Дом, дзе заўсёды святло

Дом, дзе заўсёды святло

Рэпартаж са святкавання 65-годдзя раённай дзіцячай бібліятэкі

Святло!
Заўсёды святло!
Паўсюль святло!
У ім ёсць патрэба кожнаму.
Яно ўтрымліваецца ў кнігах.
                                         Віктор ГЮГО.

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Уступ

ДЛЯ СВАЙГО ЮБІЛЕЮ, што ладзіўся 28 лістапада, бібліятэкары абралі прасторную і светлую залу дзіцячай школы мастацтваў. Сцэна святочна аформлена, гасцей сустракае гарэзлівы надпіс “Мы выраслі. Нам — 65!” Пры ўваходзе — кніжная выстава “Беларускія пісьменнікі — нашы госці”. Што да непасрэдных гасцей вечарыны — гэта найперш самыя ўдзячныя сябры бібліятэкі — нашы дзеці. Ад іх гоману і ўсмешак робіцца яшчэ радасней і святлей. Аднак усе змаўкаюць з першымі акордамі ўзорнага аркестра народных інструментаў Жабінкаўскай ДШМ пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай. У выкананні музыкантаў гучаць руская народная песня “Субацея” і купалаўскія “Шумныя бярозы” (саліруе Арсеній Міхалькевіч).

Зачын

РАСПАЧЫНАЕЦЦА САПРАЎДНАЕ дзіцячае відовішча. Адно з тых, якімі гэтак славіцца бібліятэка, што працуе дзеля маленькіх жабінкаўцаў. Нават ролю вядучых даверылі сёння школьнікам — Лізе Дулевіч і Даніку Данілюку, і тыя цудоўна справіліся з няпростай задачай.
Між тым на экране — відэавіншаванні, шчырыя пажаданні бібліятэцы-юбілярцы ад самых маленькіх. І, мабыць, найбольш ёмістае прагучала з вуснаў усмешлівай дзяўчынкі: “Няхай у вас будзе шмат дзетак і кніг!”
Канечне, юбілеі можна святкаваць па-рознаму: трубіць ва ўсе фанфары, запускаць у неба феерверкі або ў сяброўскім коле згадаць, як усё пачыналася.
Старт быў дадзены 22 лістапада 1953 года, калі райвыканкам прыняў рашэнне пра адкрыццё ў Жабінцы на вуліцы Кірава, 38 дзіцячай бібліятэкі. Установу, якая шпарка расла, узначаліла Дзіна Мартусава. У канцы 60-х кніжны фонд налічваў ужо больш за 10 тысяч асобнікаў. Наступныя дзесяцігоддзі праходзілі пад знакам цэнтралізацыі бібліятэк, ствараўся зводны каталог, працавалі аматарскае аб’яднанне “Караблік” і “Кніжная бальніца”, у якой дзеці дапамагалі бібліятэкарам “лячыць” любімыя кніжкі. А галоўнае — колькасць маленькіх сяброў-чытачоў перавысіла ўжо тысячу! Напрыканцы веку пры бібліятэцы пачаў дзейнічаць лялечны гурток “Церамок”, які і сёння радуе дзятву і дарослых. Вось і на сённяшнім свяце юныя артысты разыгралі перад гледачамі сваю казку “Чароўная смятана”.
Вельмі важным у гісторыі дзіцячай бібліятэкі стаў 1994 год, калі яна перасялілася на вуліцу Савецкую, 3. Гэты адрас у самым сэрцы Жабінкі цяпер выдатна ведаюць вельмі многія хлопчыкі і дзяўчынкі. За 65 гадоў шмат чаго змянілася. Многія юныя чытачы даўно ўжо сталі бабулямі ды дзядулямі і ўжо сваім унукам дапамагаюць увайсці ў прыцягальны свет кнігі. Нездарма лічыцца, што ў хаце без кніг, як без вокнаў — цёмна. Зусім іншая справа дзіцячая бібліятэка. Гэта дом, дзе заўсёды святло. Тут месца для сяброўскіх, творчых, пазнавальных сустрэч, такіх, як сённяшняе свята.

