Гатоўнасць да перамен і здольнасць мяняцца самім — залог поспеху

Гатоўнасць да перамен і здольнасць мяняцца самім — залог поспеху

Такое меркаванне выказаў кіраўнік нашай дзяржавы падчас даклада ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб ацэнцы вынікаў 2018 года і праектах прагнозных дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2019 год.

Пра здольнасць эканомікі адказваць на глабальныя выклікі

Экватар бягучай пяцігодкі пройдзены, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. З аднаго боку, эканоміка расце практычна па ўсіх галінах, ёсць адносная коштавая стабільнасць. Павялічваюцца даходы насельніцтва, па меры магчымасцяў падтрымліваюцца пенсіянеры. «Складваецца прафіцыт па знешнім гандлі, што камусьці здавалася немагчымым яшчэ 10 гадоў таму назад», — дадаў Прэзідэнт.
Аднак пры гэтым ні ў кога не павінна ўзнікаць ілюзіі поспеху, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Добрыя паказчыкі дэманструюць многія краіны рэгіёна. «А значыць, мы толькі своечасова карыстаемся магчымасцямі чарговай хвалі цыклічнага, кан’юнктурнага росту. Але ён, зразумела, не бясконцы, — адзначыў Прэзідэнт. — Шчыра кажучы, вельмі насцярожвае тое, што асноўныя трэнды нашай эканомікі пайшлі апошнім часам уніз і Беларусь зноў уваходзіць у зону развіцця з тэмпамі ніжэйшымі за сярэднесусветныя. Адставаць нам — недапушчальна».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ні эканамічныя, ні сацыяльныя задачы не вырашыць без упэўненага і ў добрым сэнсе агрэсіўнага росту. «Але разглядаць прагнозныя дакументы трэба яшчэ шырэй. Наш дабрабыт залежыць у тым ліку і ад здольнасці эканомікі адказваць на глабальныя выклікі, якіх сёння нямала», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, санкцыйныя рэжымы, геапалітычная нестабільнасць, гандлёвыя войны — гэта ўжо новая «нармальнасць».

Пра кропкі росту і стрымліваючыя фактары

Ацэньваючы сумарны доўг усіх дзяржаў, які перасягнуў палову сусветнага ВУП, Міжнародны валютны фонд прагназуе верагоднасць новага фінансавага крызісу. У сувязі з гэтым Прэзідэнт папрасіў прэм’ер-міністра адказаць на наступныя пытанні: якія пункты росту ўрад бачыць на 2019 год? На чым будзе пабудавана ўстойлівая і канкурэнтаздольная эканоміка з узроўнем ВУП не менш за 100 мільярдаў долараў?
Дарэчы, міжнародныя эксперты і вучоныя лічаць, што патэнцыял, перш за ўсё чалавечы (і гэта галоўнае), у Беларусі ёсць. Калі ёсць людзі, кадры, здольныя рэалізоўваць пастаўленую задачу, значыць, яе рэальна вырашыць. «Аднак захоўваюцца стрымліваючыя фактары, і я не бачу ў прагнозных дакументах дзеянняў для іх ліквідацыі», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Перш за ўсё, растлумачыў ён, размова ідзе аб пытаннях незбалансаванасці бягучага рахунку плацежнага балансу, а таксама аб сур’ёзнай залежнасці экспарту ад аднаго рынку.
На думку кіраўніка дзяржавы, урад спрабуе плаўна абысці і праблему неэфектыўных прадпрыемстваў, якую міністры, ды і губернатары, прывыклі закрываць бюджэтнымі грашыма. Акрамя таго, практычна спынілася работа па стварэнні лепшых умоў для інвестыцый. «Яна патанае ў агульных разважаннях і нейкай бюракратыі, а на практыцы нічога сур’ёзнага не прапанавана», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад Парк высокіх тэхналогій, дзе вывучылі патрэбнасці ІТ-сферы і прапанавалі замацаваць іх заканадаўча. «Чаму ўрад і мясцовая ўлада не могуць зрабіць гэтак жа?» — спытаў ён.

Пра гатоўнасць да арганічных пераўтварэнняў

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гандлёвыя войны і крызіс СГА на фоне палітычнай нявызначанасці ў свеце пазбаўляюць фінансавых інвестараў цікавасці да рызыкі і могуць справакаваць адток капіталу ў так званыя ціхія гавані. У такой нявызначанасці ўраду асабліва важна мець дакладныя планы і яснае разуменне, як і калі краіна выйдзе са стану пікавых выплат па дзяржаўным доўгу, падкрэсліў Прэзідэнт.
«Сёння мы павінны разабрацца, дзе прычыны сістэмнага характару, а дзе размова ідзе проста аб адсутнасці дысцыпліны, а можа, і разумення таго, што трэба рабіць і як. Гатоўнасць да арганічных пераўтварэнняў і здольнасць мяняцца самім — залог поспеху і канкурэнтаздольнасці», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра дзяржбюджэт і абноўлены Падатковы кодэкс

