Дапамогу акажуць кваліфікаваныя юрысты

Дапамогу акажуць кваліфікаваныя юрысты

Анатоль РОСТАЎ.

Пра гэта ведаюць многія, хто ўжо паспеў скарыстацца паслугамі правазнаўцаў з Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У чацвер, 25 кастрычніка, у чарговы раз ва ўсіх раённых і абласных цэнтрах краіны юрысты ФПБ правялі бясплатныя кансультацыі для грамадзян. Не стала, вядома, выключэннем у гэты дзень і Жабінка.
Увогуле, па прававую дапамогу па пытаннях, звязаных з абаронай працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў грамадзян, у названы дзень звярнуліся на Брэстчыне 66 чалавек. Агульна паступіла 72 пытанні, дзясятак з іх узяты на кантроль супрацоўнікамі пракуратуры. У нашым раёне таксама склалася практыка добрых узаемадзеянняў паміж прафсаюзнымі і пракурорскімі работнікамі, што спрыяе вырашэнню многіх праблем, якія хвалююць жабінкаўцаў.
Заўважым, выязныя прыёмы прававыя інспектары ФПБ практыкуюць з сакавіка 2015 года. Як правіла, кансультацыі адбываюцца менавіта кожны апошні чацвер месяца. З лістапада 2017-га ў шэрагу рэгіёнаў на сустрэчах з людзьмі да прафсаюзных юрыстаў далучаюцца супрацоўнікі пракуратуры. Сёлета за першае паўгоддзе было праведзена 389 сумесных прыёмаў. Прыярытэтнымі накірункамі супрацоўніцтва ведамстваў сталі выкананне наймальнікамі гарантый у галіне працы, парадку і тэрмінаў выплаты заробку, а таксама ўсіх сум, што належаць работніку пры звальненні.
Акрамя такой формы дзейнасці, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўвесь час ладзіць юрыдычныя кансультацыі грамадзян. Звярнуцца можна па тэлефоне, прыйсці на асабісты прыём або пакінуць пісьмовы ці электронны зварот.
У выніку на карысць працаўнікоў сёлета было вырашана 58 спраў у судовых інстанцыях, дзе інтарэсы грамадзян прадстаўлялі прафсаюзныя прававыя інспектары працы. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў адноўлены на працы 39 чалавек, вернута нявыплачаных альбо незаконна спагнаных грашовых сродкаў у суме больш за два мільёны рублёў.
Да слова, зусім нядаўна на інтэрнэт-партале ФПБ 1PROF.BY стартаваў новы сервіс, на якім прадстаўлены прафсаюзныя юрысты па ўсіх рэгіёнах і галінах. Для звароту дастаткова ўказаць свой раён і сферу дзейнасці, а праграма прапануе карыстальніку прававых інспектараў, якія здольныя найбольш эфектыўна дапамагчы. Гэткім чынам сябрам прафсаюза стане яшчэ прасцей атрымаць параду ад кваліфікаванага юрыста.
У час прыёму, які ладзіўся 25 кастрычніка ў філіяле “Жабінкаўскі райпаліўзбыт” Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне ЖКГ” вялі прыём грамадзян галоўны прававы інспектар працы Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Валянціна Хроль і намеснік пракурора Жабінкаўскага раёна Алена Сідарук. Сумесна Валянціна Іванаўна і Алена Міхайлаўна дапамагалі грамадзянам разабрацца ў праблемных пытаннях, што тычацца нормаў закадаўства, рэгулюючых сферу працоўных узаемаадносінаў і звязаных з імі правапарушэнняў.
Як засведчыла старшыння раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, усяго ў 2018 годзе на Жабінкаўшчыне ўжо праведзена сем прыёмаў. Ва ўсіх удзельнічала намеснік пракурора раёна. За гэты час па дапамогу да правазнаўцаў звярнуліся 34 чалавекі, было зададзена 42 пытанні, па кожным атрыманы вычарпальныя юрыдычныя кансультацыі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*