У гушчары партызанскага лесу

У гушчары партызанскага лесу

 

Анатоль РОСТАЎ.

У ваенную пару кожны змагаўся з ворагам, як падказвала сумленне, дазвалялі сілы і смеласць. Нямала было і тых, хто дапамагаў чырвоным партызанам са старасельскага лесу. У іх ліку Васіль Андрэевіч Хоміч, якому сёлета ў кастрычніку споўнілася б 95 гадоў.

ВАСІЛЬ НАРАДЗІЎСЯ на самым ускрайку Жабінкаўскага раёна ў працавітай сялянскай сям’і Хомічаў. Адбылося гэта 13 кастрычніка 1923 года ў вёсцы Сычова.
Калі заходнебеларускія землі ўз’ядналіся з БССР, юнаку споўнілася толькі шаснаццаць. Час быў няпросты, быццам з захаду цягнулася пераднавальнічная хмара… Так, набліжалася вайна і настолькі моцным было яе прадчуванне, што нават у сваім маладым узросце Васіль Хоміч разумеў: ліхалецця не пазбегнуць. Адна з яўных прыкмет — шпаркае будаўніцтва ў Брэсцкай крэпасці і наваколлях абарончых збудаванняў. Мясцовых хлопцаў нярэдка накіроўвалі на іх узвядзенне. Як тады казалі, у пошуках лепшай долі Васіль Хоміч падаўся ў горад над Бугам, дзе ўладкаваўся на працу. Заставаўся на будоўлі да памятнага ранку 22 чэрвеня 1941 года, калі выбухнула вайна.
У пачатку акупацыі 18-гадовы маладзён разам з сям’ёй жыў на хутары Чачына, што месціўся ў лясным гушчары якраз на мяжы Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Гэты схаваны ад людскога вока куток, шчыльна ахутаны ляснымі шатамі, нярэдка наведвалі народныя мсціўцы з атрадаў імя Чарнака і Фрунзэ. Бацька Андрэй Арцёмавіч (яго лясныя змагары паважліва звалі дзядзькам Андрэем) ніколі не адмаўляў у дапамозе. Неўзабаве хутар Хомічаў зрабіўся надзейным прытулкам для партызан, асабліва параненых і хворых. Так працягвалася ажно да вызвалення краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Рызыкуючы сваімі жыццямі, Хомічы дапамагалі граміць фашыстаў.
У красавіку 1942 года Васіль сам далучыўся да шэрагаў змагароў. Узяўшы ў рукі зброю, ён стаў партызанам атрада імя Міхаіла Фрунзэ, які ўваходзіў у партызанскую брыгаду імя І.В. Сталіна. Як тутэйшы жыхар, Хоміч аказаўся, бадай, на самым небяспечным накірунку барацьбы — у складзе разведвальна-дыверсійнай групы. Непасрэдна ўдзельнічаў у знішчэнні сямі варожых эшалонаў, прычым чатыры саставы сам мініраваў. Акрамя таго, разам з сябрамі па зброі Васіль арганізаваў падрывы васьмі шашэйных мастоў, двух участкаў чыгуначнага палатна. Намаганнямі народных мсціўцаў былі разгромлены тры варожыя гарнізоны і паліцэйскія пастарункі. Чатыры разы Васіль Андрэевіч браў удзел у адкрытых баях з акупантамі. Разам з партызанамі ўліўся ў рады Чырвонай Арміі, што прыйшла ў ліпені сорак чацвёртага, каб вызваліць нашу зямлю.
Дзейнасць Васіля Хоміча ў ваенную пару была адзначана ўзнагародамі. Ён стаў кавалерам двух ордэнаў Айчыннай вайны І ступені, ягоныя грудзі ўпрыгожвалі шматлікія баявыя і юбілейныя медалі.
Пасля вызвалення Брэстчыны ад фашысцкіх захопнікаў, калі ў краі заставаліся яшчэ ўзброеныя банды, што працягвалі падпольную барацьбу супраць Савецкай улады, Васіль Андрэевіч пайшоў служыць у органы Народнага камісарыята ўнутраных спраў. Аберагаў спакой землякоў да 1951 года, пакуль не знікла апошняя пагроза з боку бандытаў. Далейшае сваё жыццё звязаў выключна з мірнымі справамі, стаў майстрам “Міжкалгасбуда” ў Кобрыне.
Далёка не кожны жабінкавец бачыў на ўласныя вочы помнік, усталяваны на месцы колішняга хутара Хомічаў. Вялікі камень-валун, узняты на пастамент з цэглы, з 1990 года месціцца паблізу вёсак Баранцы і Ліскі Азяцкага сельсавета — у гушчары былога партызанскага лесу. На шыльдзе лаканічна пазначана, што ў 1941–1944 гадах тут было месца явак атрадаў імя Чарнака і Фрунзэ.
На здымках: Васіль ХОМІЧ у пасляваенныя гады; помнік на месцы партызанскіх явак у лесе паміж Баранцамі і Ліскамі.

 

 

Popularity: 1%

Top