У каго сямейны кашалёк?

У каго сямейны кашалёк?

З такім пытаннем звярнулася да прадстаўнікоў моцнай паловы жабінкаўцаў, якія расказалі, хто ў сям’і распараджаецца фінансамі, на што ў асноўным ідуць грошы, як планаваць сямейны бюджэт.
Сяргей ГРЭТЧАНКА:
— Лічу, што сямейнымі фінансамі павінна распара-джацца жонка. Жанчына лепш размяркуе грошы, больш арыентуецца, што набыць з прадуктаў, для дома і сям’і. У нас менавіта так: сямейны кашалёк — у жонкі. У асноўным сродкі ідуць на аплату камунальных паслуг, харчаванне. Маем дваіх дзяцей-студэнтаў, якія вучацца ў сталіцы. А там, як вядома, жыццё даражэйшае, чым у нас. Калі ж плануем вялікую пакупку або, напрыклад, рамонт, то грошы адкладваем. Раю так рабіць і іншым. Даўгоў стараемся не мець, калі ж, бывае, і пазычаем, то невялікую суму і толькі ў родных. Крэдытаў не бярэм, разлічваем на свае сродкі. Дазваляе сэканоміць на прадуктах уласны агарод, дзе ўсё вырошчваем.
Сяргей КІСЛЯК:
— Я, як прадстаўнік моцнай паловы, аплочваю са сваіх сродкаў камунальныя паслугі, крэдыты, растэрміноўкі і іншыя плацяжы. Лічу, што кожны мужчына ў сям’і павінен так рабіць. Жанчына загадвае кухняй, бытам, стварае ў доме цяпло і ўтульнасць — вось яе галоўныя абавязкі. Ёй ёсць на што патраціць сродкі, і пра сябе не трэба забываць. Калі ж плануем купіць нешта значнае, дарагое па кошце, тады, зразумела, робім гэта разам, аб’ядноўваемся. Калі разлічыліся па рахунках, тады грошы трацім на дзяцей, пакупкі для дома і для сябе.
Іван ВАЙТОВІЧ:
— У сям’і павінен быць сумесны бюджэт, каб разам планаваць пакупкі і размяркоўваць сродкі. Таксама і ў жанчын, і ў мужчын павінны мецца і свае, так званыя кішэнныя, грошы. Тут усё зразумела: адну частку сваіх даходаў пакінь сабе, другую — у агульны кацёл. У нас у сям’і такая схема ў адносінах да фінансаў. Сродкі ідуць на прадукты, бывае, што на аплочванне крэдытаў, бо такім чынам куплялі і халадзільнік, і тэлевізар. Сямейны бюджэт патрэбна планаваць, а да траты грошай адносіцца разумна.
Цімафей ІВАНЮК:
— Мая жонка Наталля лепш ведае, што купіць у сям’ю, што больш патрэбна. Яна добра арыентуецца ў цэнах, лішняе не патраціць, падыдзе да пакупак эканомна. Мужчынам у гэтым плане цяжэй, таму поўнасцю давяраю сямейны кашалёк сваёй любай палавінцы. Зараз у асноўным грошы трацім на сыночка Мацвея, якому дзевяць месяцаў. Таксама сродкі ідуць на харчаванне, аплату кватэры. Сямейны бюджэт патрэбна планаваць сумесна: збіраць грошы на значныя пакупкі, раіцца, што набыць, і ажыццяўляць гэта разам. І старацца дапамагаць бацькам: тады і яны ў складанай сітуацыі выручаць.
Уладзімір ДАМАНСКІ:
— Некаму можа падацца, што ў нашай сям’і не зусім звыклая сітуацыя. Так, жонка Таццяна аплочвае квартплату, іншыя паслугі, а я — купляю прадукты. У маіх абавязках — абслугоўванне машыны: яе запраўка, набыццё запчастак. Маем дачку-студэнтку, якой дапамагаем. Бюджэт у нас сумесны, лічу гэта вельмі важным для кожнай сям’і. Гэта згуртоўвае, робіць адносіны мацнейшымі. Каб правільна весці сямейны бюджэт, паспрабуйце саставіць план на месяц. У канцы супастаўце вашы даходы і расходы і вы ўбачыце, што ў спісе пакупак лішняе, на што дарма патрацілі грошы. Гэта дасць магчымасць сэканоміць сродкі. Шчыра кажучы, мяне здзіўляе, калі чую, што ў сем’ях муж мае свае грошы, а жонка — свае, якія яна траціць і на сябе, і на дзяцей, а благаверны застаецца ўбаку і не дапамагае ёй фінансава. Такога не павінна быць. Адна сям’я — адзін кашалёк!
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*