Зямля ў мяне адна!

Зямля ў мяне адна!

Яшчэ ў самым пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў акравершы “Прызнанне” я напісаў:

Радзіма — дзіўны край, прыветны і гасцінны, —
Адорвала цяплом, каб рос, мужнеў хлапец.
Савінец, Лександра, і Лонкі, і Гасцінец —
Ці ж проста для мяне знаёмыя мясціны
І любыя таму, што побач Стрыганец?..
Хаця на тую пару частачку Стрыганца ў 18 хат, дзе мне выпала нарадзіцца, аддзялілі ад асноўнай вёскі (дамы стаялі крыху ўбаку ад дарогі і некаторыя ўжо пуставалі) і перайменавалі ў хутар Стрыганецкія Бусні.
Ад старых людзей я ведаў, як у гэтых мясцінах з’явілася паселішча, і знаходзіў, што новая назва нават лепей падыходзіла, чым проста Стрыганец, бо выхадцы былі з вёскі Бусні, што за дзясятак кіламетраў адсюль. Першыя, часовыя, збудаванні з’явіліся яшчэ ў 1901 годзе, калі буснёўцы купілі гэту зямлю, як нейкі паніч з-пад Варшавы прайграў яе ў карты, заклаў у Зямельны банк. Не адыграўшыся, пакінуў банку права распараджацца, як пажадае, а сам з’ехаў у свой маёнтак. У банку сталі выдаваць пад невысокія працэнты пазыку на куплю зямлі.
У Буснях, пачуўшы, што ёсць магчымасць набыць сабе зямлю, каб не гібець на сваіх вузкіх палосках, узялі грошы ў банку — і сталі стрыганчукамі. У вёсцы поруч аказаліся па некалькі надзелаў Дубінаў, Андраюкоў, Пратасюкоў і г.д. Яны не проста мелі аднолькавыя прозвішчы, а даводзіліся адзін аднаму блізкімі родзічамі. Хаця тую пазыку давялося выплачваць доўга, нават яшчэ за польскім часам.
Мы нарадзіліся на гэтай зямлі і з малаком маці ўбіралі родныя найменні: ад самых блізкіх — такіх, як балота Савінец і Выган — і да аддаленага Гасцінца. Гэта была шырокая, заўсёды падсыпаная белым пяском дарога, што злучала вёску Задзерць са Старым Сялом. Мы з маці і братам Паўлам хадзілі за Гасцінец у грыбы і ніколі не вярталіся з пустымі кошыкамі.
Чаму наша балота звалі Савінец, ці вадзіліся там калі-небудзь совы, ніхто сказаць не мог. А можа, калісьці яно належала нейкаму Саве?.. Расказвалі, што ў 20-я гады пан Курэк прапаноўваў мясцовым мужыкам прадаць альбо абмяняць балота на лепшую панскую зямлю: пан збіраўся тут вырошчваць рыбу і качак. Яму адмовілі, бо не захацелі, каб ля акон шумела хвалямі возера, якое хацеў выкапаць Курэк. Затое ў 50-я гады з лёгкай рукі Марка Дубіны стрыганчукі сталі дружна здабываць торф. Яго было нямнога, залягаў неглыбока, так што праз некалькі год яго выкапалі і спалілі ў печах.
Хаця вельмі цьмяна, але згадваецца дакалгасны Выган. Значна пазней, як мы былі пастушкамі, часам сустракаліся дубовыя калкі, па-гаспадарску загнаныя ў зямлю, на якіх матляліся абрыўкі калючага дроту, бо раней кожны адгароджваў сваю зямлю, на якой пасвіў кароў і авечак. Цяпер жа бесперашкодна мы пасвілі жывёлу на ўсім Выгане і нават заганялі ў бліжэйшы лясок Асіна, што раней належаў мужыкам з суседняй вёскі Амялінкі.
У тым ляску асін было не болей, чым бяроз, дубоў ды вольхі. Калі ж стварылі калгас і зямля была абагулена, лес у разуменні мужыкоў стаў нічыйным, і не злічыць, колькі яны спілавалі і вывезлі на пабудовы дубоў і бяроз! Пазней, як сталі акультурваць Выган і засяваць адборнай травой, частка Асіны была знішчана.
Дарогу, што злучала Стрыганец з Амялінкай, звалі Глінай. Сапраўды, глеба была цяжкая, гліністая. Мой дзед Юстын Пратасюк, калі трэба было пахваліцца, якога дужага каня ён здаў у калгас, расказваў, як яго конь выцягнуў легкавушку, што загразла на дарозе.
Адразу за Выганам пачынаюцца палі. Па адзін бок Гліны — урочышча Гара, па другі — Лександра. Гара — значыць, высокае месца. Праўда, пасярэдзіне — упадзіна, дзе раслі дубкі, бярозкі ды лаза, дык меліяратары вырвалі дрэўцы, праклалі дрэнаж, ды часам усё роўна ў тым месцы пасевы падмакалі, а ў стрыганчукоў у калодзежах вады паменела. Хто быў той Аляксандр (Ляксандр), што даў найменне ўрочышчу, ніхто ў вёсцы не памятаў, але любілі поле, бо добра там радзілі і бульба, і жыта. Толькі гною не пашкадуй! Прыемна было глядзець, як роўныя радочкі бульбы, здавалася, навыперадкі беглі да амялінкаўскіх надзелаў.
Мяжою для земляў стрыганчукоў з аднаго боку стала рака Асіпоўка. Лугі і палеткі на беразе даўно сталі Падрэччам. Паміж Падрэччам і іншымі палямі вузкая, тонкая лугавіна. Выцягнулася, як шыя. Яна так і завецца Шыя. Былі ў нас і Недзіны карчы, і Лонкі, да назвы часам дадавалі Куркавы, бо калісь луг належаў пану Курку.
Многае змянілася ў родным краі: няма больш хаты, у якой я нарадзіўся і куды любіў вяртацца з далёкіх і блізкіх дарог; спілавалі векавую грушу, што, здавалася, падпірала нізкія аблокі; ссеклі бярозы, пасаджаныя дзедам, а родныя мясціны засталіся такімі ж у маім сэрцы, якімі палюбіў іх з маленства. Нездарма той акраверш я скончыў прызнаннем:

У вернасці навек,
як першаму каханню,
Клянуся я зямлі:
яна ў мяне адна!

Адна. Была, ёсць і будзе!..
Расціслаў БЕНЗЯРУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*