Незвычайная лаўка для чытання

Незвычайная лаўка для чытання

Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

У мінулым годзе на міжрэгіянальным этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі” быў адзначаны сацыякультурны праект юных жабінкаўцаў. Юнакі і дзяўчаты прапанавалі ўсталяваць у Жабінцы нестандартныя лаўкі, прысвечаныя літаратурнаму багаццю нашага народа. Нядаўна такая з фігурай бусла з’явілася насупраць раённай дзіцячай бібліятэкі.

Варта заўважыць, што аб’ект не толькі ўпрыгожыў горад, але і стаў карыснай знаходкай у развіцці чытацкай культуры. У кнізе, якую беражліва ў сваіх крылах трымае бусел, можна прачытаць урывак з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. На другой яе старонцы размешчаны імёны аўтараў гэтага карыснага праекта. Ініцыятарамі сталі педагогі Людміла Прановіч і Алена Дамасевіч разам са сваімі вучнямі Вольгай Цупай і Мікітам Карабанам, Лізаветай Папко і Раманам Алехнікам, Вольгай Грыцук ды іншымі. Спонсарам выступіў ААТ “Сталічны праспект”, а рэалізаваць ідэю дапамаглі Дзяніс Гардзееў, Мікалай Барашкаў і Ірына Сацюк пры падтрымцы кіраўніцтва раёна. Устанаўлівалі незвычайную лаўку работнікі ЖКГ.
Цуда-лаўка зацікавіла спяшаючыхся з бібліятэкі чацвёртакласніц Кацярынку Селях, Маргарытку Міранюк і Машаньку Амельянчук (на здымку). Сяброўкі вельмі любяць чытаць, таму часта наведваюцца ва ўстанову. Першым і самым любімым творам Каці стала казка пра Хому і Сусліка. Зараз яна захапляецца прыгодніцкай літаратурай, а яшчэ паважае творы любімага пісьменніка Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Гэтага аўтара любіць і сяброўка Маша. Асабліва падабаецца дзяўчынцы “Казка пра цара Салтана”. Маргарыта ж з задавальненнем перачытвае знакамітую гісторыю пра Гары Потэра і яго сяброў, прыдуманую пісьменніцай Джоан Роўлінг. Любяць чацвёртакласніцы і казкі розных беларускіх аўтараў. Дзяўчынкі захапляюцца таксама плаваннем, музыкай і маляваннем, якое дазваляе перанесці на паперу свае яркія ўражанні пасля прачытанага.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*