Антон БЕРАСТОК.
СНОЎ ЗАГАДКАВЫ свет, што прыходзіць з падсвядомасці і жыве паралельна рэчаіснасці, узбагачаючы яе…
Сны спрыяюць творчасці і нават навуцы (многім, мабыць, вядома, што знакамітая перыядычная табліца пабачылася Дзмітрыю Мендзялееву, калі вочы вучонага змежавала стома. Аднак не будзем забываць — перад тым Дзмітрый Іванавіч доўга працаваў над ёю, а сон толькі высвеціў тое, чаму былі прысвечаны гады пошукаў і адкрыццяў).
Яшчэ часцей гэтак адбываецца ў паэтаў і празаікаў. Нярэдка трапяткая лёгкакрылая Муза прыносіць творцам натхненне ды новыя цікавыя сюжэты, калі душа бачыць сны…
Менавіта такую назву атрымала літаратурна-музычная вечарына, што праводзілася напрыканцы лістапада ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя Аляксандра Пушкіна. На пачэсным месцы змяшчалася кніжная выстава “Вершы павінны сніцца паэту”. Сапраўдным аздабленнем імпрэзы сталі яркія слайды “Карціны сну”, што дэманстраваліся на экране, і музычныя нумары ў выкананні Надзеі Чэчалевай. Дзяўчына з Жабінкі не толькі падносіла свае песенныя падарункі — запамінальныя творы “Мой сон” і “Беларусь”, але й гожа музіцыравала на фартэпіяна, выконваючы танга “Арамат жанчыны”.
Дырэктар бібліятэкі Святлана Гарадзецкая на правах гаспадыні ўтульнага салона з задавальненнем прадставіла запрошаных гасцей: берасцейскіх пісьменнікаў Таццяну Дземідовіч, Анатоля Бензерука, Зінаіду Дудзюк, Любоў Красеўскую. Менавіта Любові Мікалаеўне давялося далей весці зацікаўленую сустрэчу чытачоў з аўтарамі кніг.
Кожны прыгадаў тыя жыццёвыя варункі, калі менавіта сны рабіліся штуршком у творчасці, падказваючы калізіі новых вершаў, нарысаў, апавяданняў, нават паэм.
Таццяна Дземідовіч прачытала вясёлую замалёўку, навеяную дрымотамі. Хоць найчасцей для яе ўласна так званыя прарочыя сны звязаны ў жыцці з пэўным неспакоем і прадчуваннем нечага трывожнага. Таццяна Анатольеўна заўважыла, што і ў класічнай, і ў сучаснай літаратуры сны прадстаўлены вельмі шырока. Яны могуць быць мастком для развіцця дзеі, для пераходу яе, нібыта на своеасаблівай машыне часу, з сённяшняга дня ў мінулае, узбагачаючы твор, звязваючы розныя яго часткі.
— Мне доўга сніўся сон, што я еду на самакаце, — з усмешкай падзялілася Зінаіда Дудзюк, — так па жыцці і атрымліваецца: сама сябе качу!
І “дакацілася”, трэба сказаць, да шматлікіх узнагарод за літаратурную дзейнасць (апошняя па часе перамога — падчас Дня беларускага пісьменства ў Янаве). У скарбонцы вядомай паэтэсы, празаіка, драматурга больш за тры дзясяткі кніг, выдадзеных у Беларусі, Расіі, Канадзе. Асобна спынілася яна на адным з апошніх сваіх раманаў, у якім паказана жыццё заходніх беларусаў з вёскі Крачкі. (Правобразамі герояў кнігі сталі жыхары жабінкаўскай вёскі Рачкі).
— Сняцца часам мне і сябровачкі мае Жэня Янішчыц, Ніна Мацяш, што паляцелі ў вырай на творчым узлёце, — згадала Зінаіда Іосіфаўна і прачытала верш, прысвечаны ім.
Анатоль Бензярук, у сваю чаргу, прыгадаў прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Міхася Ткачова. Той таксама пражыў кароткае і яркае жыццё, пакінуўшы пасля сябе плеяду вучняў, якія і сёння паспяхова дзейнічаюць на ніве гісторыі і археалогіі. Міхася Аляксандравіча пісьменнік лічыць сваім добрым настаўнікам. З вуснаў Анатоля Расціслававіча, які шмат гадоў прысвяціў вывучэнню драмлёўскай трагедыі, удзельнікі вечарыны пачулі апавяданне “У прадчуванні”, прысвечанае 183 жыхарам нашай вогненнай вёскі, знішчанай карнікамі 11 верасня 1942 года. Гэты сон, які мроіцца адной з загінулых, моцна крануў прысутных.
Сны прыносяць многа падказак у творчасці і для Любові Красеўскай. Зараз яна прачытала ўрыўкі з паэмы, дзе аўтарка вядзе дыялог з лірычным героем, які прыходзіць уначы. У аснове твора — тое, што сапраўды было перажыта ў жыцці. Герой паэмы загінуў у неспакойныя дзевяностыя, але пра ягоную смерць паэтка даведалася толькі ў 2002-м.
— І вось ужо тры гады, як я не бачу яго ў снах. Мабыць, да ягонай душы дайшлі нарэшце мае паэтычныя радкі, і яна назаўжды развіталася з Зямлёю.
На здымках: у час вечарыны; за фартэпіяна — наша зямлячка Надзея ЧЭЧАЛЕВА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%