Казка прыйшла ў Бусні

Казка прыйшла ў Бусні

Крысціна СЕМЯНЮК.

За морамі, за гарамі, за шырокімі далінамі, сярод лесу, за 10 вёрстаў ад павета Ленінскі, у вёсцы Бусні пасялілася ў цішыні бабуля-бабуська… З такіх слоў пачалося свята “Жыві, маё сяло, і квітней!”, прысвечанае дню вёскі Бусні. Госці апынуліся ў сапраўднай казцы, дзе галоўнымі героямі выступілі Баба Яга, Зязюля ды бабкі Настасся і Анісся.
Паводле сцэнарыя казачная ведзьма шмат гадоў правяла ў водпуску, а калі вярнулася, хаткі яе ўжо не было відаць за роўнымі радамі дамоў. Вырасла на гэтым месцы вёска, пасяліліся людзі — цяперашнія жыхары Буснёў.
З віншаваннямі на свяце выступіў старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі. Ад вядучых госці даведаліся, што ўпершыню вёска Бусні ў пісьмовых крыніцах згадваецца
2 верасня 1700 года. З 1862-га яна стала цэнтрам сельскага таварыства Рагазнянскай воласці Кобрынскага павета. У тыя часы ў вёсцы жыло 408 чалавек.
У 1860 годзе тут была адкрыта першая на Жабінкаўшчыне школа для сельскіх дзяцей, аднак праіснавала яна ўсяго паўгода. У 1911-м у Буснях пачало працу народнае вучылішча. У перапісе 1897 года згадваецца, што ў вёсцы 68 двароў і 532 жыхары. Сёння ў Буснях пражываюць 203 чалавекі: 104 мужчыны і 99 жанчын, у тым ліку 36 пенсіянераў і 46 дзяцей.
Як прынята падчас падобных святаў, на дні вёскі адзначылі жыхароў, якія нечым праславіліся, і ўручылі ім памятныя падарункі. Так, цёплыя словы ад суседзяў прымала старэйшая буснёўка, 89-гадовая Марыя Шалягейка. Павіншавалі і самага юнага жыхара вёскі Паўліка Ільяшэвіча.
Затым на сцэну запрасілі прадстаўнікоў шматдзетных сем’яў: Васіля і Лілію Ільяшэвічаў, Аляксандра і Марыю Андрасюкоў, Галіну Шкураль, Юрыя і Надзею Карапацюкоў, Вячаслава і Людмілу Маліноўскіх, Уладзіміра і Юлію Кушпецюкоў, Сяргея і Ірыну Кірылюкоў. Аднак і на гэтым сюрпрызы для гасцей не скончыліся: віншаванні атрымала Валянціна Салей, якая аказалася імянінніцай!
У конкурсе на лепшы падворак перамаглі Іван Сірацюк, Алена Небяльчук і Ніна Берлавус. У намінацыі “Рукатворнае дзіва” адзначылі самых таленавітых майстроў: Ніну Берлавус, Людмілу Грыб, Тамару Яшчук, Алену Небяльчук, Веру Кармановіч, Вольгу Мікуц, Надзею Багрову, Таццяну Небяльчук. З віншаваннямі да жыхароў вёскі і пераможцаў звярнуўся дырэктар ААТ “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк.
Падчас свята для гасцей гучалі знаёмыя і любімыя песні ў выкананні Святланы Рапінчук, Веранікі Куксы і Марыі Галаўчук. Надоўга буснёўцы запомняць гэты казачны дзень!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*