«Зялёнае святло» на 35-м кіламетры

«Зялёнае святло» на 35-м кіламетры

Завяршаецца капітальны рамонт участка трасы М1/Е30 каля вёскі Федзькавічы. Работы даручана весці ДЭУ-25 — філіял РУП “Брэстаўтадар”.
У гэтыя дні тут у вялікай колькасці сканцэнтравана будаўнічая і дарожная тэхніка. З абодвух бакоў трасы пракладзена новая бетаніраваная дарога-з’езд для цяжкавагавых машын. Паралельна прыводзіцца ў парадак 4-палосная праезная частка асноўнай дарогі. Яна заасфальтавана, засталося толькі пачысціць дарожнае пакрыццё і нанесці разметку. Адначасова рабочыя ўкладваюць бардзюры, падсыпаюць грунт для азелянення. Працягваецца і рамонт будынкаў, дзе размяшчаюцца супрацоўнікі ДАІ, транспартнай інспекцыі, цэнтра відэафіксацыі. У звычайным рэжыме хутка будзе працаваць і аўтазапраўка з усім наборам сэрвісу.
— Капітальны рамонт на аб’екце “Аўтамабільная дарога М1/Е30…34,6 — 35,6 км” мы пачалі ў ліпені, — расказвае начальнік упраўлення вытворчасці работ РУП “Брэстаўтадар” Вячаслаў Карнялюк. — Ён уключае рамонт асноўнага ўчастка (400 м дарогі) і з’езды з пунктаў вагагабарытнага кантролю, а таксама замену камунікацый і апор асвятлення, добраўпарадкаванне. Усяго на гэтыя мэты выдаткоўваецца каля 2 млн рублёў.
Капітальны рамонт невялікага ўчастка міжнароднага транспартнага калідора дадасць вадзіцелям зручнасцей, а самой дарозе — эстэтыкі. Інтэнсіўнасць руху на М1 у параўнанні з іншымі дарогамі самая высокая: на асобных участках яна дасягае 10 тысяч аўтамабіляў у суткі. А ля Федзькавічаў вадзіцелям да гэтага часу даводзіцца прытарможваць. Хуткаснаму руху доўгі час заміналі будкі (пункты збору платы за праезд па дарозе). Яны сталі “лішнімі” пасля таго, як з 2013 года ў Беларусі ўвялі ў камерцыйную эксплуатацыю электронную сістэму збору платы за праезд BellToll. І толькі ў гэтым годзе, нарэшце, Міністэрства транспарту і камунікацый уключыла ў праграму фінансавання капітальны рамонт гэтага ўчастка “шашы № 1”, як называюць трасу М1. Пасля завяршэння работ тут не застанецца лішніх перашкод і вадзіцелі змогуць развіваць звычайную для населеных пунктаў хуткасць.
У Федзькавічах, як і раней, будзе праводзіцца кантроль за захаваннем патрабаванняў з боку ўладальнікаў цяжкавагавых аўтамабіляў. Як паказвае практыка, практычна кожны чацвёрты транспартны сродак з правераных спецыялістамі аддзела вагагабарытнага кантролю і КП-ПВГК “Федзькавічы” (філіяла транспартнай інспекцыі па Брэсцкай вобласці) дапускае тое ці іншае парушэнне. Гэта і адсутнасць спецыяльнага дазволу, і парушэнне вадзіцелямі рэжыму працы і адпачынку. Штрафаў за год набягае на мільёны рублёў.
Час здачы аб’екта ў эксплуатацыю — снежань гэтага года.
Антаніна ХАКІМАВА.
Фота аўтара.

Popularity: 1%