Развіццё дзеі

А ЯКІ Ж ЮБІЛЕЙ без гасцей? І яны, канечне, завіталі не з пустымі рукамі, знайшлі гожыя словы, каб павіншаваць з прыгожым святам. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк выконвае адразу дзве прыемныя місіі: з ягоных рук калектыў бібліятэкі атрымлівае сертыфікат на набор новай мэблі, а Марыя Лагвіновіч і Наталля Бельская — граматы раённага выканаўчага камітэта. Лістом падзякі ўзнагароджваецца Таццяна Раманава.
Наступнай на сцэну запрашаецца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Вера Бортнік, якая, па словах вядучых, “заўжды дапамагае падтрымліваць святло ад кнігі”. З вялікім задавальненнем Вера Уладзіміраўна ўзнагароджвае супрацоўнікаў бібліятэкі Крысціну Галавейка, Вольгу Гурыш, Таццяну Прадзялюк, Святлану Давідчук. Сёння яны сапраўдныя зоркі, якім у падарунак — песня ў выкананні Кіры Рыкавай.
…А “зоркапад” на сцэне толькі ўзмацняецца. Паколькі многа гадоў добрую, сапраўды дамашнюю атмасферу ў бібліятэцы стваралі і працягваюць ствараць яе супрацоўнікі. Мілыя ўсмешкі і цёплыя апладысменты выклікаюць шаноўныя ветэраны, што пакінулі часцінку сваёй душы ў светлым кніжным доме. Ад іх імя слова трымае Марыя Лагвіновіч, якая больш за чвэрць стагоддзя (паміж 1978 і 2005 гадамі) узначальвала дзіцячую бібліятэку. Сёлета ў жанчыны і асабістае значнае свята — 70 гадоў з дня нараджэння. Яе лёс — жывая гісторыя ўстановы. Заўсёды нястомнай і энергічнай, поўнай ідэй і прапаноў, Марыі Якаўлеўне па сілах аказаліся многія таямніцы бібліятэчнай навукі. Вось і зараз, скарыстаўшыся тым, што ў зале прадстаўнікі ўлады, яна папрасіла дапамагчы, каб у шматлюдным мікрараёне райбальніцы з’явілася годная чытальня. Для пакоя народнага побыту, што ствараецца ў чытальні, былая загадчыца падаравала народны абярэг — саламянага “павучка”.
Вечарына набывае асаблівую святочнасць, калі да мікрафона падыходзіць салістка берасцейскай эстраднай групы “Рэтра” Ганна Місевіч. Яе выступленне “запальвае” залу, якая з задавальненнем падхоплівае песні, прысвечаныя каханню і роднай Беларусі. Дарэчы, рэтра-гурт узначальвае былая супрацоўніца Жабінкаўскай дзіцячай бібліятэкі і дачка першай загадчыцы Дзіны Мартусавай Галіна Шастова.
І гэта далёка не адзіная бібліятэчная дынастыя на Жабінкаўшчыне. Падчас святочнай імпрэзы са словамі віншаванняў звярталася таксама сям’я Данілюк — Ганчар. Іх агульны працоўны бібліятэчны стаж — амаль 80 гадоў! Колішняя дырэктар абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамара Данілюк разам з пранікнёнымі падзячнымі словамі паднесла бібліятэкарам у дар карціну “Дзьмухаўцы”, створаную мастаком Вадзімам Свірыдавым. Са свайго боку, Таццяна Данілюк павіншавала колішніх калег з выдатным юбілеем. Яе дачка Ірына Ганчар прачытала жартоўныя пажаданні ад літаратурных герояў Астапа Бэндэра і д’Артаньяна, Шэрлака Холмса і Шцірліца. А Варвара Ганчар, Ірыніна дачка, на гэтым свяце пераўвасобілася ў гарэзлівую і цікаўную Пэпі Доўгую Панчоху.
Калі дзіцячая бібліятэка — месца для творчых сустрэч, дык рабіць гэта асабліва прыемна з кубачкам гарбаты ў руцэ. Гэтаму, бясспрэчна, дапаможа падарунак, уручаны дырэктарам Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Галінай Дулевіч. Да слова, і яна некалі прыйшла працаваць у той светлы дом, пра які ідзе гаворка. Першай настаўніцай лічыць Марыю Лагвіновіч, а цяпер ужо і сама Галіна Генрыхаўна дзеліцца вопытам з маладымі.
Словы ўдзячнасці ў адрас бібліятэкараў прагучалі і з вуснаў сакратара Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі Сергія Петрусевіча. Ён падзякаваў за супрацоўніцтва, што ўсталявалася паміж царквой і бібліятэкай. Выхоўваючы падрастаючае пакаленне, у сценах чытальні дзейнічае дзіцячы клуб “Крыніца”, пачэснае месца займае кніжны Фонд праваслаўнай літаратуры, з якім ахвотна знаёмяцца юныя жабінкаўцы. Зусім нездарма святар назваў бібліятэкі астраўкамі духоўнасці ў неспакойным моры разнастайнай, часам неправеранай і вельмі шкоднай інфармацыі. Падарункам ад айца Сергія стала “найлепшая, галоўная з кніг — Закон Божы”.

