Дзмітрый САЛЕЙ. “Мой участак у самым цэнтры”

Дзмітрый САЛЕЙ. “Мой участак у самым цэнтры”

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

17 лістапада споўнілася 95 гадоў з часу ўтварэння службы ўчастковых інспектараў міліцыі. Адзін з тых, для каго гэтае свята ўспрымаецца як асабістае, старшы лейтэнант міліцыі Дзмітрый Салей. Нягледзячы на малады ўзрост (Дзмітрыю Анатольевічу ўсяго дваццаць шэсць), па водгуках кіраўніцтва Жабінкаўскага РАУС, ён на добрым рахунку, у ліку лепшых у сваёй справе, мае вопыт і загартоўку, патрэбныя для гэтай адказнай і вельмі няпростай прафесіі.

СЯРОД ПРАВААХОЎНІКАЎ участковыя інспектары, бадай, найбольш блізкія да простых грамадзян. Працуючы непасрэдна на “зямлі”, яны без перабольшвання штодня сутыкаюцца з чалавечымі праблемамі.
З дзяцінства ў пакалення, што нарадзілася і жыло ў савецкія часы, уяўленне пра станоўчы вобраз участковага інспектара склалася на падставе займальных і жыццярадасных кніг. З аднаго боку, гэта стары, вопытны Аніскін, а з другога — малады, заўжды паспяховы дзядзя Сцёпа. Наш суразмоўца пакуль і знешне (усё ж мае рост пад два метры!), і па характары бліжэй да міхалкоўскага героя.
Акрэсліваючы кола сваіх абавязкаў, Дзмітрый Салей найперш адзначыў, што ягоны ўчастак займае самы цэнтр Жабінкі. Сюды ўваходзіць частка мікрараёна райбальніцы, абмежаваная вуліцай Цэнтральнай, першая гарадская школа, галоўная плошча, парк, так званая Жабіначка. Каб жабінкаўцы жылі ў спакоі, а ў родным горадзе панаваў парадак, і выходзіць на працу ўчастковы інспектар.
Дзмітрый крыху спыніўся на сваёй сям’і, расказаў і пра тое, як прыйшоў на службу ў міліцыю.
— Нас у таты Анатоля Яўгенавіча і мамы Анжалікі Міхайлаўны чацвёра сыноў. Я звычайна жартую: сапраўднае 4D! — прамаўляе з усмешкаю суразмоўца. — Усіх бацькі назвалі на адну літару. Акрамя мяне, яшчэ гадуюцца блізняты Дзяніс і Данілка ды наймалодшы Давід. Меншыя браты зараз вучацца ў Якаўчыцкай школе.
Гэтую навучальную ўстанову ў 2009 годзе закончыў і сам Дзмітрый. Адразу паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на сацыяльна-педагагічны факультэт і атрымаў настаўніцкую спецыяльнасць. Першым месцам працы ў 2014-м стаў фізкультурна-аздараўляльны комплекс “Бадзёрасць”, дзе ўладкаваўся інструктарам-метадыстам па плаванні.
Дарэчы, са спортам пачаў сябраваць яшчэ з дзяцінства. І зараз, калі выдаецца вольная хвіліна, Дзмітрый Салей не супраць паўдзельнічаць у футбольным матчы, выступаючы на спартыўных спаборніцтвах за родны райаддзел унутраных спраў.
Трапіў на мілі-цэйскую службу ён невыпадкова. Выбар аказаўся свядомы. Паколькі яшчэ са школьнай пары меў мару аднойчы апрануць форму абаронцы правапарадку. Памкненні юнака ўхваліў і пэўным чынам накіраваў у патрэбнае рэчышча тагачасны намеснік начальніка РАУС Алег Смаршчок. У размове Алег Анатольевіч запэўніў хлопца, што мара можа здзейсніцца, калі гэтага вельмі жадаеш. Тым больш і фізічная падрыхтоўка, і стан здароўя дазвалялі спа-дзявацца, што ўсё будзе як належна.
Гэткім чынам тры гады таму Дзмітрыя Салея накіравалі ў сталіцу для праходжання курсаў па першапачатковай падрыхтоўцы, дзе юнак атрымаў першае спецыяльнае званне — прапаршчыка міліцыі. З восенні 2015 года ён займае пасаду ўчасковага інспектара, тады ж першыя афіцэрскія зоркі ўпрыгожылі пагоны маладога супрацоўніка праваахоўных органаў. А сёлетняй вясной Дзмітрый Анатольевіч прымераў ужо кіцель з пагонамі старшага лейтэнанта.
За гэты непрацяглы час набыў патрэбны вопыт, неабходны для працы з насельніцтвам. Сапраўды, дзень пры дні ўчастковаму даводзіцца быць у цэнтры людскіх спраў. Каб пазбегнуць сур’ёзных парушэнняў закона, праводзіцца прафілактычная работа. Для гэтага Салей наведвае грамадзян, што знаходзяцца ў небяспечным стане, злоўжываюць спіртнымі напоямі. На кантролі ўчастковага інспектара і сем’і, дзе, на жаль, узнікаюць побытавыя канфлікты, а таму найперш дзеці жывуць у небяспечным стане. Скажаце, руціна? Але ж наколькі прыемна бывае, калі чуеш словы ўдзячнасці за працу, адчуваеш сваю неабходнасць.
Пра тое гаворыць і намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Яўген Самускевіч, характарызуючы падначаленага.
— Ён чалавек адказны, цярплівы, а гэта вельмі важна, калі ўвесь час даводзіцца ўнікаць у адносіны паміж людзьмі. Дзмітрый Салей з той катэгорыі праваахоўнікаў, што не баяцца працы. Ніколі не перакладвае яе на плечы іншых. За тое неаднаразова заахвочваўся. Кіраўніцтвам райаддзела ўнутраных спраў былі заўважаны ягоныя чалавечыя, службовыя якасці. Таму Дзмітрый Анатольевіч уключаны ў рэзерв кіруючых кадраў на пасаду начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі. На адміністрацыйным участку яго паважаюць людзі, добрыя таварыскія адносіны мае з калегамі. Адным словам, гэта чалавек, у якім цалкам можна быць упэўненым, даверыцца яму ў складанай сітуацыі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Top