Сяргей прысвяцілі сябе ваеннаму флоту. “Змагацца і шукаць, знайсці і не здавацца” — такім быў дэвіз героя кнігі Веніяміна Каверына “Два капітаны”. Браты Пратасевічы з дзяцінства ўпадабалі яго. Яны марылі пра мора. Малодшы крок за крокам паўтараў шлях старэйшага. Абодва закончылі Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча. Аляксандру выпала служыць на Паўночным флоце, Сяргею — на Ціхаакіянскім. Першы стаў капітанам І-га рангу, другі — “кап-тры” (капітан ІІІ-га рангу). Давялося ім пабачыць свет. Аляксандр застаўся ў Расіі, Сяргей пасля адстаўкі вярнуўся на радзіму. Зараз разам з суседам ён рамантаваў печ, якая раптоўна пачала чадзіць, і ў паўвуха слухаў нашу размову.
— Дзеці ў мяне залатыя. Яны — мая на-дзея і апора, — прамаўляе матуля. — І сем’і стварылі надзейныя, у якіх пануюць павага і паразуменне.
Сын Аляксандра Яраслававіча — Аляксандр-малодшы — пайшоў шляхам бацькі і дзядзькі. Цяпер ён таксама капітан, працуе ў горадзе на Няве ў камандзе выратавальнікаў ваенных караблёў. Дачка Кацярына яшчэ ў студэнцкія гады брала ўдзел у конкурсе прыгажосці і была прызнана “Міс Мурманска”.
У Сяргея Яраслававіча таксама сын і дачка. Канстанцін закончыў Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыётэхнікі, працуе ў Парку высокіх тэхналогій. А дачка Вольга зараз даглядае двухгадовага Давіда, наймалодшага ўнука Таісіі Мікалаеўны, якая з гонарам гаворыць:
— Я і не думала, што праўнукаў дачакаюся. А цяпер іх ажно шасцёра: Косця і Аляксандра, Цімур і Злата, Сёма і самы маленькі Давід. Усё ж як добра, што жыццё мае працяг, а ў памяці застаюцца толькі светлыя ўспаміны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top