Быць здаровымі і энергічнымі, нягледзячы на ўзрост

Быць здаровымі і энергічнымі, нягледзячы на ўзрост

Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

29 лістапада на базе спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” прайшоў Дзень здароўя ў рамках ініцыятывы “Шлях да даўгалецця” праекта ЕС-ААН “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь (БЕЛМЕД), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Дадзенае мерапрыемства завяршыла ініцыятыву, якая ажыццяўлялася на Жабінкаўшчыне на працягу года тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

Вітаў удзельнікаў Дня здароўя старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. Анатоль Вітальевіч падкрэсліў, што адной з прыярытэтных задач нашай дзяржавы з’яўляецца далучэнне насельніцтва да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам з улікам інтарэсаў і магчымасцей людзей. Вялікая работа ў гэтым накірунку вядзецца і на Жабінкаўшчыне: ажыццяўляюцца рамонты спартыўных аб’ектаў, папаўняецца іх матэрыяльна-тэхнічная база. Так, сёлета завершана першая чарга капітальнага рамонту спартыўнага комплексу “Бадзёрасць”. Распрацавана каштарысна-праектная дакументацыя па рэканструкцыі гарадскога парку, у якім прадугледжаны спартыўныя пляцоўкі, лыжаролерная траса, сцяжына здароўя. На будучы год запланаваны рамонты спартзалаў у аграгарадку Ленінскі і ў першай гарадской школе. Выступоўца падзякаваў каардынатарам ініцыятывы за дапамогу ў набыцці спартыўнага абсталявання, а яе ўдзельнікам пажадаў моцнага здароўя і поспехаў у далейшым.
Сярод ганаровых гасцей на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прысутнічала каардынатар ініцыятыў праекта “БЕЛМЕД” Таццяна Снітко. У сваім слове яна ўзгадала, што на конкурс ініцыятыў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, які праводзіўся ў рамках праекта, з усіх абласцей рэспублікі паступілі 362 заяўкі. З іх 25 былі прызнаны лепшымі, у тым ліку і жабінкаўская ініцыятыва “Шлях да даўгалецця”. Госця выказала словы ўдзячнасці ўдзельнікам за дапамогу ў яе рэалізацыі. Яна падкрэсліла: прыемна і радасна, што тыя віды фізічнай актыўнасці, якія прапаноўваліся ў рамках ініцыятывы, прыйшліся даспадобы людзям паважанага ўзросту і сталі сярод іх папулярнымі. Таццяна Снітко назвала скандынаўскую хадзьбу і язду на веласіпедзе. Яна адзначыла: спартыўны інвентар, які закуплены падчас ажыццяўлення ініцыятывы, застанецца ў раёне, каб і надалей людзі пажылога ўзросту мелі магчымасць для заняткаў і актыўнага ладу жыцця.
Пра тое, што ўдалося зрабіць у рамках ініцыятывы, расказала яе каардынатар — загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Рэбякеўша. Вольга Аляксандраўна падкрэсліла, што ўвесь гэты час, на працягу якога ажыццяўлялася ініцыятыва “Шлях да даўгалецця”, у цэнтры ўвагі знаходзілася адна мэта — ахапіць фізічнай актыўнасцю як мага больш людзей шаноўнага ўзросту праз заняткі рознымі відамі спорту. Для гэтага быў закуплены спартыўны інвентар: дыванкі, гімнастычныя мячы, палкі для скандынаўскай хадзьбы, веласіпеды, лыжы. Каб людзі пажылога ўзросту атрымлівалі карысць ад заняткаў, праводзіліся майстар-класы пад кіраўніцтвам трэнера Ігара Галавейкі. Так, на майстар-класах па лыжнай хадзьбе, якія наведалі 51 чалавек, поўнае навучанне прайшлі 29, па скандынаўскай хадзьбе — 100 чалавек. У нашым раёне назіраецца цікавасць менавіта да гэтага віду фізічнай актыўнасці, і ўсё часцей на гарадскіх вуліцах і ў парку можна ўбачыць людзей з палкамі.
Для заняткаў скандынаўскай хадзьбой і велапрагулак у тэрытаряльным цэнтры выдаваліся напракат пенсіянерам палкі і веласіпеды. Такой магчымасцю скарысталіся 90 чалавек.
Для павышэння фізічнай актыўнасці быў арганізаваны фізкультурна-аздараўленчы гурток “Гімнастыка”. Яго наведвалі 27 чалавек. Заняткі праходзілі не толькі на базе цэнтра, але й пры добрым надвор’і — у гарадскім парку.
У канцы свайго выступлення Вольга Рэбякеўшча зазначыла, што падчас рэалізацыі ініцыятывы каля 200 чалавек пажылога ўзросту нашага раёна падтрымалі яе і паўдзельнічалі ў мерапрыемствах. Тым самым паказалі, што яны фізічна актыўныя, клапоцяцца пра сваё здароўе, імкнуцца да новых ведаў і дасягненняў, хочуць, каб жыццё і ў шаноўным узросце было яркім і насычаным.
Затым слова трымала ўрач-валеолаг раённай бальніцы Ірына Астроўская. Ірына Аляксандраўна выступіла з прэзентацыяй, прысвечанай здароваму ладу жыцця і яго складнікам.
Масу пазітыўных эмоцый пакінуў музычны сюрпрыз ад народнага хору ветэранаў “Тонус”. Яго ўдзельнікі Вера Мандрэнка і Марыя Бахарава пад акампанемент Івана Пішчука выканалі жартоўныя прыпеўкі, у якіх расказалі пра ўдзел у ініцыятыве, далі парады наконт фізічнай актыўнасці і заняткаў спортам.
Потым Ігар Галавейка — галоўны суддзя спаборніцтваў, якія ладзіліся ў рамках Дня здароўя, пазнаёміў прысутных з судзейскай калегіяй і пажадаў удзельнікам спартыўных выпрабаванняў поспехаў. Падчас іх аматары спорту спрабавалі свае сілы ў шахматах і шашках, настольным тэнісе і дартсе, більярдзе і фігурнай яздзе на веласіпедзе, дэманстравалі ўменні, спрыт і кемлівасць. Жадаючыя мелі магчымасць прайсці майстар-клас па скандынаўскай хадзьбе.
У выніку спаборніцтваў у кожным відзе спорту вызначыліся свае пераможцы. Так, лепшымі ў шашках сталі Валянціна Карпук і Міхаіл Чарнецкі, у шахматах — Адам Дарошка, у настольным тэнісе — Вера Мандрэнка і Сяргей Макей. У більярдзе і дартсе сярод мужчын — Сяргей Гурын, у дартсе сярод жанчын і фігурнай яздзе на веласіпедзе — Ніна Крывецкая. Лепш за іншых мужчын з яздой на веласіпедзе справіўся Аляксей Лучынскі. Прызёры спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі, пераможцы ж — яшчэ й памятнымі падарункамі.
Арганізатары мерапрыемства: тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў — выказваюць словы ўдзячнасці яго спонсару — раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”, а за дапамогу ў правядзенні свята — работнікам спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” і гарадскога Дома культуры.

Popularity: 1%

Top