Галоўная тэма — здаровы лад жыцця

Галоўная тэма — здаровы лад жыцця

Святлана БЯЛЯК.

У Жабінкаўскім райвыканкаме пад старшынствам намесніка кіраўніка раёна Алы Ануфрыюк адбылося чарговае пасяджэнне раённага міжведамаснага каардынацыйнага Савета па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця.
Першым выступіў галоўны спецыяліст райвыканкама Валерый Ігнатчык. Ён паведаміў, як на Жабінкаўшчыне арганізавана фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа сярод насельніцтва.
— Штогод складаецца каляндарны план фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў, — уводзіў у курс справы Валерый Аркадз’евіч. — Асноўная база для гэтага — спартыўны комплекс “Ба-дзёрасць”, загружанасць якога з кожным годам расце (2016 г. — 68,5 %, 2017 г. — 90,1 %, першае паўгоддзе 2018 г. — 88 %). Тут ладзяцца шматлікія раённыя спаборніцтвы, у секцыях па плаванні, валейболе, лёгкай атлетыцы і боксе адточваюць сваё майстэрства навучэнцы спартшколы алімпійскага рэзерву.
Таксама на базе “Бадзёрасці” функцыянуе пракат спартыўнага інвентару (асабліва запатрабаваны зімою лыжы). Дарэчы, тут існуе сістэма зніжак для некаторай катэгорыі наведвальнікаў.
Каб фарміраваць у юнага пакалення станоўчыя адносіны да здаровага ладу жыцця, нямала мерапрыемстваў рыхтуе Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма. Так, у клубах горада і раёна ла-дзяцца інфармацыйныя гадзіны, круглыя сталы, інтэлектуальныя гульні, прафілактычныя гутаркі, а таксама ўрокі здароўя, выставы плакатаў, брашур, малюнкаў, гутаркі з медработнікамі і ўчастковымі інспектарамі і г. д.
На добрым узроўні арганізавана фізкультурна-аздараўленчая работа на цукровым і камбікормавым заводах, дзе прадугледжаны штатныя адзінкі інструктара па фізічнай культуры і спорце, праводзяцца штогадовыя спартакіяды сярод структурных падраздзяленняў, турыстычныя злёты.
Як адзначыў Валерый Ігнатчык, бавіць вольны час з карысцю для здароўя могуць і самыя маленькія жыхары Жабінкі — на дзіцячых гульнёвых пляцоўках.
Затым слова ўзяў урач-эпідэміёлаг райЦГЭ Уладзімір Лапус. Ён расказаў, што на Жабінкаўшчыне сёлета зарэгістраваны чатыры выпадкі ВІЧ-інфекцыі — адзін звязаны з ін’екцыйным увядзеннем наркотыкаў, яшчэ ў трох інфіцыраванне адбылося падчас сексуальных кантактаў за межамі нашай краіны (працоўныя мігранты).
Хваробу лепей папярэдзіць, чым лячыць, лічыць Уладзімір Ханонавіч, таму праграмамі па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі на рабочых месцах сёлета ахоплена 14 прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў (а гэта 618 чалавек пры плане 600) падчас 27 сустрэч і семінараў. Таксама даведацца аб эпідэміялагічнай сітуацыі па ВІЧ-інфекцыі на Жабінкаўшчыне можна на сайце райвыканкама.
Інфармацыя аб прафілактыцы ВІЧ/СНІД размяшчалася ў квітках па аплаце жыллёва-камунальных паслуг.
У той жа час, на думку Уладзіміра Лапуса, варта актыўней праводзіць скрынінг насельніцтва, асабліва тых, хто вярнуўся з заробкаў з суседніх краін ці атрымлівае від на жыхарства, а сельвыканкамам і РАУС прадастаўляць у раённую бальніцу і райЦГЭ спіс працоўных мігрантаў для ўліку і абследвання на ВІЧ-інфекцыі і інш. Выступоўца таксама прапанаваў устанавіць у мікрараёне цукровага завода білборд па разглядаемай тэме.
Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Аляксандр Еўтуховіч, у сваю чаргу, расказаў, якая работа вядзецца па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі ў іх працоўным калектыве.
— Да нас прыязджалі спецыялісты райЦГЭ, праводзілі сустрэчы з работнікамі, уводзілі цукравараў у курс справы аб гэтай хваробе, — гаварыў Аляксандр Васільевіч. — Чыталіся лекцыі па здаровым ладзе жыцця, па прафілактыцы ВІЧ у быце, вывешваліся санбюлетэні, плакаты і г.д. У такім русле работа вядзецца і далей, толькі асобна вылучылася прафілактыка ВІЧ-інфекцыі на працоўным месцы. З гэтай мэтай на прадпрыемстве была зацверджана Палітыка ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” па супрацьдзеянні распаўсюджання ВІЧ-інфекцыі. Якія задачы ставіць перад сабой названая палітыка? Яна павысіць узровень інфармаванасці работнікаў па гэтай тэме, дасць ім навыкі і мадэль паводзінаў, што зніжаюць рызыку заражэння ВІЧ, прадухіліць уплыў інфекцыі на вытворчую дзейнасць, створыць бяспечнае працоўнае асяроддзе, якое выключае стыгматызацыю і дыскрымінацыю, забяспечыць выкананне заканадаўства Беларусі па пытаннях ВІЧ-інфекцыі.
Члены каардынацыйнага савета па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця высока ацанілі палітыку, распрацаваную на цукровым заво-дзе і прапанавалі скарыстаць гэты вопыт на іншых прадпрыемствах: чым больш інфармацыі і ведаў пра хваробу — тым лягчэй з ёй змагацца.

Popularity: 1%