Школе – квітнець, педагогам – ідэямі “гарэць”!

Школе – квітнець, педагогам – ідэямі “гарэць”!

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Святланы КІСЛАЙ.
На вялікае свята — урачыстую вечарыну, прысвечаную 30-годдзю сярэдняй школы № 3 Жабінкі — ў гарадскім Доме культуры сабраліся сённяшнія педагогі і ветэраны педагагічнай працы, навучэнцы і выпускнікі, іх бацькі і проста сябры.
А які ж юбілей без гасцей? Павіншаваць калектыў трэцяй гарадской школы прыйшлі старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі і раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Галіна Бурко, сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, протаіерэй Сергій Петрусевіч, клірык храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў Жабінцы святар Андрэй Петрусевіч, дырэктар ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васіль Волк, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, начальнік Жабінкаўскай ПМК-10 Аляксандр Якімук і многія іншыя. Усе яны цёпла віншавалі педагогаў і навучэнцаў трэцяй адзінаццацігодкі з юбілейным днём нараджэння, жадалі плёну і поспехаў і ўручалі каштоўныя падарункі. Атрымала іх родная школа і ад сваіх былых выпускнікоў: кіраўніка фермерскай гаспадаркі “Бярозка” Сяргея Кузняца і дырэктара ТАА “Артвей компані” Уладзіміра Шурубейкі. У той час як адны былыя вучні дарылі школе-імянінніцы аргтэхніку, іншыя — музычныя нумары (і адны, і другія падарункі былі дарэчы). Імі павіншавалі прысутных выпускнікі 2002 года Вікторыя Міцковіч, 2012 года Іван Папковіч, 2016 года Герман Смаршчок і 2017 года Уладзіслаў Шыцік. Дый іншых песенна-танцавальных віншаванняў было не злічыць! Яно, гэтае свята дзяцінства і юнацтва, успамінаў і мараў, атрымалася цёплым, душэўным, яркім, эмацыянальным!
Прысутныя перагарнулі летапіс трэцяй школы, пачынаючы ад таго памятнага 1988 года, калі сіламі МПМК-10 у цэнтры Жабінкі была пабудавана новенькая навучальная ўстанова на 1296 месцаў. На яе адкрыцці прысутнічалі тагачасныя першы сакратар райкама партыі Пётр Ліскоў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Валянціна Рай, кіраўнік ПМК-10 Пётр Масальскі, галоўны інжынер Арсеній Фянюк і прараб Леанід Карпук. Валянціна Іванаўна і Арсеній Андрэевіч прысутнічалі на юбілейнай вечарыне ў зале ГДК і падзяліліся ўспамінамі пра той час, складанасці, якімі суправаджалася будаўніцтва школы, і радасць педагогаў і навучэнцаў ад яе адкрыцця.
Першым дырэктарам вучэльні стаў Яўген Георгіевіч Гук. Яго пераемнікамі ў розныя гады былі Святлана Мікалаеўна Янусік, Святлана Міхайлаўна Кужко, Галіна Сцяпанаўна Бурко і Святлана Канстанцінаўна Каменева. Трое з іх у далейшым узначальвалі раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму (сёння — аддзел па адукацыі), многія педагогі перайшлі туды працаваць, таму з вуснаў не аднаго выступоўцы ў той вечар прагучала, што трэцяя гарадская адзінаццацігодка з’яўляецца кузняй кадраў аддзела па адукацыі райвыканкама.
Намеснікамі і вернымі памочнікамі дырэктараў СШ № 3 за тры дзясяткі гадоў былі Ніна Захараўна Старыцкая, Зінаіда Піліпаўна Бурбіцкая, Людміла Паўлаўна Пшанай, Вольга Фёдараўна Карпук, Наталля Яўгенаўна Нікалаюк, Аляксандр Рыгоравіч Паляшчук, Святлана Міхайлаўна Кужко, Ганна Іванаўна Васілюк, Валянціна Васільеўна Гарбацюк, Марына Рыгораўна Паўлюкавец, Вольга Уладзіміраўна Завяржэнец, Алена Вітальеўна Наруш, Ганна Яўгенаўна Кулагіна. Шчырыя віншаванні і шматлікія пажаданні калектыву ўстановы прагучалі са сцэны ГДК і ад некаторых з іх.
За 30 гадоў са сцен трэцяй школы на вялікую жыццёвую дарогу выйшла каля дзвюх тысяч выпускнікоў. З іх 67 залатых медалістаў і 57 — сярэбраных. Сённяшняя СШ № 3 — гэта 673 навучэнцы, 35 супрацоўнікаў, 63 педагогі, дзесяць з якіх рупяцца з дня заснавання ўстановы, 51 маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.