Звяртаючыся да міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, кіраўнік дзяржавы адзначыў: і на былых пасадах работа па бюджэтным планаванні была яго зонай адказнасці. «Таму і спагнанне тут будзе адразу, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Што вы плануеце зрабіць са значным прафіцытам бюджэту на бягучы год?»
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як выкананы патрабаванні па скарачэнні падтрымкі тым прадпрыемствам, кіраўнікі якіх так і не навучыліся працаваць або не хочуць. «Вы яе рэальна скарацілі? Або вырашылі прабачыць даўгі і іх вяртанне нават не ўлічваеце ў даходах бюджэту? — спытаў кіраўнік дзяржавы. — Як павялічана фінансаванне развіцця чалавечага капіталу: здароўе, адукацыя, спорт, культура і гэтак далей?»
Прэзідэнт адзначыў, што шмат пытанняў выклікае абнаўленне Падатковага кодэкса. «Як мне дакладваюць, у вас не атрымалася зрабіць яго зразумелым, без унутраных супярэчнасцей, а галоўнае — камфортным для людзей і бізнесу. Калі гэта так, то не трэба бударажыць грамадства сырымі і непрапрацаванымі дакументамі. Спакойна трэба дапрацаваць, дашліфаваць іх, але строга на тых прынцыпах, як даручана», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Пра стымуляванне эканамічнага росту ў 2019 годзе

У кіраўніцтва Нацыянальнага банка Прэзідэнт пацікавіўся, якія плануецца прымаць меры для стымулявання эканамічнага росту ў 2019 годзе. «Папрашу без агульных і абцякальных фраз, якімі насычаны банкаўскія дакументы. Чым будзеце нівеліраваць знешнія рызыкі і як падтрымліваць нізкую інфляцыю? — спытаў ён. — Асобна спыніцеся на тым, якія бачыце шляхі змянення структуры золатавалютных рэзерваў і павелічэння долі недаўгавых сродкаў».
Прэзідэнт падкрэсліў, што яго здзіўляе перанятая ад папярэдняга складу ўрада беспрынцыповасць у выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы. «Не прайшло і года з моманту маіх заўваг вашым папярэднікам, як па выніках дзевяці месяцаў работы ад новага прэм’ер-міністра атрымліваю пісьмо аналагічнага зместу з просьбай зняць з кантролю амаль паўсотні даручэнняў як выкананыя, хоць да іх выканання далёка», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у той жа час толькі Адміністрацыя Прэзідэнта, Камітэт дзяр-жаўнага кантролю і Дзяржсакратарыят Савета Бяспекі прадставілі шматлікія заўвагі. «Я проста Сяргею Мікалаевічу (прэм’ер-міністр Сяргей Румас. — Заўвага БелТА) раю ўнікаць у тое, што ён часам падпісвае з падачы сваіх падначаленых, таму што пытанне кантролю за выкананнем уласных даручэнняў у мяне наладжана даволі добра», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пра вынікі нарады

На пасяджэнні прэм’ер-міністр Сяргей Румас адзначыў, што ў цэлым эканоміка развіваецца ў рамках зацверджанага на 2018 год прагнозу. Па выніках працы за 10 месяцаў усе сем ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка выкананы. Забяспечваецца гадавы прагноз інтэгральнага паказчыка развіцця эканомікі — ВУП. У межах прагнозу па валавому рэгіянальнаму прадукту знаходзяцца тры рэгіёны — Мінск, Віцебская і Гродзенская вобласці, ніжэй за прагноз, але вышэй за ўзровень мінулага года ідуць астатнія вобласці.
Па выніках года ўрадам прымаюцца меры па захаванні тэмпаў росту ВУП на ўзроўні 103,5 %. Аднак некаторыя вобласці не пацвярджаюць выкананне прагнозу па па валавому рэгіянальнаму прадукту (ВРП). Паводле слоў прэм’ер-міністра, сапраўды, кампенсаваць зніжэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі і нагнаць гэта адставанне няпроста. Сёння сумесна з аблвыканкамамі вядзецца праца над вырашэннем гэтай задачы.
Разам з тым, на думку Сяргея Румаса, найбольш адчувальнымі пытаннямі для насельніцтва застаюцца зарплаты, пенсіі, уласная занятасць, рост коштаў і стабільнасць курсу беларускага рубля.
Прэм’ер падкрэсліў: у цэлым, у чацвёртым квартале мэтавая задача ў 1000 рублёў у краіне будзе забяспечана. У бюджэтнай сферы заробак у кастрычніку павялічыўся да 769 рублёў — гэта 77 % ад сярэдняй зарплаты па краіне. У чацвёртым квартале заработная плата бюджэтнікаў ацэньваецца на ўзроўні 800 рублёў.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Top