«Сладкая» работа и домашние хлопоты Татьяны Дивновой

«Сладкая» работа и домашние хлопоты Татьяны Дивновой

…А вольны час ідзе на сям’ю
Зварыць белы цукар — справа нялёгкая, не хвілінная і нават не гадзінная. А колькі спецыялістаў розных прафесій удзельнічаюць у тэхналагічным працэсе цукраварэння! На даволі складаных участках нароўні з моцнай палавінай нашага грамадства ўмела працуюць жанчыны. Аднак, нягледзячы на прыроджаную сціпласць, на заклапочанасць пра дабрабыт у сям’і, на штодзённыя хваляванні за душэўны стан дзяцей, іх адносіны з сябрамі, поспехі ў вучобе.., яны ўмела і творча спраўляюцца са сваімі прафесійнымі абавязкамі.
Таццяна Аляксандраўна Дзіўнова, менавіта, такая. Упершыню праз заводскую прахадную яна прайшла ў 1996 годзе: пачынаўся чарговы сезон цукраварэння на прадпрыемстве, і ёй прапанавалі працу ва ўпаковачным аддзяленні.  Ужо тады Таццяна была ўпэўнена, што справіцца, не давядзецца чырванець за яе бацькам, якія жывуць у цукразаводскім мікрараёне, і якіх тут многія ведаюць.
За плячамі маладой жанчыны была ўжо паспяховая вучоба ў Беларускім тэхналагічным інстытуце, на руках дыплом і сыночак Арцёмка, а побач — муж Анатоль Ільіч, які падтрымае, калі ўзнікнуць непрадбачлівыя цяжкасці. Дый Таццяна сама ўмее пераадольваць любыя перашкоды, быць сумленнай і шчырай з сябрамі, калегамі, няўрымслівай руплівіцай, калі гэтага патрабуе жыццё і ўскладзеныя абавязкі. Дарэчы, добрыя яе чалавечыя і прафесійныя рысы заўважылі ў калектыве цукравараў і прапанавалі працу больш цікавую і адказную. Прайшла стажыроўку на прадпрыемстве і перайшла на ўчастак, дзе непасрэдна сочаць за варкай белых крышталікаў. Таццяна Аляксандраўна больш дзесятка гадоў адпрацавала аператарам кіравання цукровай вытворчасцю.
— Тут, вядома, было цікавей, чым на ўпакоўцы прадукцыі, — расказвала жанчына. — Любая інфармацыя аб тым, як праходзіць тэхналагічны працэс “збягалася” на шчыт завода. Нясвоечасовае і няўмелае вырашэнне праблемы магло прывесці да збояў, парушэння вытворчага рытму ў заводзе. Прыемна, што такога не адбылося падчас маёй працы там.
Цукровы завод для Таццяна Аляксандраўны, з упэўненасцю можна сказаць, стаў родным. Менавіта прадпрыемства дапамагло маладой сям’і пабудаваць трохпакаёвую кааператыўную кватэру. Яна пакрысе забывае аб прафесіі, якую атрымала ў інстытуце — інжынер лясной і лесапаркавай гаспадаркі. У маладосці дзяўчына марыла пра вялікі горад, у якім многа паркаў, дзе адпачываюць дзеці і дарослыя, педагогі і артысты, урачы і літаратары… Кожны з іх, адпачываючы, павінен адчуваць асалоду, узбагачацца тым, што наўкол. Аднак мара стаць дызайнерам эстэтычнай прыгажосці не збылася, а сама Таццяна Дзіўнова зразумела, што любая праца ў радасць, калі яна прыносіць карысць людзям. Да таго яна не толькі ўмелая працаўніца, але й актыўная ў грамадскім жыцці цукравараў. Як сябра камітэта прафсаюза дбае пра актыўны адпачынак завадчан, асабліва маладых, пра ўмовы працы і яе ахову, пра аздараўленне працаўнікоў і іх дзяцей… Летась, напрыклад, на заводзе аздаравілася 25 працуючых і іх дзяцей. Сёлета пуцёўку ў санаторый “Нёман” атрымаў яе меншы сын Дзіма, у якога выявілі дактары адхіленні ў здароўі.
— Я яшчэ садружынніцай з’яўляюся, — гаварыла Таццяна. — Кожны год каманда садружынніц завода ўдзельнічае ў раённым аглядзе-конкурсе. Першае, другое месцы заваёўваем. Выязджалі ў вобласць, выступалі няблага, хоць гэтая справа трымаецца на энтузіязме нашых дзяўчат і загадчыцы цуразаводскага ФАПа, Валянціны Еўтуховіч. Што нам гэта дае? Кожная з нас павышае светапогляды ў медыцыне, можа аказаць першую медыцынскую дапамогу, напрыклад, таму, у каго пералом канечнасці, ці абільнае кровацячэнне… А самае галоўнае — знаходзім новых сяброў.
Цяпер Таццяна Дзіўнова асвойвае новую для сябе спецыяльнасць. У верасні мінулага года перайшла на працу ў калектыў цеплаэлектрацэнтралі. Яна апаратчыца хіманалізу. Асноўнае: не дапусціць у паравыя катлы жарсткаватай вады, якая выкарыстоўваецца на вытворчыя патрэбы з Мухаўца.
— Калі атрымала прапанову на новую працу, — гаворыць Таццяна, — падумалася, а чаму б не паспрабаваць, у змены не буду хадзіць. Дзеці любяць, калі я дома вечарамі. Падвучылася ў Брэсце і з галавой у справу.
Калі запыталася ў жанчыны-працаўніцы наконт вольнага часу, яна усміхнулася і заўважыла: “Увесь вольны час ідзе на сям’ю. Трое мужчын у хаце. У мужа служба ў аддзеле Дэпартамента аховы, Арцёмка — студэнт Брэсцкага тэхналагічнага ўніверсітэта, Дзімка — шасцікласнік, акрамя вучобы захапляецца каратэ. Па магчымасці дапамагаюць у хатніх справах. Як любая маці і жонка стараюся, каб у сям’і былі шчырасць, паразуменне, любоў і добрыя мары. Толькі тады будзе панаваць згода між бацькамі і дзецьмі.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top