Каб здаровым быць, трэба спорт любіць

Каб здаровым быць, трэба спорт любіць

На мінулым тыдні ў дзіцячым са-дзе № 1 Жабінкі цікава і незвычайна прайшоў Дзень здароўя “Каб здаровым быць, трэба спорт любіць”.
Раніца для хлопчыкаў і дзяўчынак пачалася з вясёлай зарадкі, падчас якой карапузы пераадольвалі паласу перашкод. Затым у госці да самых маленькіх выхаванцаў зазірнула доктар Вітамінкіна. З госцяй гарэзы павесяліліся, паўдзельнічалі ў рухомых гульнях, адгадалі загадкі пра здароўе, паглядзелі мультфільм “Смяшарыкі. Азбука здароўя. Распарадак дня”.
Старэйшыя дзеці ўзяліся за алоўкі, і на аркушах паперы з’явіліся малюнкі на тэму “Відаў спорту многа ёсць…” Здорава, што 4-5-гадовая малеча ведае шмат відаў спорту, а яшчэ спартыўную атрыбутыку.
Затым цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак запрасілі ў музычную залу, дзе іх ужо чакала юная спартыўная зорачка — 12-гадовая Кацярына Рапека. Дзяўчынка некалі наведвала гэты дзіцячы сад, таму з задавальненнем сустрэлася са знаёмымі выхавальнікамі. Дарэчы, менавіта ў гэтым садзіку адбыліся яе першыя крокі ў вялікі спорт. Кацярына расказала, што першай настаўніцай, якая вучыла яе плаваць, была Таццяна Зарбаілава. Потым бацькі прапанавалі ёй дадатковыя заняткі ў басейне “Бадзёрасці”. Хутка дзяўчынка зразумела, што плаванне перарасло з простага захаплення ў спартыўныя дасягненні і вырашыла заняцца ім усур’ёз. Цяпер яна вучыцца ў Брэсцкай школе алімпійскага рэзерву і прысвячае трэніроўкам па 5,5-6 гадзін (!)
у дзень. А яшчэ ўрокі трэба падрыхтаваць, кніжку пачытаць хочацца, англійскую мову “падцягнуць”…
Юная спартсменка паказала выхаванцам першага ясляў-сада свае ўзнагароды —
цэлы куфэрак дыпломаў і медалёў. Малышы ўзяліся іх падлічваць, ды пасля 35 медаля збіліся… Таксама Кацярына прадэманстравала прыстасаванні для плавання, дала магчымасць дзеткам прымераць яе “шчаслівыя” ласты, шапачку і акуляры. Малеча была ў захапленні ад расповеду госці і яе ўзнагарод. Некаторыя малышы пахваліліся, што таксама плаваюць у басейне і мараць стаць алімпійскімі чэмпіёнамі. Праўда, яны яшчэ не ведаюць, якой працай, мазалямі і цярпеннем спартсмены дабіваюцца высокіх вынікаў…
У другой палове дня дашкаляты паспаборнічалі ў эстафеце ў спартыўнай зале. Дзеці бегалі, скакалі на мячах, “бралі” бар’еры —
дэманстравалі спрыт, лоўкасць, знаходлівасць, узаемавыручку, за што і былі ўзнагароджаны медалямі “За здаровы лад жыцця”.
Спадарожнікамі ўсіх мера-прыемстваў, што праводзіліся ў межах Дня здароўя ў яслях-садзе № 1, былі зарад бадзёрасці, добры настрой, весялосць, саперніцкі дух.
Вольга БЫКАВА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top