Судзілі паводле Статута

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сёлета споўнілася 430 гадоў з таго дня, як у віленскай друкарні братоў Мамонічаў пабачыў свет унікальны Статут Вялікага Княства Літоўскага. Яго нездарма называюць “сапраўднай прававой Бібліяй” не толькі для беларускіх земляў, але і ўсёй Еўропы.
КАМІСІЮ, ШТО РАСПРАЦОЎВАЛА Статут 1588 года, узначаліў падканцлер літоўскі Леў Іванавіч Сапега. Палажэнні былі зацверджаны на самым высокім узроўні — каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам ІІІ Вазам.
Дакумент аказаўся надзвычай змястоўным, утрымліваў прававыя палажэнні, перадавыя для свайго часу ва ўсіх сферах юрыспрудэнцыі. Таму не дзіўна, што на працягу XVII–ХІХ стагоддзяў Статут быў перакладзены з беларускай на латынь, польскую, рускую, украінскую, нямецкую і французскую мовы. На яго падставе ўзніклі кодэксы ў Прусіі, былі складзены Саборнае ўлажэнне 1649 года ў Масковіі і судовыя пастановы для ўкраінскіх земляў.
Гэты ўнікальны кодэкс аказаўся надзіва жыццядзейным. Нават пасля далучэння Вялікага Княства Літоўскага да Расійскай імперыі ён працягваў працаваць у нашых судах. Памятаеце: нават у сатырычнай “Пінскай шляхце”, створанай Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, справы паміж шляхцюкамі разбіраюцца са спасылкамі на артыкулы Статута. Толькі пасля падаўлення паўстання 1830–1831 гадоў ён быў адменены на ўсходзе Беларусі, а на захадзе, у тым ліку ў Гродзенскай губерні, куды ўваходзілі сённяшнія жабінкаўскія землі, суды карысталіся Статутам ВКЛ ажно да 1840-га. Такім чынам “прававая Біблія” дзейнічала ні многа ні мала 250 гадоў!
Як жа адбываліся суды паводле Статута? Для прыкладу згадаем толькі адну крымінальную справу з далёкага XVII стагоддзя. Гэты дакумент нам цікавы яшчэ і таму, што ў ім упершыню згадваюцца некаторыя населеныя пункты Жабінкаўшчыны.
Справа адбывалася вясной 1631 года.
19 мая да берасцейскага ўрада, які ўзначальваў падстароста (па сённяшняму — намеснік старшыні гарадской адміністрацыі Брэста) Лаўрын Фядзюшка, звярнуліся са скаргаю пан Гермаген Непакойчыцкі і яго жонка Зофія Лышчынская. “Акцёры справы, ніжэй апісанай, землеўладальнікі гаспадарскія ваяводства Берасцейскага” паведамілі наступнае. У ноч з 23 на 24 красавіка, з серады на чацвер, падданыя ўласніка маёнтка Глыбокае Пятра Пацея Лукаш Казловіч з братам і сваімі памочнікамі згаварыліся, “не зважаючы на страх Божы і на строгасць прававую”, абрабаваць двор заявіцеляў, называемы Каранёва-Юркаўшчызна. Уначы, калі ўся чэлядзь паснула, Казловічы з падзельнікамі “зладзейскім звычаем” збілі замок са шпіхлера і вынеслі адзінаццаць бочак жыта і пшаніцы, паўтары меры мукі, новую вопратку, палатно ды іншыя рэчы, якія невядома дзе схавалі. Каранёўскі гаспадар, “дзеючы паводле навукі права паспалітага”, выкладзенай у Статуце, звярнуўся да навакольнай шляхты і каралеўскіх падданых з Вежак і блізкіх вёсак, каб тыя сталі яго сведкамі. Пан Непакойчыцкі паклікаў іх на копны суд, які павінен разбіраць падобныя справы. Збор абвясцілі ва ўрочышчы “паблізу Вяжэцкага моста”. Аднак і ў першы, і ў другі, і ў трэці раз Пётр Пацей сваіх сялян-зламыснікаў прыводзіць на суд адмовіўся. Абураны Непакойчыцкі стаў пратэставаць, і толькі тады Пацееў ураднік Пётр Жарноўскі 11 мая прывёў Лукаша Казловіча ды яшчэ трох сялян, што кляліся: “ён не ёсць шкоднік”. Гэтак справу бачыў адзін бок. Іншы пераказваў словы Лукашовых суседзяў Івана, Дзмітра ды Яўтуха зусім інакш. Тыя сказалі, паклаўшы руку на Статут: “Мае ён (Лукаш) пана, жонку і дзяцей, а мы за яго прысягаць не хочам, калі ж ён што заслужыў, няхай жа церпіць”. Больш за тое, знайшліся сведкі, што сцвярджалі: Казловіч вёз да сваёй хаты мяхі, прыхаваныя пад хворастам, з мукі выпякаў хлябы дый гандляваў імі.
Пачуўшы такое, Гермаген Непакойчыцкі загадаў узяць зламысніка пад варту. У адказ Пацеевы слугі, ураднік ды войт Мацей Кажановіч схапіліся за кіі і, разагнаўшы ўсіх, хто сабраўся на капу, сілком адбілі таго Лукаша.
На гэтыя супрацьпраўныя дзеянні Непакойчыцкі паскардзіўся вознаму (судоваму назіральніку) Войцаху Залушчынскаму, узяў у сведкі шляхціцаў Рыгора Паеўскага, Самуэля Юхновіча і Паўла Здзітавецкага. Гэта пацвердзілі таксама шматлікія сяляне: Пётр Гайковіч з Прускі, Селівон і Кірыла Кароўкі з Якаўчыцаў, стаўпоўцы Васка Лаўнік і Дзямід Пранцэвіч, Пацей Нечыпаровіч ды Грыц Івановіч з Агароднікаў, Фёдар Шуціла і Васіль Хомчыч з Арэпічаў, ханьковец Раман Федкавіч, Савось Даўбенчыч з Мацеевічаў, баярцы Малхер Баярын і Сцяпан Шаршуновіч ды Тарас Саўчыч з Грыцэвічаў. Кожнаму з іх было відавочна, хто рабаўнік і хто насуперак статутным артыкулам прымяніў сілу супраць суда.
І вось цяпер заявіцель жадае, каб гэтае надзвычайнае беззаконне разгледзеў урад, што і было зроблена 19 мая 1631 года ў Берасці. Феміда не засталася абыякавай: зламыснікі не пазбеглі пакарання за парушэнні закону.
На здымку: старадаўнія сімвалы Беларусі — слуцкі пояс і Статут ВКЛ 1588 года.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда