Хто ў цераме жыве?

Хто ў цераме жыве?

Штодня, калі даводзіцца ехаць цераз Пшанаі, міжволі абавязкова заглядваюся на гэты невялічкі домік з чырвонай цэглы. Арыгінальны будынак, а яшчэ большую прыгажосць яму надае фігурная разьба на ліштве і прычэлінах фасада даху. Сапраўдны казачны церамок атрымаўся. Жывуць у ім Таццяна і Алег Чыжы з дзеткамі Верачкай, Ванечкам і Надзейкай.
Праўда, дзесяць гадоў таму, калі гаспадар купляў гэтую хату, яна нічым не адрознівалася ад суседніх. Як напамін цяпер — фота ў рамцы, зробленае ў той час. Брастаўчанін Алег марыў тады пра сваё жытло ў вёсцы, каб уладкоўваць яго на свой лад і густ. Яго выбранніца Таццяна, вясковая дзяўчына з Лунінеччыны, не была супраць. І калі маладыя ў 2009 годзе ажаніліся і засяліліся ў дом, тут ужо была падведзена вада, зроблена каналізацыя, усё аднаўлялася і ўдасканальвалася.
— Мы крыху не такія, як усе, — з усмешкай гаворыць Таццяна Іванаўна, — большасць людзей ухваляюць сучасны дызайн, а ў нас вясковы каларыт.
— Згадзіцеся, шклопакеты, напрыклад, робяць вокны ў вясковым доме стандартнымі, звычайнымі, — уключаецца ў размову Алег Васільевіч. — Рэдка ўбачыш зараз упрыгожаныя разьбой карнізы, аканіцы, ліштву… А між іншым нашы продкі наносілі на вокны і дзверы спецыяльныя ўзоры — ахоўнікі, каб нячыстая сіла не магла трапіць у жытло. Тыя ж карані і ў вышыванак. На рукавах, каўнярах, грудзях кашуль сяляне з дапамогай іголкі і нітак вышывалі ўзоры, якія, як яны лічылі, засцерагалі ад сурокаў, а таксама ўказвалі на род чалавека, з якой ён мясцовасці.
Мне цікава адшукваць у інтэрнэце ці ў кнігах інфармацыю пра даўніну, пра тое, як жылі нашы продкі, пра славянскія традыцыі. Дарэчы, з задавальненнем слухаю перадачу “Беларуская этнаграфія”. Напэўна, я адчуў нейкую генетычную неабходнасць зрабіць прыгожы сялянскі домік, праявіць пры гэтым сваю творчасць і ўменне. Вось і ўзяў у рукі звычайны электралобзік і захапіўся старадаўнім народным рамяством — праразной разьбой. Штодзень працаваў у майстэрні гадзіну-паўтары і выпілоўваў на фанеры ўзор за ўзорам…
Так “чало” церамка маладых гаспадароў зайграла новымі фарбамі, а пасаджаныя ружы перад уваходам не толькі ярка цвілі, але напаўнялі наваколле непаўторным водарам. Словам, як яны і хацелі, дом паступова набываў святочны выгляд. З цягам часу ў яго архітэктуру прыйшлося ўносіць некаторыя карэктывы — дабудоўваць другі паверх, бо сям’я расла. Аднак гэта ніколькі не паўплывала на эстэтычны выгляд будынка.
Па-сур’ёзнаму абжываюцца ў вёсцы Таццяна Іванаўна і Алег Васільевіч. З’явіліся ў іх і гаспадарчыя аб’екты: гараж, майстэрня, трусятнік, цяпліца. Ну, а як жа без дзіцячай пляцоўкі? Яна таксама выдатнай атрымалася: пясочніца, арэлі, горка. Хапае месца ўсім траім дзеткам Чыжоў. Любяць яны тут пабавіцца. Але ў старэйшых — васьмігадовай Веры і шасцігадовага Ванюшы яшчэ шмат спраў: і ўрокі павучыць, і музыкай пазаймацца (яны хо-дзяць у музычную школу), і гурток малявання наведаць у цэнтры пазашкольнай работы. Таццяна Іванаўна паказвае малюнкі дачкі. У педагога Алены Мікалаеўны Філіповіч дзяўчынка з задавальненнем трэці год вучыцца маляваць, і яе работы выстаўляліся сярод лепшых. Бацька не хавае сваёй гордасці за дачушку і дадае, што стараецца далучыць дзетак да творчасці, да народных вытокаў. “Сам, — смяецца, — не так даўно “авалодаў” гармонікам і стаў вясковым гарманістам”.
Не магла не запытацца ў Таццяны і Алега пра бліжэйшыя планы. Яны заўважылі, што ў Пшанаях паспяхова звілі сямейнае гняздзечка, прывыклі да гэтай вёскі і яе жыхароў. Свой падворак і далей будуць уладкоўваць. Тут з’явіцца альтанка, абавязкова ўпрыгожаная праразной разьбой, каб стварала адзіны ансамбль з домам. А з боку фасада гаспадар задумаў з керамічнай пліткі выкласці беларускі арнамент. Ужо намечана, дзе будзе сажалка, зарыбленая карпамі. Растуць саджанцы кедраў, засталося толькі пачакаць два дзясяткі гадоў, каб паласавацца іх арэшкамі…
Гляджу на сваіх сураз-моўцаў і думаю: “Вось так упэўнена і мэтанакіравана трэба распачынаць любую справу, няхай сабе і новую, не зусім вядомую. І не пасаваць перад цяжкасцямі, якія абавязкова будуць. А яшчэ важна вучыць гэтаму сваіх дзяцей, з маленства”.
На здымках: дом Таццяны і Алега Чыжоў як казачны церамок; самая маленькая — трохгадовая Надзейка — разам з бацькамі на дзіцячай пляцоўцы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top