Як пляменнік цётачку “нагрэў”

Як пляменнік цётачку “нагрэў”

Што мы ўяўляем сабе, калі чуем пра вадагрэйны кацёл ды радыятары? Вядома ж, ацяпленне дома. Пра гэта думала і бабуля Мікалая М., калі купляла новы кацёл “Жытомір-3” са сталі, бо стары ўжо знасіўся, але ўстанавіць не паспела — памерла.
І дом на вуліцы Някрасава ў Жабінцы, і ўсё, што было ў двары, дасталося ў спадчыну дачцэ Ларысе, якая прыходзілася Мікалаю роднай цёткай. Ларыса Іванаўна мела сваё жытло, а таму ў мацярынскі дом наведвалася зрэдку. Устаноўкай катла ёй не было часу займацца.
Гэта вельмі хутка зразумеў пляменнік, якому так не хапала грошай на выпіўку. Таму яшчэ ў 2013 годзе ён прыбраў да рук кацёл і радыятары, але гаспадыня адразу выявіла прапажу, звярнулася ў міліцыю, і Мікалаю прыйшлося вярнуць украдзенае.
Ішоў час. Нікім не запатрабаваныя кацёл ды радыятары ўсё часцей, як не цярпелася выпіць, прыходзілі ў думкі Мікалая. Здаць бы на металалом — меў бы капейчыну, дый не малую! Але як здасі?! Не на плячах жа несці! І тут узнік канкрэтны план.
Найперш Мікалай схадзіў у дом на Някрасава, які, дарэчы, ніколі не замыкаўся. Пераканаўшыся, што ўсё на месцы, зайшоў да Віктара С. і папрасіў таго выпісаць сацыяльнае таксі, каб завезці металалом у нарыхтоўчую кантору на прыёмны пункт, бо ў Мікалая не было пашпарта.
Добры сусед не прымусіў доўга ўпрошваць сябе і ў той жа дзень выпісаў аўтамабіль, а калі той прыбыў, дапамог Мікалаю пагрузіць кацёл ды радыятары (а яны, як высветлілася ў канторы, важылі больш за 300 кг). Разам завезлі на пункт прыёму, дзе металалом быў здадзены на суседава імя.
Атрымаўшы грошы, Віктар адлічыў кошт выпісанай машыны, а астатнія да капейкі аддаў Мікалаю. Той не паскупіўся: купіў і спіртнога, і закускі, і цыгарэт, так што хлопцы добра павесяліліся, дый яшчэ засталося Мікалаю не на адзін дзень пабаляваць.
Як ён і меркаваў, цётка не адразу выявіла прапажу. Прайшло ўжо больш за год, як Ларыса С. наведалася нарэшце ў дом на Някрасава і, не знайшоўшы катла ды радыятараў, пазваніла ў міліцыю. У гэтым выпадку Мікалай ужо не змог вярнуць украдзенае — і сеў на лаву падсудных.
Суд раёна прызнаў яго вінаватым у тайным крадзяжы маёмасці з пранікненнем у жыллё, што падпадала пад частку 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і назначыў пакаранне — адзін год выпраўленчых работ з утрыманнем 10 % заробку на карысць дзяржавы.
Паводле заключэння судова-псіхіятрычнай экспертызы, абвінавачваемы хварэе на хранічны алкагалізм і мае патрэбу ў прымусовым проціалкагольным лячэнні. Суд прымяніў да яго частку 1 артыкула 107 КК, назначыўшы Мікалаю М. лячэнне ад алкаголю па месцы жыхарства.
Злачынства пляменніка нанесла Ларысе С. стратаў 392 рублі: на столькі быў ацэнены кошт васьмі радыятараў і катла. Грошы спагнаны з вінаватага.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Popularity: 1%

Top