Забыты герой

Забыты герой

Ён паяднаў Жабінкаўшчыну з Забайкальскім краем

ДВА ГАДЫ ТАМУ ў Жабінкаўскую раённую бібліятэку прыйшло электроннае пісьмо. У ім намеснік старшыні савета ветэранаў Забайкальскага лінейнага ўпраўлення МУС Расіі на транспарце маёр міліцыі ў адстаўцы Мікалай Хлызаў расказаў, што пасля знаёмства на сайце бібліятэкі з невялікай інфармацыяй пра нашага земляка, легендарнага разведчыка Міхаіла Шаўчука, вырашыў падзяліцца некаторымі фактамі пасляваеннай біяграфіі Міхаіла Макаравіча.
Гэта не магло не зацікавіць нас. Бо краязнаўства заўсёды было і застаецца прыярытэтным напрамкам нашай дзейнасці. Тым больш актуальным яно бачыцца ў Год малой радзімы. Дзеля захавання памяці аб земляках і значных гістарычных падзеях, каб данесці гэтыя звесткі да наступных пакаленняў, праводзіцца карпатлівая даследчая праца. У тым ліку па выяўленні нашых забытых герояў.
Адна з такіх асоб — партызан-разведчык Міхаіл Шаўчук, які нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Вялікія Якаўчыцы. Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад СССР ён служыў у кобрынскай міліцыі, а з пачаткам Вялікай Айчыннай стаў оперсупрацоўнікам спецыяльнага партызанскага атрада, быў паплечнікам легендарнага савецкага разведчыка Мікалая Кузняцова, які дзейнічаў у горадзе Роўна пад мянушкай Пауль Зіберт. У Кузняцоўскую баявую групу Шаўчука адабралі як чалавека з моцнай вытрымкай, мужнага, разумнага, здольнага імгненна арыентавацца ў небяспечных сітуацыях. У варожы тыл ён быў закінуты пад імем Баляслава Янкевіча — пана Болека.
Хадзіў Шаўчук у старамодным касцюме, насіў кацялок і акуляры, у руцэ нярэдка меў непрыкметны букецік кветак, як тое было ў модзе ў нямецкіх афіцэраў. Афіцыйна Янкевіч займаўся ў Роўне камерцыяй, вечна штурхаўся ў камісійных крамах ды месцах, дзе збіраліся спекулянты. Але ўсе наўкола, нават крымінальная паліцыя, былі ўпэўнены, што насамрэч пан Болек звязаны з гестапа. Ён так выдатна ўвайшоў у ролю, што, бывала, здраднікі прыносілі Шаўчуку даносы на савецкіх патрыётаў. Між тым, ён асабіста знішчыў не адзін дзясятак фашысцкіх салдат ды афіцэраў, збіраў і перадаваў дадзеныя, якія садзейнічалі поспеху Чырвонай Арміі. За галаву смельчака акупанты абяцалі вялізную грашовую ўзнагароду. Але ж высокі прафесіяналізм, нестандартнае прыняцце рашэнняў у экстраных сітуацыях дапамагалі ў самых крытычных момантах. Пасля вайны Шаўчук працягваў барацьбу з бандытамі, што засталіся на вызваленай тэрыторыі Заходняй Украіны, удзельнічаў у ліквідацыі вайсковых аддзелаў Хмары, Кінзера, Пашчанкі.
І вось тут самы час вярнуцца да электроннага пісьма Мікалая Хлызава. З яго мы даведаліся, што ў 1952-м старшы лейтэнант Шаўчук прыбыў для праходжання службы на станцыю Карымская Чыцінскай вобласці (зараз Забайкальскі край). У транспартнай міліцыі ён працаваў оперупаўнаважаным. Праз год Міхаіл Макаравіч прыняў рашэнне выйсці ў адстаўку і выехаў на захад краіны.
Аднак наколькі ж неардынарным быў гэты чалавек! Хоць і праслужыў усяго год у далёкім мястэчку, але карымчане дасюль яго памятаюць з удзячнасцю. Гэта пацвярджаюць і матэрыялы, дасланыя Хлызавым. У Карымскай школе № 4 да 9 мая 2015 года створана экспазіцыя, прысвечаная Міхаілу Шаўчуку. А 12 лютага наступнага года на будынку лінейнага аддзялення паліцыі на станцыі Карымская адкрыта мемарыяльная дошка ў памяць пра нашага земляка.
У краязнаўчым фондзе нашай раённай бібліятэкі цяпер захоўваецца відэарэпартаж аб гэтай падзеі, зняты телеканалам “Расія 1”. Вынікам лістававання сталі таксама копіі нарыса “Пан Болек” з Карымскай” (з кнігі В. Пруднікава “Забайкальская транспартная…”), партызанскага пасведчання Міхаіла Шаўчука і першай старонкі яго ўласнаручнай біяграфіі, што захоўваецца ў асабістай справе былога разведчыка. (Арыгіналы зберагаюцца ў экспазіцыі музея гісторыі УМУС Расіі па Забайкальскім краі ў горадзе Чыта).
У 1953 годзе Шаўчук пераехаў у станіцу Пашкоўская Краснадарскага края. Тады ж падаў рапарт на звальненне з органаў Міністэрства дзяржбяспекі па стане здороўя.
Вядома, што пазней Міхаіл Макаравіч бываў у Роўне, Львове, наведваў і малую радзіму, выступаючы перад школьнікамі ў Жабінцы. Памёр у 1994 годзе.
Нам стала вядома, што вывучэннем дзейнасці нашага земляка цесна займаўся забайкальскі краязнавец Арцём Уласаў. Дзякуючы яму можна прасачыць пасляваеннае жыццё Шаўчука. Міхаіл Макаравіч меў у сваім баявым арсенале ордэны Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За абарону Масквы”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”, “За перамогу над Германіяй”, “30 год Савецкай Арміі і Флоту”. Быў неаднаразова адзначаны граматамі, падзякамі і прэміямі за ўдзел у барацьбе з бандытамі. У 1946 годзе паводле загаду міністра дзяржбяспекі атрымаў залаты гадзіннік. Меў высокія ўзнагароды і ад урада Польшчы.
Больш падрабязна пра жыццё і дзейнасць разведчыка партызанскага атрада “Пераможцы” можна даведацца з кніг Дзмітрыя Мядзведзева “Гэта было пад Роўна” і “Моцныя духам”, А. Лукіна і Т. Гла-дкова “Мікалай Кузняцоў”, Міколы Гнідзюка “Скачок у легенду” і “Аб чым звінелі рэйкі”, Г. Каёта “Спецыяльны агент. Новыя дакументы пра лёс Мікалая Кузняцова”, а таксама з матэрыялаў, сабраных у краязнаўчым фондзе Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Ірына ГАНЧАР.
На здымках: Міхаіл ШАЎЧУК (сядзіць крайні злева)  у акружэнні сяброў; адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар нараджэнца Якаўчыцаў на будынку лінейнага аддзялення паліцыі на станцыі Карымская Забайкальскага краю.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top