У сапраўднай беларускай хатцы

У сапраўднай беларускай хатцы

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.

У кожнай школы ёсць свая “разыначка”, нешта такое, чаго няма ні ў якай іншай. Другая адзінаццацігодка, напрыклад, можа пахваліцца выключнай калекцыяй кухоннага начыння, нацыянальных касцюмаў і мэблі беларускіх сялян. У студзені 2018 года тут адкрылі музейны пакой “Беларуская хатка”. Пра тое, як афармлялі этнаграфічны куток, расказала яго наглядчыца — настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марына КАРЖУК.

— Экспанаты пачалі збіраць яшчэ ў 2007 го-дзе. Вялікую работу ў гэтым накірунку правяла цяперашні дырэктар школы Ірына Кашчэва. З дапамогай настаўнікаў і вучняў атрымалася сабраць унікальную калекцыю старажытных прадметаў: збанкі для захоўвання прадуктаў, чыгункі для прыгатавання ежы, калаўрот, прас, сельскагаспадарчыя прылады працы, посцілкі, ручнікі і многае іншае.
Сёння ў музейным пакоі можна вылучыць тры асноўныя аддзелы: “Гліняны посуд”, “Ткацкія вырабы” і “Гаспадарчыя прылады”. Некаторыя з рэчаў датуюцца XIX стагоддзем.
Усе экспанаты ў выдатным стане. Заходзіш у гэты па-хатняму ўтульны музейчык і адразу быццам пераносішся на некалькі стагоддзяў назад. Вось у печцы ярка палае агонь і па хаце разносяцца водары смажанага сала і дранікаў. Бацька вярнуўся з поля: каля парога вісяць яго лапці. Стомленая ад хатніх клопатаў, але шчаслівая маці калыша нованароджанага сыночка…
Над узнаўленнем атмасферы сапраўднай беларускай хаты папрацавалі былы школьны псіхолаг Ірына Коваль і Марына Каржук. Ірына Міхайлаўна робіць выдатныя рэчы з саломкі, якія і зараз упрыгожваюць музейны пакой. Марына Мікалаеўна ўдыхнула ў экспазіцыю жыццё, калі расставіла ўсе прадметы так, як іх звычайна размяшчалі сяляне. Музейны пакой другой гарадской школы зроблены з любоўю да гісторыі Беларусі і яе жыхароў і з увагай да дэталяў.
Зараз на базе музейчыка працуе гурток “Юны этнограф”. Тут школьнікі вывучаюць абрады і святы беларусаў, спрабуюць сябе ў ролі экскурсаводаў. Праводзяць у “Беларускай хатцы” і розныя мерапрыемствы. Так, на апошнім этапе Тыдня беларускай мовы і літаратуры Марына Каржук арганізавала для вучняў віктарыну “Беларускія нацыянальныя стравы: дранікі”. Дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні, адгадвалі загадкі, успаміналі прыказкі і прымаўкі. А ў завяршэнне мерапрыемства ўсе ра-зам дэгуставалі дранікі і выбіралі самыя смачныя.
— Сёння наш музейны пакой цалкам укамплектаваны, а таму пры жаданні мы можам праводзіць тут экскурсіі і для вучняў з іншых школ. Сардэчна запрашаем! — гаворыць Марына Каржук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top