“Каруначкі” — лепшыя ў Беларусі. І не толькі

“Каруначкі” — лепшыя ў Беларусі. І не толькі

Два дні ў горадзе над Бугам ладзіўся міжнародны конкурс творчасці “Белавежская зорка”. На сцэне Брэсцкага Палаца культуры прафсаюзаў выступілі звыш дзвюх тысяч удзельнікаў з 42 гарадоў Беларусі.
Конкурс праводзіўся па розных намінацыях: вакальных, харэаг-рафічных, інструментальных, выяўленчым мастацтве, блогерстве. Звыш 18 гадзін заняло ў журы конкурснае праслухоўванне.
У харэаграфічнай творчасці было прадстаўлена каля 80 танцавальных нумароў (класічны, народны, сучасны, эстрадны, балетны, сацыяльны танец, Street dance, Show dance).
У складзе зорнага журы фестывалю былі вядомыя людзі, напрыклад, Святлана Стацэнка — заслужаны дзеяч культуры Беларусі, музычны кіраўнік тэлепраекта “Я пою”, Раман Кавалёў — галоўны харэограф дзіцячага Еўрабачання, Анатоль Вараб’ёў — народны артыст Беларусі і іншыя.
Юных танцораў ацэньвалі па наступных крытэрыях: складанасць выконваемага твора, тэхнічны ўзровень выканаўцаў, сцэнічны касцюм, балетмайстарская работа.
Старэйшая група ўзорнага калектыву народнага танца “Каруначкі” прадставіла нумар “Праздничная плясовая”. Нашы танцоры выступілі яскрава ды запамінальна і сталі лепшымі сярод лепшых — заваявалі званне лаўрэата І ступені! А кіраўнік ансамбля — таленавіты педагог Ірына Румко — атрымала падзяку за высокі прафесійны ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў, творчае майстэрства, асабісты ўклад у эстэтычнае, культурнае і маральнае выхаванне падрастаючага пакалення. Таму высокая перамога нашых сыноў і дочак — гэта найперш перамога Ірыны Феафанаўны.
“Каруначкі” ў чарговы раз пацвердзілі, што з’яўляюцца не толькі “брэндам” Жабінкаўскага раёна, але і годна стаяць на адной ступені з самымі моцнымі калектывамі нашай краіны. Дарагія нашы дзеці! Мы, бацькі, вельмі хваляваліся, чакаючы рашэння журы. Выказваем вам, дарагія, вялізную ўдзячнасць за падораныя эмоцыі, за свята, за перамогу на міжнародным узроўні! Так трымаць, малайцы! Вы — наш гонар!
Бацькі танцораў “Каруначак”.

Popularity: 1%

Top