Дыягназ — яшчэ не прыгавор

Дыягназ — яшчэ не прыгавор

У наш час вельмі актуальна стаіць праблема, звязаная з анкалагічнымі захворваннямі. Пра метады даследаванняў, накіраваных на ранняе выяўленне анкалогіі, размова з урачом-анколагам раённай бальніцы Аляксандрам Собалевым.

— Аляксандр Андрэевіч, якая сітуацыя ў нашым раёне на сённяшні дзень з анкалагічнымі захворваннямі?
— Варта пачаць з таго, што гэта цэлая група захворванняў. Людзі прывыклі называць гэта адным словам “рак”, але анкалогія і рак не сінонімы. Да злаякасных новаўтварэнняў, акрамя раку, адносяцца саркомы, меланомы і вялікая колькасць іншых захворванняў. У нашым раёне на ўліку ў анкалагічным кабінеце знаходзіцца 614 чалавек. За год выяўляецца больш за сто новых выпадкаў захворванняў, і гэтая лічба пастаянна расце. Напрыклад, за дзесяць месяцаў бягучага года на Жабінкаўшчыне ўпершыню выяўлены 93 новыя выпадкі. Але гэта не значыць, што з’явіліся новыя 93 пацыенты, іх менш, проста бывае так, што ў аднаго чалавека выяўляюць адразу некалькі злаякасных захворванняў.
— Скажыце, калі ласка, злаякасныя паражэнні якіх органаў сустракаюцца часцей?
— За дзевяць месяцаў гэтага года больш за ўсё было зарэгістравана захворванняў малочнай залозы і лёгкіх.
— Як у пацыента выяўляецца анкалогія?
— Улічваючы распаўсюджанасць захворванняў малочнай залозы і лёгкіх, раскажу на прыкладзе гэтых лакалізацый.
У адносінах да малочнай залозы трохі прасцей: гэта візуальная лакалізацыя. Жанчыны часта звяртаюцца пасля таго, калі самастойна выяўляюць нейкія змены ў ёй: ушчыльненні, змены скуры, уцягнутасць саска. З ракам лёгкіх складаней — вельмі часта ніякіх сімптомаў чалавек не адчувае, і пухліна выяўляецца выпадкова, напрыклад, пры развіцці пнеўманіі, якая часта з’яўляецца ўскладненнем анкалагічнага працэсу. Па-іншаму, захворванне выявіць вельмі складана. Флюараграфія, якая праводзіцца, прызначана для выяўлення сухотаў лёгкіх, у адносінах да раку гэта даследаванне малаінфарматыўнае.
— Аляксандр Андрэевіч, раскажыце, якая далейшая тактыка вядзення пацыента пасля выяўлення захворвання?
— Пасля неабходных дадатковых даследаванняў чалавек накіроўваецца ў абласную ўстанову, у нашым выпадку — гэта Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер, дзе праводзіцца спецыяльнае лячэнне.
— Які прагноз для пацыента пасля ўстанаўлення дыягназу злаякаснага захворвання?
— Дадзены дыягназ — не прыгавор. Калі ўтварэнне выяўлена на ранняй стадыі і своечасова праведзена лячэнне, прагноз спрыяльны. Канечне, сустракаецца нямала выпадкаў, калі захворванне выяўляецца на позняй стадыі, аднак дзякуючы сучасным метадам лячэння нават у такіх выпадках маюцца добрыя вынікі.
— Аляксандр Андрэевіч, якім чынам можна выявіць анкалогію на ранніх стадыях?
— Вельмі часта ўсё пачынаецца з нязначных скаргаў. Напрыклад, нефізіялагічныя выдзяленні з прамой кішкі, з палавых органаў у жанчын; з’яўленне новаўтварэнняў на скуры або змяненне тых, якія ўжо ёсць; ушчыльненні ў малочнай залозе, у месцах знаходжання лімфавузлоў. Таксама, калі чалавек худзее без якой-небудзь прычыны, змяняюцца смакавыя перавагі, напрыклад, з’яўляецца агіда да мяса.
Аднак усё вышэйпералічанае — гэта ўжо сімптомы. Ахова здароўя усяго свету імкнецца, каб большая колькасць выпадкаў выяўлялася да праяўлення сімптаматыкі, падчас скрынінгу. У нашай раённай бальніцы прапануецца шмат метадаў даследаванняў, накіраваных на ранняе выяўленне анкалогіі: кроў на ўзровень ПСА — у мужчын, гінекалагічныя агляды з цыталогіяй — у жанчын, правя-дзенне аналізу кала на ўтоеную кроў, каланаскапія, гастраскапія. Таксама ў жанчын ёсць магчымасць прайсці мамаграфію ў Брэсцкім абласным анкалагічным дыспансеры на платнай аснове па накірунку ўчастковага ўрача-тэрапеўта. Мамаграфію варта праходзіць адзін раз у два гады жанчынам ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў.
І, вядома ж, важную ролю ў раннім выяўленні анкалагічнага захворвання адыгрывае штогадовае дыспансернае дынамічнае назіранне насельніцтва, падчас якога магчыма выяўленне зменаў у выніках праведзеных даследаванняў і далейшае даабследаванне.
— Дзякуй за размову.
Інтэрв’ю правяла Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top