На сустрэчы з юнымі чытачамі — пісьменнік і выдавец

На сустрэчы з юнымі чытачамі — пісьменнік і выдавец

На сустрэчу з юнымі чытачамі, вучнямі другіх і трэціх класаў гарадскіх школ, у дзіцячую бібліятэку прыехаў пісьменнік і выдавец Валерый Квілорыя. Ён сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных конкурсаў і аўтар захапляльных апавяданняў і казак для хлопчыкаў і дзяўчынак.
Валерый Тамазавіч правёў ужо звыш сотні творчых вечарын у розных кутках краіны. Дзеці вельмі любяць гэтага пісьменніка, які заварожвае сваімі казкамі. Яго кніжкі напоўнены дабром і нечаканасцямі, што часта здаюцца неверагоднымі.
У Жабінцы Валерый Квілорыя расказаў школьнікам свае творы “13-ый карась”, “Возведённый в степень”, “Бабочка и море” і іншыя. Юныя чытачы слухалі як зачараваныя пра тое, як хлопчык Пецька пасадзіў маленькае дрэва, аднак не паліваў яго, і дрэўца аб’явіла яму вайну (“Неправильное деревце”), як спрачаліся Мароз Іванавіч і Марозка, які жыве ў халадзільніку, як стагадовы Шкап навучыўся гаварыць, змог затрымаць злодзея і здаць яго ў міліцыю (“Господин столетний Шкап”)і многія іншыя.
Сюжэты казак у Квілорыі нараджаюцца нечакана, бывае, нават на сустрэчах падмячае нейкія смешныя сітуацыі, якія становяцца сюжэтамі кніг.
Падчас сустрэчы Валерый Тамазавіч адказаў на пытанні юных чытачоў. Іх цікавіла, калі пісьменнік упершыню ўзяўся за пяро, для якога ўзросту піша і ці можна яму адрасаваць свае казкі. Валерый Квілорыя прапанаваў дзецям набыць кніжкі і запрасіў да супрацоўніцтва.
Хто ведае, мо, пісьменнік са сталіцы зможа запаліць яшчэ не адну літаратурную зорачку з Жабінкаўшчыны?
…Пасля сустрэчы вучні малодшых класаў літаральна змялі з паліц кніжкі, выдадзеныя Валерыем Квілорыяй, і з радасцю ўсім расказвалі, што мелі магчымасць пачуць і пабачыць сапраўднага пісьменніка.
Таццяна РАМАНАВА. 
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top