Неўтаймаваны Яўген

У верасні тройчы работнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь складалі пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць Яўгена І. з Мацеевічаў. Па-першае, ён любіць ноччу, як людзі спяць, што-небудзь украсці. Напрыклад, падняўшы ахоўны ралет, Яўгенавы заграбушчыя рукі забралі з летняга кафэ “Ветрык” 450 рублёў, якія належалі Аляксею Ф., а таксама грошы ды матэрыяльныя каштоўнасці, якія належалі Брэсцкай міжраённай гандлёвай базе.
Другім разам, узяўшы ў напарнікі аднавяскоўца Арцёма Р., за адну ноч няўрымслівы Яўген вывез з вытворчага цэха па вырабе бетонных рэчаў 20 мяшкоў цэменту. Тым самым зламыснікі нанеслі індывідуальнаму прадпрымальніку Дзмітрыю З. стратаў на суму 120 рублёў.
Яшчэ 23 лютага гэтага года суд Жабінкаўскага раёна вынес Яўгену І. пакаранне ў выглядзе 240 гадзін грамадскіх работ. Асуджаны быў азнаёмлены з парадкам і ўмовамі адбыцця пакарання, як і быў папярэджаны аб крымінальнай адказнасці за нявыхад без уважлівых прычын на працу.
Нягледзячы на гэта, Яўген нярэдка дапускаў прагулы, таму 2 чэрвеня быў афіцыйна папярэджаны. Але й пасля гэтага неаднойчы прагульваў рабочыя дні, хоць важкіх прычын для таго ў яго не было. А значыць, парушаў частку 1 артыкула 24 і частку 2 артыкула 25 Крымінальна-выканаўчага кодэкса. Калі да гэтага дадаць ягоныя крадзяжы, якія падпадаюць пад часткі 1 і 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, дык вінаватага чакае вельмі строгае пакаранне. Ці не пара ўжо задумацца табе над сваімі паводзінамі, Яўген?..

Усё, што дрэнна ляжыць,
з невядомым “збяжыць”

Шэраг крадзяжоў быў здзейснены не ўстаноўленымі пакуль асобамі. Вось некалькі яскравых прыкладаў.
З дваровай тэрыторыі дома № 1 садовага таварыства “Радужное 777” у вёсцы Пятровічы раптоўна зніклі 37 абразных і неабразных дошак, чым нанесена стратаў гаспадыні на суму звыш 250 рублёў.
Жыхарка Жабінкі Таццяна А. дабіралася дамоў у чацвёртым вагоне цягніка Брэст-Баранавічы. Варта было жанчыне на некаторы час пакінуць без нагляду планшэт Digma, як аднекуль вынырнуў загадкавы зладзюжка і прыбраў да сваіх рук чужую маёмасць.
Бывае, невядомы не грэбуе ўкрасці нават сярод белага дня. Так адбылося 11 верасня ў райцэнтры, дзе з лесвічнай клеткі першага паверха дома № 101 на вуліцы Кірава ў адзін момант зніклі горны веласіпед “Орtіmа” і веласіпедны замок, якія належалі Наталлі Б., “пакараўшы” такім чынам гаспадыню на 515 рублёў.
Па ўсіх трох выпадках узбуджаны справы па частцы 1 артыкула 205 КК. Хочацца верыць, што вышуку ўдасца раскрыць, хто браў удзел у кожным крадзяжы, і вінаватыя панясуць заслужанае пакаранне.

Калі вядзецца прэвентыўны нагляд

Аляксандр Ш. у 2004 годзе быў пазбаўлены волі на восем гадоў, а сёлета 17 мая судом раёна за Аляксандрам на 6 месяцаў быў устаноўлены прэвентыўны (папераджальны) нагляд, які накладвае на паводзіны чалавека шэраг абмежаванняў.
Напрыклад, ён абавязвае асуджанага паведамляць у органы ўнутраных спраў аб перамене месца працы або жыхарства, выязджаць за межы раёна (горада) толькі з іх дазволу. Акрамя таго, кожны панядзелак наведвацца ў міліцыю для рэгістрацыі.
Чалавеку, над якім устаноўлены такі нагляд, забараняецца наведваць месцы, дзе дазволена ўжыванне спіртных напояў (рэстараны, бары, кафэ і г.д.), а таксама пакідаць месца жыхарства з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы.
Аляксандр, на жаль, неаднойчы парушаў пастанову аб прэвентыўным наглядзе і двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Згодна з часткай 1 артыкула 24.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, гэты грамадзянін падвяргаўся арышту на 5 і 15 сутак.
Тым не менш, і пасля прынятых мер ён дапускае невыкананне ўскладзеных на яго судом абмежаванняў і ягоныя паводзіны падпадаюць пад артыкул 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік райаддзела міліцыі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*