З набалелымі пытаннямі на прыём

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

У мінулую пятніцу правёў “прамую тэлефонную лінію”, а затым прыём грамадзян начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Сяргей Федчанка. Разам з ім дапамагалі разбірацца ў праблемных пытаннях, што хвалююць жабінкаўцаў, Дзмітрый Баско, старшыня Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці, і Аляксей Дзмітрук, начальнік упраўлення кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці.
Як і чакалася, на прыём запісаліся тыя жыхары раёна, што не змаглі вырашыць набалелыя праблемы самастойна. Напрыклад, Святлана Стальмакова з аграгарадка Ракітніца заклапочана станам дома, які “точыць” караед, а самастойна адрамантаваць жыллё яна не ў стане. Жанчыне прапанавалі правесці абследаванне дома і атрымаць адпаведнае заключэнне, згодна з якім будзе вырашана, ці магчыма далейшае пражыванне ў доме.
Заклапочана станам свайго жылля і жыхарка вёскі Дзяглі Галіна Мікалайчук. На думку заяўніцы, ёй, як ветэрану працы, дзяржава павінна прадаставіць новае, камфартабельнае жыллё. Яшчэ Галіна Васільеўна заклапочана незаконным, як яна лічыць, звальненнем у 2002 годзе, што паўплывала на працоўны стаж і, адпаведна, на памер пенсіі.
Аляксандр Здольнік з Анатолем Яшчуком прыйшлі на прыём, каб адстойваць інтарэсы цэлага пад’езда дома № 32 па вуліцы Цэнтральнай. У ім летась работнікі мясцовай камунальнай службы зрабілі рамонт, аднак з сумай за гэтую паслугу жыльцы не згодныя — “яўна завышана”.
Андрэя і Святлану Сухаверхіх, жыхароў аграгарадка Ракітніца, прывяла на прыём крыўда. Андрэй Анатольевіч звяртаўся па выдачу тэхнічных умоў на будаўніцтва газаправода ў ВУ “Брэстгаз”, была вызначана кропка падключэння. А размешчаны побач дом, які належыць Кобрынскаму лясгасу, падключылі ад другой кропкі. Чаму і як гэта адбылося?
Ніводнае пытанне заяўнікаў не засталося без увагі прадстаўнікоў кантралюючых органаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда