Імем Касцюшкі паяднаныя

Імем Касцюшкі паяднаныя

Гэта стала традыцыяй: штогод у апошні зімні месяц сустракаць гасцей з Польшчы ля бюста Тадэвушу Касцюшкі ў Малых Сяхновічах. Сёлета на Жабінкаўшчыне ладзіўся ўжо васямнаццаты Дзень Касцюшкі. Надзвычай важна: ні снегавей, ні адліга, ні сённяшні злы мароз ніколі не станавіліся перашкодай для цёплых сяброўскіх сустрэч.
4 лютага жабінкаўцы зноў віталі гасцей з замежжа, што прыехалі, каб аддаць даніну павагі слыннаму нараджэнцу нашай зямлі Тадэвушу Касцюшку-Сяхновіцкаму.


У складзе дэлегацыі сябры Варшаўскага і Брэсцкага фондаў Касцюшкі, якія ўзначальваюць доктар Марэк Кшэсняк і кандыдат гістарычных навук Леанід Несцярчук. Вучоныя і выкладчыкі навучальных устаноў Польшчы прывезлі з сабою не толькі кветкі, але й вялікае спадзяванне, што годная справа адраджэння Касцюшкавай спадчыны і надалей будзе знаходзіць усё новых прыхільнікаў. Сярод іх — доктар філалогіі Марцін Задэк з Германіі, які завітаў на імпрэзу.
З прывітальнай прамовай да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Токар, выказаў упэўненасць, што сяброўства народаў краін-суседак мацнее з году ў год.
Для гэтага зроблена ўжо нямала, як лічыць кіраўнік раёна, яшчэ больш трэба зрабіць. У колішнім маёнтку Касцюшкаў-Сяхновіцкіх дзевяць месяцаў таму адчыніўся Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей, які займае годнае месца на шляху падарожных, што жадаюць далучыцца да гістарычнай і культурнай спадчыны жабінкаўскага краю.
…Да бюста Касцюшкі ўскладаюцца кветкі. Гэта таксама традыцыя: памяць пра “Героя двух кантынентаў” заўжды ўпрыгожана жывымі краскамі — удзячным дарункам ад нашчадкаў. Дарэчы, сёлета помнік — “юбіляр”. Створаны восемдзесят гадоў таму мясцовай мастачкай і скульптарам Бальбінай Відацкай-Свіціч (1901-1972), ён доўгі час стаяў у цэнтры Кобрына. Цяпер — амаль чвэрць стагоддзя — на малой радзіме героя.
Сёння расчыненыя дзверы музея вабяць наведвальнікаў, нараджаючы іх цікавасць да мінулага. Дырэктар установы Сяргей Дзямідаў з задавальненнем правёў гасцей паўз музейныя залы, распавядаючы пра этнаграфічныя асаблівасці Жабінкаўшчыны, пра лёс Тадэвуша Касцюшкі, ягоны славуты род, ваенны і мірны час гэтай зямлі.
Музейныя фонды папоўніліся новымі падарункамі ад сяброў. Доктар Марэк Кшэсняк падзякаваў прадстаўнікоў грамадскасці, мясцовыя ўлады за шчырую прыхільсць да роднай спадчыны.

Наступным аб’ектам наведвання стала вёска Чыжэўшчына — гістарычныя Крупчыцы, месца вядомай бітвы часоў Касцюшкаўскага паўстання.
Ад імя жабінкаўцаў карзіну з кветкамі да мемарыяльнай Крупчыцкай капліцы ўсклалі намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк і старшыня Ленінскага сельвыканкама Юрый Кадоліч.
У час добразычлівай сустрэчы гучала спадзяванне на новыя спатканні на землях, асвечаных баявымі справамі Касцюшкі: пад Варшавай і Жабінкай — на месцах вялікіх баёў славутага і трагічнага 1794 года.
Анатоль Бензярук.
На здымках: новы экспанат музея — гармата, зробленая паводле ўзора зброі Касцюшкавых часоў; сустрэча варшавян і жабінкаўцаў у Малых Сяхновічах; ускладанне кветак да Крупчыцкай капліцы.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. …адкрыты музей 4-й катэгорыі (раённы)……хіба гэта ёсьць так ужо добра? Там экспазіцыі пра ВОВ больш месца аддадзена, чым Касцюшку.Побач падмуркі сядўзібы, зарослыя крапівай і палыном…а гэта яшчэ горш. Малачарню я\кая цэлая яшчэ пакуль хоць бы паднавілі як частку сядзібы. Шыльда ў Сяхновічах на ферму БРС лепш аформленая, чым да музея. Бюст НЕ стаяў у цэнтры Кобрына, — ляжаў у каморы з адбітым носам гадоў з дваццаць.

    Але тут пра гэта хоць пішуць

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top