Ступені росту Маргарыты Гацкевіч

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Сёлета Маргарыта Гацкевіч (на здымку) адзначыла свой першы працоўны юбілей: мінула роўна дзесяць гадоў з таго памятнага дня, калі яна ўладкавалася ў суд нашага раёна. Пра тое, якія ступенькі прафесійнага ды ўвогуле жыццёвага росту давялося прайсці сакратару судовага пасяджэння за гэты час, наш сённяшні расказ.
СЯРОД ШМАТЛІКІХ судовых спраў, якія чакаюць вырашэння і належнага афармлення, ды сучаснай аргтэхнікі, патрэбнай для працы, на стале ў Маргарыты Гаўрыілаўны знайшлося месца і для маленькай фігуркі ўсмешлівага анёльчыка.
— Гэта падарунак ад калег на мой дзень нараджэння, — патлумачыла гаспадыня.
Мабыць, менавіта ў такім вобразе ўяўляецца ім гэтая прыгожая маладая жанчына, заўсёды ветлівая і тактоўная, гатовая з ахвотай падзяліцца з суразмоўцам сваёй пяшчотнай, крыху сарамлівай усмешкаю.
Дарэчы, літаральна два словы пра дзень нараджэння. Так супала, што ён заўсёды святочны не толькі ў Маргарыцінай сям’і. Без усялякага перабольшвання — яго адзначае ўся краіна. Паколькі прыпадае на галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці Беларусі.
— Гэтая шчаслівая падзея, — жартаўліва распавядае наша гераіня, — адбылася на Жабінкаўшчыне, у вёсцы Падлессе.
Тое, што падзея шчаслівая, ні ў якім разе не сумняваемся. Асабліва для яе бацькоў — Ларысы Георгіеўны і Гаўрыіла Сямёнавіча Марынічаў. Відаць, таму і “ўзнагародзілі” дачку гожым “кветкавым” імем, якое ёй гэтак пасуе.
У пачатковых класах Маргарыта вучылася ў роднай вёсцы, дзе самыя першыя школьныя навукі выкладала маці-настаўніца. Далейшую адукацыю працягвала ў Хмелеўскай адзінаццацігодцы. Пасля дзявятага класа самастойна вырашыла пайсці вучыцца на юрыста ў тэхнікум бізнесу і права, што месціцца ў горадзе над Бугам. Добра займалася па прадметах, актыўна ўдзельнічала і ў грамадскім жыцці навучальнай установы, у якой нярэдка ладзіліся турпаходы, спаборніцтвы паміж групамі, мастацкія выступленні. Тут, дарэчы, і спатрэбіліся ўменні, атрыманыя ў музычнай школе. Што акрамя дыплома сталасці даў дзяўчыне тэхнікум? Без перабольшвання ён стаў той першай прыступкай росту, што вядзе пакрысе ў дарослае жыццё, у прафесію, якую называе любімай.
Наступныя ўпэўненыя крокі былі зроблены ў 2008-м. Так склалася, што іх было адразу некалькі. 5 жніўня Маргарыта Марыніч упершыню пераступіла парог Жабінкаўскага суда, з якім вось ужо дзесяць гадоў звязвае свой прафесійны лёс. Адначасова здала іспыты і стала студэнткаю юрыдычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Гэткім чынам пачала паспяхова спалучаць практыку з тэорыяй, якую выкладалі педагогі-правазнаўцы. У выніку, як прыйшоў час, выдатна пацвердзіла на выпускных экзаменах свае глыбокія веды ў юрыспрудэнцыі, атрымаўшы дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Аднак вернемся зноў у памятны, насычаны падзеямі 2008 год. У верасні Маргарыта Гаўрыілаўна стала сакратаром судовага пасяджэння. Гэту пасаду займае і па сённяшні дзень. У яе абавязкі ўваходзіць цэлы шэраг адказных спраў, звязаных з падрыхтоўкаю працэсаў па крымінальных і адміністрацыйных справах. Непасрэдна падчас самога судовага пасяджэння сакратар фіксуе тое, што адбываецца, пазней рыхтуе пратакол, у якім паслядоўна адлюстроўваецца ўвесь працэс.
— Погляд на прафесію, якой сябе прысвяціла, за гады стаў больш узважаным, — дзеліцца Маргарыта Гаўрыілаўна. — Служыць закону — гэта важны абавязак, які патрабуе не толькі глыбокіх прафесійных ведаў, але й разумення прыроды чалавечых адносінаў і ўчынкаў. А яны, на жаль, не заўсёды бываюць станоўчымі, і тады толькі суд здольны высветліць ісціну, скрупулёзна разабраць справу, каб пакараць нарэшце тых, хто пераступае мяжу дазволенага, і вынесці справядлівы вердыкт на карысць пакрыўджанага.
Акрамя прафесійных, у жыцці даводзіцца ўздымацца і па асабістых, сямейных ступенях. Для Маргарыты гэта важная падзея — стварэнне ўласнай сям’і — адбылася 8 кастрычніка 2011 года ў Жабінкаўскім загсе. Свайго будучага мужа Мікалая Віктаравіча ведала яшчэ са школьнай пары, калі дзецьмі хадзілі ў Хмелеўскую СШ. Час мінуў, і адчулі адзін у адным роднасныя душы, стварыўшы дружную сям’ю, дзе бацькам на радасць гадуецца маленькая Маша. Яна прыйшла на свет у 2014 годзе, напярэдадні Дабравешчання, таму і імя атрымала адпаведнае — Марыя.
— Знешне на тату падобная, — зноў міжволі ўсміхаецца свайму анёльчыку Маргарыта Гацкевіч. — Таму ўсе і кажуць: шчаслівай будзе! Хай ужо збудзецца…
Ёсць у яе пажаданні і ў адрас тых, з кім аднойчы на гады звязала праца. Нездарма адчувае, што суд стаў сапраўдным другім домам, дзе пануюць не толькі прафесійныя, але і сяброўскія ўзаемаадносіны. Інакш і не можа быць, бо з самага першага дня і дасюль адчувае жанчына вялікую дапамогу з боку старшыні суда Віктара Новіка, суддзяў Людмілы Рубашэўскай і Дзмітрыя Куроўскага, вядучага спецыяліста Анжалікі Яскавец. Яны найперш спрыялі таму прафесійнаму росту, пра які ідзе гаворка. А як не згадаць сваю непасрэдную калегу — сакратара судовага пасяджэння Вольгу Паўлаву. Паміж сакратарамі ніколі не ўзнікае лішніх пытанняў, заўсёды існуе паразуменне, калі патрабуецца, прысутнічае і ўзаемазамяняльнасць. Яны шчыльна супрацоўнічаюць таксама з канцылярыяй, якую ўзначальвае Святлана Казей. На думку суразмоўцы, калектыў надзвычай дружны, у ім заўсёды пануюць узаемапавага і таварыскія адносіны.
Напярэдадні прафесійнага свята, якое адзначаецца ў нядзелю, Маргарыта Гацкевіч папрасіла выказаць праз газету свае віншаванні:
— Жадаю ўсім найперш здароўя, паразумення ў сем’ях. Паколькі наша праца — не з лёгкіх, часам даводзіцца і затрымлівацца на ёй. Таму надзвычай важна, калі пад дахам роднага дома цябе чакаюць добрыя, прыветныя, сапраўды блізкія людзі. Няхай збываюцца вашы мары і не існуе ў жыцці невырашальных праблем!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда