Шчырая бяседа ў Доме культуры

Дар’я НІКАНЧУК.

Песня спрадвеку з’яўлялася неад’емнай часткай жыцця нашых продкаў. Яна суправаджала падчас працы, лілася на святах, была спадарожнікам у вандроўках. Так, працалюбству беларусаў, адданасці сваёй зямлі, любові да роднай хаты ды шчыраму каханню двух сэрцаў прысвечана творчасць заслужанага калектыву Беларусі “Бяседа” (на здымку), які ў мінулую пятніцу падараваў жабінкаўцам незабыўны вечар.
“З песняй мы духам мацнеем і прыгажэем душой”, — спявалі ўдзельнікі ансамбля і мелі рацыю. На тварах прысутных з’явілася ўсмешка, а ў вачах агеньчык — гэта народная музыка дакранулася да сэрцаў. Са сцэны ліліся “Ехалі казачэнькі”, “На вуліцы грымата”, “Жыта ў полі”, “Жнеі, мае жнеі” ды іншыя народныя песні. Апошнюю без інструментальнага суправаджэння выканала самая маладая ўдзельніца калектыву Анастасія Грыгор’ева, якая папоўніла яго летась. А вось салісты Таццяна Лазоўская і Валянцін Кірыленка застаюцца вернымі “Бяседзе” з канца 90-х, адзначаны медалём Францыска Скарыны.
Жабінкаўцы сталі сведкамі прэм’еры песень “Ой, ты, вецер, зашумі”, “Лазня”, “Гарні, гарні бульбу з печы”, інструментальнай “Сялянская вячорка”. Дарэчы, многія творы рэпертуара апрацаваны ці напісаны мастацкім кіраўніком Леанідам Захлеўным і вядучым музыкантам калектыву Мікалаем Алешкам. Майстэрства валодання інструментам дэманстравалі таксама Вольга Калаур і Юрый Чаркас, Ганна Алешка і Ігар Міхалькоў, Сяргей Бяльцоў — у арсенале ансамбля баян, скрыпка, цымбалы, бубен, флейта.
Жартаўлівыя песні — разынка “Бяседы”. Жабінкаўцы не толькі ўдосталь “папарыліся” ў лазні і “падсілкаваліся” бульбай, але й пазнаёміліся з кумамі, дружнымі як браты, а яшчэ даведаліся пра лёс хлапца-бабыля. Не абышоўся вечар без знакамітых “Як пад горкай, пад гарой”, “А ў садзе, у садочку”, якія ўслаўляюць прыгажосць беларускай дзяўчыны і яе працавітасць.
Асобнае месца ў творчасці беларусаў займае вобраз матулі, успаміны пра родную хату і дзяцінства, да болі дарагі сэрцу куточак. Такімі песнямі поўніцца і рэпертуар калектыву: “Родная хата”, “Дарагая мая, залатая” ды іншыя. Часта менавіта тут, у роднай старонцы, сустракаем і сваё каханне. Пра шчасце і самыя шчырыя пачуцці падчас канцэрта на беларускай і рускай мовах гучалі “Гары, касцёр”, “Играй, двухрядочка”, “У реки, у речки”.
У той вечар жабінкаўцы атрымалі асалоду і ад знакамітага чардаша, які выканаў на скрыпцы Сяргей Бяльцоў. На развітанне ж кожны атрымаў “Чарку на пасашок” і цікавыя пажаданні:

Мы вам жадаем, каб да вашых хат
Сцежкі не ведаў ні ўрач, ні адвакат
І каб было вам на ўсім вяку
Лёгка на сэрцы, цяжка ў кашальку!

Верым мы зноў, як у сяброў,
Будзе сустрэч нямала ў нас,
І ў добры час толькі для вас
Мы праспяваем яшчэ не раз.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда