Жыллё: яшчэ раз пра льготныя крэдыты

Жыллё: яшчэ раз пра льготныя крэдыты

Летась на Жабінкаўшчыне пабудавана 17457 квадратных метраў жылля. У эксплуатацыю здадзены тры ЖБСК у горадзе (нумары 19, 20, 22). Такім чынам жыллёвыя ўмовы ў раёне палепшылі 212 сем’яў, улічваючы, што 54 з іх пабудавалі ўласныя дамы. За год 24 грамадзяны атрымалі дзяржаўныя субсідыі на суму 223,2 мільёна рублёў.
2012 год пачаўся з навіны, якая выклікае найбольш пытанняў: 6 студзеня Прэзідэнтам краіны падпісаны Указ №13 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў”.
Як новы дакумент паўплывае на забеспячэнне жыллём жабінкаўцаў? Сітуацыю тлумачыць начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.М.Крупко.
— Алеся Міхайлаўна, як шмат у нашым раёне зараз людзей, што маюць патрэбу палепшыць жыллёвыя ўмовы?
— На 1 студзеня 2012 года ў Жабінкаўскім раёне налічваўся 1171 чаргавік. Заўважым, цяпер на чарзе 75 шматдзетных сем’яў і 112 чалавек сацыяльнай групы.
— Патлумачце, хто згодна з Указам №13 будзе льготна крэдытавацца.
— Пазачарговая права маюць шматдзетныя сем’і; сем’і, у якія ўваходзяць дзеці-інваліды і інваліды з дзяцінства І і ІІ груп;  тыя, хто захварэў, перанёс прамянёвую хваробу ці стаў інвалідам з-за катастрофы на ЧАЭС; грамадзяне, якія пражываюць у памяшканнях, што прызнаныя непрыдатнымі для жылля; тыя, хто не менш за 10 гадоў пражываюць у інтэрнатах або здымае кватэры, пры ўмове, што ні муж, ні жонка не маюць ва ўласнасці жылля ў Беларусі; працаздольныя паўналетнія члены сям’і наймальніка сацыяльнага ці службовага жылля ў выпадку яго смерці або выезду на пастаяннае месца жыхарства ў іншае жылое памяшканне.
У другую чаргу маюць права на льготныя крэдыты малазабяспечаныя грамадзяне з ліку ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў; ваеннаслужачыя (паводле Указа №195 ад 3 красавіка 2008 года); грамадзяне, якія будуюцца альбо набываюць памяшканні ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек; маладыя сем’і, што маюць двух непаўналетніх дзяцей; суддзі і пракурорскія работнікі; паўналетнія маладыя людзі — лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і (або) спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі; маладыя вучоныя, якім былі назначаны прэзідэнцкія стыпендыі.
— У якім памеры выдзяляецца крэдыт?
— Як і раней, пры разліку будзе ўлічвацца плошча маючых ва ўласнасці альбо адчужэнні на працягу трох гадоў жылых памяшканняў крэдытаатрымальніка і членаў яго сям’і. Прычым, гэта цяпер датычыцца ўсіх метраў ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.
— Пад які працэнт будзе ісці льготнае крэдытаванне?
— Для грамадзян, што пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек (такіх як Жабінка), — за карыстанне крэдытам на працягу тэрміну яго пагашэння (які не можа перавышаць 20 гадоў) устанаўліваецца працэнтная стаўка, роўная 10% ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка Рэспублікі Беларусь. Сёння для жыхароў Жабінкі яна складае 4,5% гадавых.
Не змяніліся ўмовы для шматдзетных сем’яў: яны могуць узяць ільготны крэдыт на 40 гадоў пад 1% гадавых, але без прадастаўлення субсідый. Пры гэтым памер крэдыту складае 100 адсоткаў ад вартасці нарматыву льготна крэдытуемай плошчы.
— Каму ў вырашэнні жыллёвых праблем дапаможа дзяржава?
— Калі ў сям’і выхоўваецца трое непаўналетніх дзяцей фінансавая дапамога ў пагашэнні льготнага крэдыту павялічана з 50 да 75 працэнтаў, а для шматдзетных сем’яў, дзе чатыры і больш непаўналетніх, — з 70 да 100 працэнтаў. Апошнія маюць права на першачарговае ўключэнне ў склад фарміруемых ЖБСК. Калі нехта з бацькоў знаходзіцца ў водпуску па догляду за другім і наступнымі дзецьмі да трох гадоў, такой сям’і даецца адтэрміноўка ў пагашэнні крэдытаў на час водпуску.
— На каго распаўсюджваюцца новыя ўмовы крэдытавання?
— Толькі на тых, хто зараз заключае крэдытныя дагаворы. Нават калі вы не падпадаеце ні пад адну з вышэй пералічаных катэгорый, але паспелі ўзяць ільготны крэдыт, памер вашай крэдытнай лініі пералічвацца не будзе.
Гутарыў Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top