Злодзеі схоплены

Злодзеі схоплены

Не аднойчы на працягу мінулага года ў “Крымінальнай хроніцы” мы паведамлялі пра дзёрзкія рабаванні прыватных дамоў райцэнтра. Аднак, як гаворыцца, колькі нітачцы не віцца ўсё адно канец будзе. Нарэшце, крымінальная група, якія былі “шчыравала”, дарэчы, не толькі ў Жабінцы, але і ў Брэсце, Пінску, Камянцы, схоплена. У яе складзе — трое жыхароў горада над Бугам, якія былі ўжо асуджаны за аналагічныя злачынствы. Яны практыкавалі “налёты” не толькі на кватэры, кралі і з гаражоў, найчасцей квапіліся на маёмасць людзей заможных, прадпрымальнікаў. На сёння ўжо вядома больш дзясятка эпізодаў іх дзейнасці, аднак у следства ёсць звесткі, што колькасць “подзвігаў” гэтай групы (якой дапамагаў і жабінкавец) значна большая. Высветлена, што злодзеі сачылі за жыллём грамадзян і за самімі гаспадарамі, залазілі ў хаты, калі былі ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці. Умелыя дзеянні супрацоўнікаў крымінальнага вышуку Жабінкаўскага РАУС паставілі кропку на дзеяннях рабаўнікоў. Частка маёмасці, якую тыя не паспелі “рэалізаваць” і захоўвалі ў гаражы ў Брэсце, канфіскаваная.
Стоп, машына!
Чаго толькі не перавозяць ў салоне аўто!
Жыхару Мінскай вобласці Дзмітрыю Расчынскаму, напрыклад, прыйшлося тлумачыць супрацоўнікам пункту ззымання дарожных збораў “Федзькавічы”, навошта ў ягонай машыне “Крайслер Гранд Караван” знаходзяцца ажно шэсць тэлевізараў “Самсунг” (агульным коштам у 32 мільёны рублёў), якія ён перавозіў без усялякіх дакументаў, што пацвярджаюць пакупку.
Стандартны адказ: “Для сябе, набыў у прыватнай асобы, мне невядомай” — супрацоўнікаў не задаволіў, таму па гэтым факце праводзіцца праверка.
А вось у некалькіх жыхароў з Баранавіцкага раёна ў салоне аўтамабіля адшукалася пры доглядзе немалая колькасць марыхуаны. Было ўстаноўлена: раней кіроўца з пасажырам былі наркаманамі, таму добра ведаюць прызначэнне зелля.
Шыкоўна жыць не забароніш?
Той, хто так лічыць, падманвае самога сябе. Тым больш, калі жадае гэтак “жыць” за чужы кошт. У поле зроку супрацоўнікаў міліцыі трапіў раней судзімы грамадзянін, што шпурляўся на вецер грашыма: апрануўся з нітачкі, куціў у бары без меры. Як высветлілася, сродкі, якія ён траціў, крадзеныя. Уласнікі з Жабінкі не далічыліся грошай 1874 даляры, але пры затрыманні ў кішэні злодзея іх засталося… толькі два!
На дарогах зноў трывожна
У снежні ўскладнілася дарожна-транспартная абстаноўка на Жабінкаўшчыне: за месяц адбыліся тры аварыі, у якіх два чалавекі былі параненыя і адзін загінуў. 13 снежня ў 1 гадзіну 20 хвілін на вуліцы Свабоды быў збіты пешаход. Праз лічаныя гадзіны 22-гадовы кіроўца, што збег з месца здарэння, быў затрыманы асабовым складам раённага аддзела ўнутраных спраў, паднятым па трывозе.
Крадзяжы бываюць розныя,
а адказнасць — крымінальная
Так, у Вялікіх Якаўчыцах прапалі прадукты ў хаце. Праз акно залез аднавясковец. А ў Хмелеве, зноў жа, праз акно “ўвайшлі” зламыснікі, якія прыхапілі з сабою 800 даляраў, 3000 расійскіх рублёў і амаль мільён беларускіх. У трэцім выпадку рабаўнік залез на Раство ў краму “Мясное лукошка” па вуліцы Цэнтральная паблізу райбальніцы. Следча-аператыўнай групай устаноўлена: скрадзена 20 мільёнаў рублёў — выручка, якая не здавалася на працягу чатырох дзён. Ужо да абеду зладзейства было раскрыта, грошы знойдзены ў жыхара нашага горада, які і раней меў нелады з законам.
Уладзімір ЖУК, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top