“Камсамол — не проста ўзрост, камсамол — мой лёс!”

“Камсамол — не проста ўзрост, камсамол — мой лёс!”

Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

26 кастрычніка ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. На ім прысутнічалі ветэраны камсамола, а таксама тыя, хто прыняў эстафету моладзевага руху і знаходзіцца ў шэрагах Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Да пачатку мерапрыемства госці мелі магчымасць пазнаёміцца з выставамі “Юнацтва камсамольскае маё” і “Гартаючы мінулага старонкі…”, падрыхтаваныя да юбілейнай даты цэнтральнай раённай бібліятэкай і раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Пра перамогі ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” расказвалі вучні трэцяй школы, а валанцёры атрада “Добрае Сэрца” першай адзінаццацігодкі — пра свае добрыя справы.
Урачыстасць пачалася з відэафільма, прысвечанага гісторыі камсамола. У ім расказвалася пра ўтварэнне арганізацыі, дзейнасць камсамольцаў у гады Грамадзянскай вайны, іх удзел у ліквідацыі непісьменнасці, аднаўленні народнай гаспадаркі, пра барацьбу з фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, пра самаадданую працу на асваенні цаліны, будаўніцтве БАМа, іншых важнейшых для краіны будоўлях.
Першым са словамі віншавання са 100-годдзем камсамола звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў, што гэтая дата важкая і значная. Камсамол аб’ядноўваў маладых людзей краіны. Так, камсамольцы ўдзельнічалі ў розных будоўлях, у гады вайны былі прыкладам мужнасці і самаахвярнасці, пасля вызвалення краіны ўзнаўлялі яе эканоміку, заўсёды былі прыкладам для іншых. Кіраўнік раёна выказаў словы ўдзячнасці ветэранам камсамольскага руху за добрыя і карысныя справы, якімі поўніліся іх маладыя гады. Пажадаў і цяпер не губляць таго агню, запалу і энергіі, з якімі заўсёды ішлі па жыцці. Маладым жа людзям патрэбна браць прыклад з тых, хто доўгія гады жыў з камсамолам, бо яны — узор адносінаў да людзей, сваіх абавязкаў і Радзімы.

