Наркаманія — праблема ўсяго грамадства

Наркаманія — праблема ўсяго грамадства

Па віне наркотыкаў штогод гінуць мільёны людзей, таму ў многіх краінах свету за ўжыванне, захоўванне і збыт наркатычных сродкаў узмоцнена пакаранне. З гэтай нагоды гутарка з Аляксандрам Хівуком, старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Жабінкаўскага РАУС.

— Аляксандр Анатольевіч, раскажыце, калі ласка, як з наркаманіяй змагаюцца на дзяржаўным узроўні?
— Варта адзначыць, што гэтая бяда закранула ўсе краіны свету, колькасць тых, хто ўжывае наркатычныя сродкі, перавышае 200 мільёнаў чалавек, або 3-4 % жыхароў планеты. У Беларусі пад наглядам урачоў-нарколагаў знаходзяцца звыш 15 тысяч чалавек.
У розных краінах свету да гэтай праблемы ставяцца па-рознаму, аднак усюды прымаюцца суровыя санкцыі. Скажам, у Швейцарыі, Францыі, Аўстрыі за распаўсюджванне і вытворчасць псіхатропных сродкаў можна трапіць у турму на 20 гадоў, у Даніі і Германіі — да 15, у Польшчы — да 7,5 гадоў, Італіі — ад 2 да 20. Пажыццёвы тэрмін пакарання прымяняецца ў Вялікабрытаніі, Грэцыі, Аўстраліі. А вось у Кітаі, Індыі, Інданэзіі, Іране, Малазіі, Паўднёвай Карэі, Тайландзе, Турцыі, Егіпце, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры для распаўсюджвальнікаў і вытворцаў наркотыкаў увогуле прымяняецца смяротнае пакаранне.
— Цікава, а як да гэтай праблемы ставяцца ў нашай краіне?
— У Беларусі з 2015 года ўзмоцнена пакаранне за збыт наркотыкаў — максімальны тэрмін павялічаны з 15 да 25 гадоў. Дарэчы, і адказнасць за нарказлачынствы наступае ўжо з 14 (!) гадоў.
— Статыстыка — рэч упартая. Раскажыце, калі ласка, як наш жабінкаўскі край выглядае на фоне краіны ў плане ўжывання і распаўсюджвання псіхатропных рэчываў?
— Сёння 21 жыхар раёна пакутуе на наркатычную залежнасць, 8 з іх знаходзяцца на дыспансерным уліку, 13 — на прафілактычным. Хаця на пачатак 2017 года на ўліку стаялі ўсяго 15 жабінкаўцаў. Інакш кажучы, колькасць нарказалежных павялічылася. Сёлета ў сферы незаконнага звароту наркатычных сродкаў выяўлена восем злачынстваў. Асабліва “багатай” на іх выдалася восень.
Напрыклад, у канцы верасня ў 26-гадовага брастаўчаніна паблізу Жабінкі ў машыне было знойдзена 945,25 грама марыхуаны. Такі ж наркатычны сродак, праўда, у меншых памерах — 3,36 грама і 5,1294 грама — быў знойдзены ў ягоных сябрукоў — жыхароў раёна. Хлопцы маладыя — аднаму 21, другому 28 гадоў. Не разумеюць, што сабе жыццё разбураюць… Яшчэ адзін жабінкавец, 25-гадовы наркаман са “стажам”, ужо сеў за краты на 25 гадоў.
— Памятаю, як хваля “спайсаў” захіснула грамадскасць, гэтая тэма не сыходзіла з палос цэнтральных газет і тэлебачаня. Цяпер — інфармацыйная цішыня. Чаму?
— Усё проста: агульнымі намаганнямі ўдалося спыніць гэтую смертаносную бяду, якая не абышла і наш маленькі гарадок (нагадаю, у 2015 годзе два жабінкаўцы набылі ў 25-гадовага “прадаўца” “спайс”, “пакаштавалі” псіхатропны сродак і загінулі ў салоне аўтамабіля). Аб 100 % знішчэнні спайсаў у нашай краіне гаварыць пакуль рана, аднак мы ўсе да гэтага імкнемся.
— “Спайсы” — прадукт, створаны хімічным спосабам. А што вы скажаце пра расліны, узведзеныя ў ранг наркатычных, — мак і каноплі?
— Гэта адзін з накірункаў супрацьнаркатычнай барацьбы. Сёлета, напрыклад, у рамках праграмы “Мак” у раёне было знішчана каля 350 кілаграмаў канопляў і да адной тоны (!) маку. Значыць, нейкім наркаманам не дастанецца лішняя доза опіуму (тыя вырабляюць яго з дзікарастучага маку) і марыхуаны (сыравіна для яе — каноплі).
— А якія прафілактычныя меры прымаюцца, каб колькасць нарказалежных людзей не павялічвалася?
— Як вядома, любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць, таму прафілактыцы і ў нашым раёне, і ў краіне ў цэлым надаецца вялікая ўвага. Напрыклад, з “цяжкімі” падлеткамі ў клубных установах і школах раёна праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця, а таксама тэматычныя сустрэчы, гутаркі з супрацоўнікамі міліцыі, псіхолагамі. Інфармацыйную работу праводзяць і райЦГЭ, раённая паліклініка, наркадыспансер, РАУС, інш. Наркаманія — гэта праблема, якая тычыцца не толькі здароўя асобных людзей, што пакутуюць на гэтую хваробу. Гэта праблема грамадства ў цэлым. Патрабуюцца выдаткі на лячэнне наркаманаў, на ліквідацыю наступстваў злачынстваў, здзейсненых імі ў стане наркатычнага ап’янення. Таму грамадства мае права ўвесці жорсткі кантроль за захоўваннем, ужываннем і збытам наркатычных сродкаў.
— Дзякуй за гутарку.
Інтэрв’ю правяла Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top