“Палесся мілае дзіця”

“Палесся мілае дзіця”

Днямі цэнтральная раённая бібліятэка ладзіла відэапрэзентацыю “Прыйшла к табе з далёкае дарогі”, прысвечаную 70-годдзю з дня нараджэння беларускай паэткі Яўгеніі Янішчыц.

Ва ўтульнай зале дзіцячай школы мастацтваў сабраліся прыхільнікі творчасці “ластаўкі з Палесся”. Мілагучна лілася беларуская мова. Вядучыя мерапрыемства Юлія Андрасюк і Алеся Рамановіч вялі аповед пра паэтэсу з боскай іскрай, адзін з самых выдатных і яркіх талентаў нацыянальнай паэзіі, каму было дадзена ствараць, словам кранаць сэрцы, узвышаць перажыванні і ачышчаць душы.

Паэтычны талент Яўгеніі Янішчыц выявіўся даволі рана, яшчэ ў сёмым класе. Яе першыя друкаваныя творы з’явіліся ў снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда». У гэтым жа годзе яна напісала свой першы рукапісны зборнік вершаў «Першыя россыпы».

Зорка дзевяцікласніцы Яўгеніі Янішчыц узышла імкліва і ярка зазіхацела на паэтычным небасхіле Беларусі.

Яшчэ студэнткай Яўгенію прымаюць у Саюз пісьменнікаў Беларусі. Творчасць цалкам захапіла паэтэсу. Адзін за другім выходзяць зборнікі яе паэзіі. Ёй была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы (1986).

 “Палеская ластаўка”, “Палесся мілае дзіця”, “палеская летуценніца” – так называлі ў нашай літаратуры Яўгенію Янішчыц. Дзіўнай птушкай заляцела яна ў сад беларускай паэзіі, каб вечна там жыць. Яе паэзія пакінула яркі след у літаратуры, які дагэтуль вабіць нязгасным святлом.

Упрыгожылі свята песні на словы Яўгеніі Янішчыц у выкананні настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў. Як песня жаўрука, гучала “Калыханка” ў выкананні Ганны Міхальчук. Голас Таццяны Зданкевіч лунаў у аблоках у песні “Не воблака, а проста аблачынка”. Зачаравала залу Аляксандра Белая песняй “Тчэ жыццё гады”. Ілля Учаеў надаў лірычны настрой песняй “Ты пакліч мяне, пазаві”.

…Бібліятэкары падрыхтавалі цудоўны вечар, напоўнены вершамі і песнямі, аздоблены падабранымі відэаматэрыяламі. Ён стварыў добры настрой у прысутных. Хутка праляцеў час на цікавым мерапрыемстве, але не хацелася разыходзіцца, а слухаць далей пяшчотнае, трапяткое слова Яўгеніі Янішчыц.

Таццяна РАМАНАВА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top