Кульмінацыя

А ЗАРАЗ — ФАНФАРЫ! Час пазнаёміцца непасрэдна з сённяшнім творчым калектывам дзіцячай чытальні.
Ужо пяты год за яе “штурвалам” Крысціна Галавейка (да таго ж яна не толькі “капітан” дзіцячай бібліятэкі, але яшчэ і “памочнік адмірала”, бо з’яўляецца намеснікам дырэктара ўсёй ЦБС).
У бібліятэцы — мора кніг, а таму спатрэбіліся ажно два “лоцманы”. Амаль чвэрць веку дапамагае жабінкаўскім хлопчыкам і дзяўчынкам арыентавацца ў кніжным цуда-акіяне і рабіць самыя першыя крокі ў чытанні Наталля Бельская. Побач з ёю — Таццяна Прадзялюк, якая лёгка знаходзіць агульную мову як з малышамі, так і з падлеткамі, прывіваючы ім сяброўства з харошымі кніжкамі.
Роля “штурмана” — на плячах Вольгі Гурыш, што адказвае за культурна-забаўляльную дзейнасць. Увесь час ёй даводзіцца шукаць усё новыя формы ды методыкі правядзення бібліятэчных мерапрыемстваў.
Ну а “боцманскія” абавязкі, без сумневу, вось ужо дваццаць гадоў выконвае Святлана Давідчук. Менавіта яна сочыць, каб заўсёды былі чысціня і ўтульнасць на бібліятэчным “караблі”, калі на “палубу” ўзнімаецца бравая каманда “юнгаў”-чытачоў.
Сёння яны ў вялікай колькасці завіталі на свята. Дзеці былі не толькі ў зале. Яны панавалі і на сцэне, калі цымбальны ансамбль “Вясёлы настрой” дарыў сваю “Плясавую”, танцавалі і спявалі, чыталі верш Юрыя Энціна “Слова пра слова” і ўдзельнічалі ў вясёлай латарэі. Самых адданых чытачоў знаходзілі заслужаныя ўзнагароды. У іх ліку апынуліся Ангеліна Чарнейка, Варвара Рамашка, Мацвей Ляшчына і сям’я Бакун. Не абмінулі прызы і лепшых “кіраўнікоў дзіцячага чытання” — настаўнікаў пачатковых класаў гарадскіх школ — Алену Дзярдзюк і Святлану Кібінь, Аксану Клундук і Таццяну Каштэлян.
Мудрыя словы вядучых, прамоўленыя напрыканцы, нібыта становяцца сапраўднай развязкай: “Чытач разгортвае кнігу — душа кнігі і душа чалавека зліваюцца ў адну прыгожую душу, поўную прыгажосці і гармоніі. Сведкі гэтага цудоўнага зліцця — бібліятэкары!”
Аднак, як таго патрабуе сюжэтная лінія ўсялякага літаратурнага твора, за развязкай крочыць…

Эпілог

БІБЛІЯТЭКАРЫ НАСАМРЭЧ добрыя памочнікі. Нават словы, што сталі эпіграфам да гэтых нататак, — іх падарунак.
Калі ўсё толькі пачыналася, пры ўваходзе кожны госць атрымаў сцяжочак у выглядзе разгорнутай кнігі з цытатай якога-небудзь пісьменніка. Мне дастаўся Гюго.
Аднак некалі мудры народны герой Хаджа Насрадзін, калі, канечне, верыць кніжкам, прамовіў: “Дзе ўзяў, даражэнькі, там і пакладзі!”
Выконваючы гэтае правіла, разам з бацькам падаравалі бібліятэцы-юбілярцы сталічны зборнік “Цвёрды арэшак” з уласнымі творамі для падлеткаў. І не толькі падаравалі. Але нават “сапсавалі” аўтографамі ды вершам-прысвячэннем Расціслава Бензерука:

Вам шэсцьдзясят плюс пяць?
Не танна!
Але мы з радасцю гаворым:
— Работнікі дзіцячай —
капітаны —
Вядуць свой карабель
у кніжным моры,
Вясёлыя, заўзята-дзелавыя.
Гадоў іх, браце, лепей не лічы:
Яны ж заўсёды маладыя,
Бо маладыя чы-та-чы!!!

Ад сябе ж зусім напрыканцы дадам: свята не толькі адбылося — яно на сто працэнтаў удалося!

Popularity: 1%

Top