І зноў чакаю вясну…

І зноў чакаю вясну…

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Карціны Наталлі Ляўчук неверагодна прыцягальныя, у іх шмат прасторы і неабсяжныя далягляды. Мастачка аддае перавагу пейзажам, якія прысвячае любімаму Мухаўцу і яго наваколлям. Трапяткія і пяшчотныя адносіны да роднага краю яна перадае з дапамогай фарбаў і пэндзля. Гэта адразу адчуваеш, калі акунаешся ў творчасць нашай таленавітай зямлячкі.
Школьная настаўніца па маляванні Раіса Блінова заўважыла талент дзяўчынкі і імкнулася яго ўсяляк развіваць. Наталля з задавальненнем удзельнічала са сваімі работамі ў розных конкурсах, але найбольш памятны раённы, дзе яе малюнак “Бярозавы гай” атрымаў прыз глядацкіх сімпатый.
У старэйшых класах адмі-ністрацыя Раснянскай школы, што ў Камянецкім раёне, даручыла сваёй вучаніцы адказную справу: распісаць ва ўстанове сцены паміж паверхамі і ля ўвахода ў актавую залу. Наталля апраўдала давер — з заданнем справілася на выдатна. Сцены ўпрыгожылі белыя бярозкі, вечаровы захад, а таксама калаж, на якім розныя птушкі і рыбкі, дары лесу — грыбы. Менавіта ў школьныя гады з’явіліся яе першыя карціны, якія прысвячала прыродзе свайго краю, вясковым пейзажам.
Дзяўчына марыла паступіць у Адэскае мастацкае вучылішча імя М.Б. Грэкава і вучыцца ў горадзе ля Чорнага мора. Але матуля не захацела адпусціць дачушку так далёка ад дому. Наташа не стала ёй пярэчыць і падала дакументы ў Кобрынскае сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 105. Праз год навучання ў ім атрымала спецыяльнасць мастака роспісу па дрэве.
Першым месцам працы маёй гераіні стала родная Раснянская школа, дзе рупілася лабарантам і вяла гурткі па маляванні. Праз год у яе асабістым жыцці адбыліся змены: Наталля выйшла замуж і пераехала ў Жабінку. Тут яна прадоўжыла вопыт выкладання ў гуртках роспісу па дрэве, маляванні, мяккай цацкі, якія дзейнічалі пры гарадскім Доме культуры.
Працавала Наталля Ляўчук і мастаком-афарміцелем у ЖКГ. Малявала дарожныя знакі, падпісвала шыльды з назвамі вуліц. Яе расцяжкі ўпрыгожвалі горад. Мела вопыт і індывідуальнага прадпрымальніцтва: ажыццяўляла продаж кустоўя і ружаў. Цяпер яна — майстар у б’юці-сферы. Зай-маецца архітэктурай пазногцяў і броваў, робіць прафесійны макіяж, валодае навыкамі цырульніцкай справы. Каб усяму гэтаму навучыцца, праходзіла курсы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, а таксама ва Украіне.
Але дзе б ні працавала Наталля Ляўчук, чым бы ні займалася, яна ніколі не пакідала свайго захаплення маляваннем. Акрамя пейзажнага жывапісу, спрабавала сябе ў партрэтным, пісала копіі вядомых карцін, паўтарала выявы з розных фотаздымкаў і паштовак.
Наталлі заўсёды імпанаваў імпрэсіянізм, гэтага стылю прытрымліваецца і ў сваіх работах. З мастакоў-імпрэсіяністаў у захапленні ад творчасці Клода Манэ, падабаюцца карціны беларускага майстра Віталя Цвіркі і расійскага — Бато Дугаржапава. З берасцейскіх мастакоў ёй вельмі блізкая творчасць Таццяны Потваравай, Ігара Раманчука, Ганны Чапурной-Алейнік.
Чаму менавіта імпрэсіянізм? З такім пытаннем звярнулася да сваёй суразмоўніцы. У адказ пачула:
— Гэта такі накірунак у жывапісе, які дае магчымасць мастакам адлюстроўваць рэальны свет і паказваць яго рухомасць і зменлівасць найбольш натуральна і жыва, перадаваць уражанні ў непасрэднай пачуццёвай форме. Мне гэта вельмі блізка, і ў сваіх работах імкнуся перадаць менавіта пачуцці, якія ўзнікаюць, калі бачу вакол сябе прыгажосць.
Наталля Ляўчук удзельнічала ў міжнародных пленэрах мастакоў “Каларыт”, якія ладзіліся ва Украіне ў горадзе Уладзімір-Валынскі. Яна лічыць, што гэта выдатная нагода, каб сустрэцца з сябрамі-аднадумцамі. Па яе меркаванні, сумесная творчая праца аб’ядноўвае, прыносіць новыя планы і задумкі, дае магчымасць удасканальвацца і расці прафесійна.
Да слова, сястра Наталлі — Алена Максімук-Пшаўлока — таксама мастачка, жыве і працуе ў Польшчы. У хатняй калекцыі карцін маёй гераіні ёсць работы і Алены, яна ў творчасці таксама аддае перавагу імпрэсіянізму. Другая сястра Таццяна, якая жыве на Камянеччыне, не менш таленавітая і творчая. У доме Наталлі ёсць і яе вырабы з газетных трубачак, што ўпрыгожваюць хатні інтэр’ер і якімі карыстаецца ў побыце.
Усе трое дзяцей Наталлі Ляўчук таксама праяўлялі сябе ў маляванні, іх здольнасці адзначалі педагогі ў школе. Так што не пагаджуся з вядомым выказваннем, што прырода адпачывае на дзецях таленавітых людзей.
У вольны час і калі патрабуе душа, Наталля адпраўляецца на бераг Мухаўца і малюе. Часта бярэ з сабою любіміцу — дабермана Эбі. Мастачка адзначае, што ў нас столькі прыгожых мясцін, якія ёй хочацца адлюстраваць на палатне. Сваю раку, так гаворыць пра Мухавец, любіць маляваць увесну і ў летнюю пару. Перавагу аддае алею, але ёсць і акварэльныя работы. Карціны Наталлі вызначаюцца прыглушанымі, некрыклівымі фарбамі, якія супакойваюць і ўлагоджваюць. Вынікам сёлетняга паходу ў Залуззе летам сталі яшчэ дзве работы, якія папоўнілі хатнюю калекцыю. На іх — усім знаёмыя месцы на беразе Мухаўца, куды жабінкаўцы прыходзяць, каб адпачыць і паплаваць.
Наталля Ляўчук марыць аб сваёй персанальнай выставе. І зноў чакае вясну, якая дорыць ёй натхненне для творчасці.

 

Popularity: 1%

Top