Запас трываласці

Запас трываласці

Калі чалавек шмат гадоў працуе на прадпрыемстве або ў арганізацыі, дык яны робяцца для яго другім домам, дзе ўсё знаёмае і звыклае. Штодзённыя справы радуюць, а вопыт дапамагае паспяхова вырашаць вытворчыя задачы.
У Міхаіла Пятровіча Вавіна, шафёра СВК “Маціевічы”, — толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы адносна месца працы: калгас імя Куйбышава ды вось сённяшні сельгасвытворчы кааператыў. Як прыйшоў сюды сорак гадоў назад, так і застаўся верным аднойчы зробленаму выбару.
Родам Міхаіл Пятровіч з вёскі Семенаўцы, ёсць такая ў нашым раёне. Бацькі яго сяляне: Пётр Фёдаравіч — палявод, Марыя Ільінічна — даглядчыца жывёлы. У сям’і чацвёра дзяцей, усе вучыліся ў колішняй Сяхновіцкай базавай школе. Пасля заканчэння васьмігодкі Міхаіл сярэднюю адукацыю атрымаў у вячэрняй школе. Потым была вучоба ў школе ДТСААФ, у Высокаўскім СПТВ-27.
У лютым 1972 года Міхаіла Вавіна прынялі на работу трактарыстам у калгас імя Куйбышава. Далі яму маленькі бескабінны Т-25, потым амаль такі ж Т-16. Спраўляўся, балазе паважаў і слухаўся свайго настаўніка Аляксандра Каленікавіча Батулю, брыгадзіра трактарнай брыгады. Гэта быў надзейны майстар-дарадца, які да маладога механізатара ставіўся па-бацькоўску. На зыходзе чэрвеня 1975-га Міхаіл быў пераведзены на работу шафёрам. Гэта ён успрыняў як “павышэнне”. Любіў аўтамабіль, марыў пра яго.
Міхаіл Вавін заўсёды вызначаўся працавітасцю, нязменным пачуццём адказнасці. Ён здаўна кіруецца прынцыпам: узнікла праблема — вырашай нястомна, да таго часу, пакуль яе не вычарпаеш. Такі падыход да справы дазваляў яму дабівацца немалых поспехаў. Міхаіл Пятровіч неаднаразова выходзіў пераможцам у спаборніцтве на ўборцы ўраджаю, узнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі як перадавы камбайнер у сваёй гаспадарцы.
Ён чалавек даўно сямейны. У іх з Марыяй Вікенцьеўнай двое цудоўных дзяцей. І што цікава. Сын Юрый пайшоў бацькавым шляхам — ён трактарыст ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дачка Ірына асвоіла матчыну прафесію гандлёвага работніка — загадвае магазінам №15 у мікрараёне райцэнтра. Выхаваннем нашчадкаў муж і жонка займаліся сумесна, гарманічна спалучалі любоў і строгасць. Праўда, у Міхаіла заўсёды было многа работы, ён праводзіў з сям’ёй не так шмат часу, як хацеў бы. Гарачая пара ў механізатара, лічы, круглы год, а яшчэ трэба думаць і пра жыллё, і пра падворак. Дарэчы, маладыя год жылі ў ягоных бацькоў, затым пабудавалі свой дом у Курпічах. І ўсё ж гаспадар выкройваў час для дзяцей. З сынам абавязкова трэба было пагуляць у машынкі, з дачкою — пачытаць кніжку, памаляваць. А калі Юра падрос, дык пачаў нярэдка прасіць бацьку: “Правязі мяне на трактары!”. Гэта былі хвіліны шчасця для хлапчука. Вось тады, няйнакш, нарадзілася ў яго мара стаць трактарыстам, як бацька. І як дзядзька Коля, бацькаў родны брат, які таксама працаваў механізатарам.
У жыцці Міхаіл Вавін ва ўсім разлічвае перш за ўсё на самога сябе, гэтаму і сына вучыў. Кепскі настрой у Вавіна-старэйшага бывае хвілін пяць, не больш, ён хутка адыходзіць. За тры з паловаю дзясяткаў гадоў сумеснага жыцця Марыя Вікенцьеўна і Міхаіл Пятровіч не стаміліся адно ад аднаго, ім заўсёды ёсць пра што пагутарыць. Не было выпадку, каб сцяна маўчання адгароджвала іх. Цесна звязваюць іх цяпер і ўнукі: васьмікласніца Юля, двухгадовы Дзіма і нават, а мо і ў першую чаргу, трохмесячны Вадзім.
А што з прафесійнай і службовай “лесвіцай” нашага героя? З 1 чэрвеня 1999 года Міхаіл Вавін быў пераведзены на пасаду брыгадзіра трактарна-паляводчай брыгады, а з пачатку 2008-га — начальнікам участка “Маціевічы”. Нярэдка яму даводзілася ўставаць у чатыры раніцы, а дадому вяртацца апоўначы. Ён заўсёды рабіў уражанне кемлівага і разважлівага, упэўненага ў сабе чалавека, які любіць сваю работу і не баіцца, калі яе многа. За выдатную працу ў СВК “Маціевічы” ягонай сям’і далі ў аграгарадку “прэзідэнцкі” домік. Не зусім дасканалы на той дзень і не зусім пад густ гаспадара. Ён не мала чаго сам дабудоўваў і перабудоўваў: хлеў, гараж, склеп… У Вавіных цяпер багаты і дагледжаны агарод. У гаспадарцы — куры, свінні. А яшчэ на сядзібе — сялянская павозка (калёсы), кветнік, сажалачка, фігуркі птушак і інш. Летась на свяце вёскі Маціевічы іх двор, а таксама двор сяброў-суседзяў Рыгора Фёдаравіча і Галіны Мікалаеўны Кабасяў, былі прызнаны найлепшымі. Гаспадары сядзібаў атрымалі каштоўныя падарункі.
… Сорак гадоў Міхаіл Пятровіч Вавін уранку кіруецца ў машынна-трактарны парк. На нейкі час затрымліваецца на падворку, каб агледзець на ўсялякі выпадак сваю гаспадарку, прыкінуць, дзе што трэба падправіць, прыбіць, падфарбаваць. Так ён адносіцца і да сельгаскааператыўнай тэхнікі. На жаль, абавязкі яго з красавіка мінулага года звузіліся: ён папрасіўся зноў на шафёрскую працу, саступіў дарогу маладзейшым. Але як вопытны механізатар і былы спецыяліст сярэдняга звяна, па-ранейшаму не адмаўляе нікому ў сяброўскай парадзе і дапамозе. З вышыні сваіх у вечным клопаце гадоў разважае: “У вёсцы нельга быць лайдаком. Ды і наогул, чалавек, па сутнасці, нараджаецца для працы. І жыве ў ёй увесь свой век, пакуль не вычарпае рэсурсу…”
Міхаіл Пятровіч увішна залазіць у кабіну грузавіка, заводзіць матор і ўпэўнена вырульвае з мехдвара. Ягоны трывалы рэсурс яшчэ далёка не вычарпаны.
Лідзія БАРАДЗІНА.
На здымку: шафёр СВК “Маціевічы” Міхаіл Пятровіч Вавін.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top