Дзмітрый Гарадзецкі ўручыў граматы раённага выканаўчага камітэта старшыні раённага Савета дэпутатаў, другому сакратару райкама ЛКСМБ у 1985-1988-х гадах Анатолю Шалтанюку і першаму сакратару райкама ЛКСМБ у 1971-1974-х гадах Алегу Храмцову.
У ліку ганаровых гасцей на свяце прысутнічала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. У сваім прывітальным слове Жанна Уладзіміраўна ўзгадала той факт, што школу камсамола прайшлі звыш 200 мільёнаў чалавек. Камсамольцы былі сапраўднымі лідарамі, з іх фарміравалася армія кіраўнічых кадраў. Урокі той мудрай школы жывуць і цяпер, яе традыцыі незабытыя, іх працягвае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, якому ўжо 16 гадоў. Яго прадстаўнікі — актыўныя і дзейсныя, імкнуцца, каб краіна наша была яшчэ лепшай і прыгажэйшай, працуюць на яе карысць. Жанна Стаціўка пажадала маладым людзям быць актыўнымі, імкнуцца да лепшага, працаваць і дзейнічаць на карысць нашай Беларусі.
Слова трымаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. Анатоль Вітальевіч гаварыў, што камсамольскія гады падарылі мноства яркіх падзей, цікавых сустрэч, а галоўнае — новых сяброў, з многімі падтрымлівае адносіны і цяпер. Ён узгадаў тыя справы, у якіх удзельнічаў разам з жабінкаўскімі камсамольцамі. Гэта дапамога калгасам, шэфства над жывёлагадоўчымі фермамі, актыўная дзейнасць у лагерах працы і адпачынку, а таксама ў абаронча-спартыўным, арганізацыя і правядзенне сустрэч з цікавымі людзьмі і многае іншае. Ветэранам-камсамольцам выступоўца пажадаў натхнення, жыццёвых сіл, энергіі і моцнага здароўя. Маладому пакаленню — пераемніку камсамола — быць паспяховымі і ўсе свае сілы накіроўваць на развіццё Беларусі.
З нагоды юбілейнай даты камсамола грамату раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк уручыў першаму сакратару райкама ЛКСМБ 1991 года Міхаілу Плавуху.
Прыгожымі вершаванымі радкамі вітала ўдзельнікаў урачыстасці юнае пакаленне школьнікаў.
Вядучыя мерапрыемства ўзгадалі гісторыю развіцця камсамола на Жабінкаўшчыне, спыніліся на яе значных падзеях. Так, размова ішла пра першыя камсамольскія арганізацыі нашага краю, якія з’явіліся яшчэ ў 20-х
гадах мінулага стагоддзя, пра дзейнасць камсамольцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, што змагаліся ў партызанскім атрадзе Міхаіла Чарнака, падпольных арганізацыях, пра іх удзел ва ўзнаўленні народнай гаспадаркі ў пасляваенны час, будаўніцтве цукровага завода і магістралі М1, так званай алімпійкі, іншых значных мерапрыемствах, што ладзіліся ў раёне.
З гісторыі мы ведаем, што ў кастрычніку 1991 года ХХІІ з’езд ВЛКСМ аб’явіў аб самароспуску арганізацыі. Эстафету моладзевага руху прынялі Беларускі саюз моладзі і Беларускі патрыятычны саюз. У 2002 годзе шляхам зліцця дзвюх гэтых арганізацый быў утвораны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Сёння БРСМ мае свае структуры ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, аб’ядноўвае больш за 500 тысяч творчых, дзейсных, ініцыятыўных беларускіх хлопцаў і дзяўчат, ажыццяўляе сотні смелых, яскравых ідэй, тысячы канкрэтных спраў і праектаў. У іх рэалізацыі актыўны ўдзел прымае і моладзь Жабінкаўшчыны. Пра гэта гаварыў у сваім выступленні і першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Юрый Сегянюк. Ён уручыў грамату Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, першаму сакратару райкама ГА “БРСМ” у 2006-2009-х гадах Веры Бортнік; граматы Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” — старшыні камісіі па патрыятычным выхаванні і рабоце сярод моладзі абласнога Савета ветэранаў Святлане Зіновіч і першаму сакратару райкама ГА “БРСМ” у 2010-2012-х гадах Мікалаю Лугаўскому.
16-гадовая гісторыя ёсць і ў Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. За гэты час рэалізавана шмат ініцыятыў, праведзена мноства мерапрыемстваў па грамадзянска-патрыятычным, працоўным, экалагічным выхаванні моладзі, прапагандзе здаровага ладу жыцця і спорту, па валанцёрскім і студатрадаўскім руху. Пра ўсё гэта расказала прысутным цікавая відэапрэзентацыя.
Да мікрафона была запрошана і выконваючая абавязкі першага сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская. Яна звярнула ўвагу, што сённяшняя моладзевая арганізацыя працягвае развіваць традыцыі, закладзеныя былымі пакаленнямі, імкнецца рабіць гэта годна і адпавядаць той высокай планцы, узятай камсамольцамі розных гадоў. За аказанне дапамогі, падтрымку моладзевага руху ў раёне і ў сувязі са 100-годдзем ВЛКСМ граматамі РК ГА “БРСМ” былі адзначаны: першы сакратар райкама ЛКСМБ у 1978-1981-х гадах Вера Шэвелева, другі сакратар райкама ЛКСМБ Любоў Ярмашук і сакратар райкама ЛКСМБ у 1984-1988-х гадах Людміла Пшанай.
Вярталі ветэранаў камсамола ў маладыя гады песні той эпохі ў выкананні Наталлі Сяргеевай, Аксаны Пракошынай і вакальнага ансамбля “МАЖОРчыкі”, Валерыя Няменьшага і Іллі Учаева, народнага вакальнага ансамбля “Каларыт”. Прыгожыя песні пра Беларусь гучалі ў выкананні Кіры Рыкавай, Аляксандры Скарыны, ансамбля “Радужка”. Таксама музычныя падарункі госці свята атрымалі ад Кірыла Савянка і ансамбля “Ваабразілія”.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*