Родная сядзіба — гэта цэлы свет

Родная сядзіба — гэта цэлы свет

Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзяды, трэба.
Вось у чарговы раз работнікі Ленiнскага сельскага Дома культуры запрасiлi ў свой невялiчкi, але вельмi ўтульны пакой этнаграфіі i быту выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага сада аграгарадка Ленiнскi разам з выхавацелькай Інай Ноур i яе памочніцай Алай Авiцюк.
Сустрэла маленькіх наведвальнікаў нашай установы кіраўнік аматарскага аб’яднання Тамара Клiмук. Гэта таленавітая, добразычлівая жанчына — майстар сваёй справы, любая рэч у яе “залатых” руках ператвараецца ў сапраўдны цуд. На яе занятках дзеці вучацца вышываць, ткаць, вязаць…
Працягвала размову з дзецьмі гаспадыня, а яны ў сваю чаргу з захапленнем слухалi яе цiкавы расказ. Але як жа ў чароўнай хатцы без казачнага персанажу? I вось тут з’явiўся гаспадар хаткi — Дамавы. Дзецi спачатку разгубiлiся i з асцярогай сачылi за iм. А Дамавы тым часам пачаў гутарку аб сваiм любiмым месцы ў хатцы — сялянскай печы. Яна займала важнае і пачэснае месца. Абагравала хату, у печы варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Да печы адносіліся як да жывой істоты. Забаранялася ўжываць “у яе прысутнасці” грубыя, або непрыстойныя словы. “Няможна гэта казаць, бо печ у хаце”, “Сказаў бы, дык печ пачуе”, — так гаварылі нашы дзяды і прадзеды. Дзеці так захапіліся гутаркай, што самi не заўважылі, як пачалi весцi дыялог з Дамавым. А гаспадар хаткi, у сваю чаргу, падзялiуся з iмi сваёй парадай: “Патрэбна для Дамавога, каб ён быў сябрам у хаце, час ад часу гатаваць пачастунак: мiсачку з вадой i крупой”. Шмат сакрэтаў адкрыў Дамавы дзецям — i так ад гэтага расхваляваўся, што хуценька паспяшыў схавацца. А гаспадыня з маленькiмi наведвальнiкамi працягвала размову пра рэчы, якiя ўжо “прыжылiся” ў “музеi”: качаргу, вілы, чапялу, хлебную лапату, прас, збаны, калыску, калаўрот, ткацкi станок, ручнiкi, посцiлкi, адзенне i шмат iншае.
У канцы экскурсу нечакана зноў з’явiўся Дамавы, але ўжо не з пустымi рукамi. Ён пачаставаў прысутных смачнымi, духмянымi блiночкамi. Дзецi вельмi узрадвалiся сюрпызу i з задавальненнем падсiлкавалiся. Пасля смачнай трапезы гаспадар хаткi запрасiў хлопчыкаў i дзяўчынак у яшчэ адзiн цiкавы пакой. У iм вядучая i кiраўнiк гуртка школы дзiцячай народнай творчасцi Тамара Клімук пазнаёмiла ўдзельнiкаў мерапрыемства з работамi вучняў школы i прапанавана гульнёвую праграму па казках. Вядучая раскрыла дзецям сакрэт пра ўсiм знаёмага казачнага персанажа — курачку Рабу: “Усiм вядома, што курачка знесла не проста яечка, а залатое, якое хутка разбiлася. Але не ўсiм вядома, што курачка Раба знесла яшчэ адно яечка — незвычайнае. У гэтым чароўным падарунку ад курачкi знаходзiлася запiска-загадка з зашыфраваным заданнем “Зрабi падарунак сваiмi рукамi”. Быў прапанаваны для ўсiх майстар-клас, пад час якога былi зроблены падарункi. А тэматыку параiў Дамавы вельмi захапляльную — “пшанiчнае поле”. У сюжэце адлюстравалася прыгажосць роднай беларускай зямлi: пшанiчныя каласкi з васiлькамi. Свае цудоўныя вырабы дзецi атрымалi на памяць.
Колькi яшчэ цiкавых заняткаў чакае маленькiх творцаў наперадзе! Гарант таму — бязмежныя i рознакаляровыя, як вясёлка, фантазii калектыву работнiкаў Ленiнскага сельскага Дома культуры. Прыязджайце і прыходзьце да нас у госцi, калi ласка, мы будзем вас чакаць з мiнулым, на якое не магчыма забыцца ў будучым.
Не здарма iснуе такая легенда. Чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы ад хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек не стрымаў слова і азірнуўся… Дык як жа не азірнешся, калі родная сядзіба — гэта цэлы свет!
Валянціна Хмарук, дырэктар Ленінскага СДК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*