Трэцяя гарадская адзінаццацігодка па праве ганарыцца 19-цю сваімі выпускнікамі, якія вярнуліся ў родную ўстанову і прадаўжаюць яе традыцыі па выхаванні падрастаючага пакалення. І, як слушна заўважылі вядучыя юбілейнай вечарыны, педагогі СШ № 3 абсалютна ўпэўнены ў тым, што, дзе б ні працавалі іх выпускнікі, іх заўсёды адрознівае пошук, эксперымент, наватарства.
З хваляваннем узгадвалі школьныя гады і любімых настаўнікаў прадстаўнікі першага выпуску СШ № 3 Наталля Урбан, Сяргей Шорах і Мікалай Ляшук.
Адным з самых хвалюючых момантаў юбілейнай вечарыны стала згадка пра тых педагогаў трэцяй гарадской школы, якіх ужо няма ў жывых, але яны назаўсёды засталіся ў памяці калег, вучняў, бацькоў, сяброў… Зала ўстала, калі на экране змяняліся імёны і фотаздымкі адышоўшых у вечнасць Настаўнікаў з вялікай літары.
За тры дзясяткі гадоў педагогі трэцяй школы выхавалі не адно пакаленне вучняў. Немагчыма пералічыць усе конкурсы, акцыі, мерапрыемствы, спаборніцтвы, у якіх удзельнічалі навучэнцы і настаўнікі, паспяхова папаўняючы скарбонку дасягненняў роднай установы.
А, як вядома, годная праца заслугоўвае ўзнагарод. Граматамі райвыканкама падчас юбілейнай вечарыны былі ўзнагароджаны Таццяна Багданаўна Сыч і Таццяна Мікалаеўна Галавейка, Пісьмом падзякі — Святлана Міхайлаўна Кужко. Педагогі атрымалі іх з рук кіраўніка раёна Дзмітрыя Мікалаевіча Гарадзецкага. Ён заўважыў, што трэцяя адзінаццацігодка — кузня талентаў. Шматлікія яе выпускнікі — вядомыя людзі, многія абралі для сябе навуковую дарогу, абаранілі вучоныя ступені. Гэта кандыдаты навук Андрэй Хайбулін і Андрэй Дземянцоў, Дзмітрый Чаргінец і Аляксандр Варашылаў. Сярод выпускнікоў трэцяй гарадской — намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Гардзееў, начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота, начальнік чыгуначнай станцыі Жабінка Юрый Лукашэвіч, протаіерэй Сергій Петрусевіч і святар Андрэй Петрусевіч.
Дзмітрый Мікалаевіч падзякаваў настаўнікам за іх нялёгкую працу і пажадаў, каб іх вучні праяўлялі сябе ды славілі сваю школу, бацькоў і раён у цэлым. Старшыня райвыканкама ўручыў дырэктару трэцяй гарадской адзінаццацігодкі Святлане Канстанцінаўне Каменевай сертыфікат на набыццё сучаснага гукавога абсталявання.
Граматы раённага аддзела па адукацыі атрымалі Алена Генадзьеўна Цісленка, Людміла Яўгенаўна Валетава, Ларыса Васільеўна Дарошка, Алена Сцяпанаўна Іванюк, Алена Міхайлаўна Кузьміч, Вольга Мікалаеўна Жарнасек; раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі — Алёна Умараўна Нагар, Ігар Глебавіч Салей, Таццяна Васільеўна Кунц, Юрый Барысавіч Лісавец, Вольга Леанідаўна Дзенісюк, Людміла Мікалаеўна Верамей, Святлана Яўгенаўна Царук і Галіна Паўлаўна Сыраватка.
Акрамя таго, прыгадваліся падчас урачыстага мерапрыемства і настаўнікі трэцяй гарадской адзінаццацігодкі, якія прымалі ўдзел у абласных ды рэспубліканскіх конкурсах “Настаўнік года” і “Малады настаўнік Брэстчыны” і станавіліся іх фіналістамі. Найвышэйшых поспехаў дасягнулі сярод усіх удзельнікаў Віталіна Аляксандраўна Папковіч (на жаль, яе ўжо няма з намі) і Сяргей Аляксандравіч Карпук.
У той вечар бясконцым патокам ліліся са сцэны словы прызнанасці і ўдзячнасці педагогам трэцяй адзінаццацігодкі за іх штодзённую самаад7даную працу, за іх каштоўны вопыт, мудрасць і тактоўнасць. Ды шматкроць гучалі пажаданні: школе — росквіту, настаўнікам — здароўя, сіл, цярпення, творчага запалу і ўдзячных вучняў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro