Школа будучага вачыма дзяцей

Школа будучага вачыма дзяцей

Сёння другая гарадская школа прыбіраецца і актыўна рыхтуецца да святкавання свайго 55-годдзя. Толькі ўявіце: больш за паўстагоддзя назад у гэтыя сцены ступілі першыя вучні, юныя і ўсхваляваныя. Ці думалі яны некалі, якой будзе іх школа ў 2018 годзе? Наўрад… Таму напярэдадні юбілею мы папрасілі цяперашніх вучняў уявіць сабе родную школу праз 10 гадоў.
Крысціна КАВАЛЬЧУК, Альбіна ДАШКЕВІЧ і Маргарыта МІКЛЯЕВА, 11 клас:
— За 10 гадоў, як нам здаецца, школа вельмі зменіцца. Напэўна, зробяць рамонт, з’явяцца розныя высока-тэхналагічныя прылады. Нам бы хацелася, каб больш прадметаў у старэйшых класах вывучалася на павышаным узроўні. Зараз у нас чатыры профілі: фізіка-матэматычны, філалагічны, працоўны і аператараў ЭВМ. Апошні, безумоўна, вельмі сучасны. Але ў спецкласах можна вывучаць, напрыклад, біялогію і хімію, геаграфію, разнастайныя замежныя мовы. Гэта дапаможа выпускнікам пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Надзея ЧЭЧАЛЕВА, 8 клас:
— Я думаю, у нашай школе праз 10 гадоў будзе больш сучаснай тэхнікі, напрыклад ноўтбукаў, інтэрактыўных дошак, праектараў. Зробяць прыгожы рамонт, заменяць мэблю. Будзе выдатна, калі ў нас з’явіцца трэнажорная зала, каб там на фізкультуры ці ў вольны час маглі займацца ўсе настаўнікі і вучні. Я хачу, каб у нашай школе больш увагі надавалі фізкультуры, бо рух — гэта здароўе! Вядома, на працу прыйдуць маладыя педагогі-прафесіяналы з сучасным поглядам на навучанне. Магчыма, з’явяцца новыя прадметы, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі і камп’ютарнай пісьменнасцю.

Дзмітрый КІСЛЫ, 6 клас:
— У будучым, я думаю, пабудуюць новую пляцоўку для фізкультуры. На паверхах змесцяць куткі для адпачынку і чытання, дзе настаўнікі і вучні змогуць праводзіць перапынкі. Бібліятэка ў нас будзе, як у еўрапейскіх універсітэтах: прасторная, светлая, з працоўнымі месцамі для наведвальнікаў. І абавязкова з доступам у інтэрнэт, каб кожны вучань мог імгненна атрымаць любую кнігу! А для чытання ў кожнага будзе планшэт ці электронная кніга. І тады не прыйдзецца кожны дзень насіць у школу цяжкія падручнікі.

Мікіта ГІНЬ, 6 клас:
— У нашай школе з’явіцца больш абсталявання для навучання. Напрыклад, новыя мікраскопы. Са школьных прадметаў мне падабаюцца матэматыка, англійская мова і інфарматыка. Зараз, напрыклад, мы вучымся карыстацца графічнымі рэдактарамі на камп’ютарах. Мне б хацелася, каб у будучым школьнікі больш паглыблена вывучалі праграмаванне на ўроках інфарматыкі.

Назар КАШАЛЮК, 6 клас:
— Я займаюся спортам, а таму хачу, каб у школе зрабілі сучаснае футбольнае поле, усталявалі пляцоўкі для валейбола і баскетбола. У нас ёсць стол для тэніса, на якім мы гуляем на перапынках. Добра было б, каб з’явіліся новыя ракеткі, мячы, каб вучні маглі праводзіць вольны час актыўна.

Сафія ЦАРУК, 2 клас:
— Я займаюся вакалам і танцамі і думаю, што ў нашай школе не хапае прыгожай актавай залы з новымі мікрафонамі. А яшчэ няхай пабудуюць чацвёрты паверх! Таму што кожны год прыходзяць новыя вучні. Зараз нас у класе 18, і пакуль нам не цесна. Але хочацца, каб навучэнцаў у нашай школе з кожным годам станавілася ўсё больш!
Апытвала і фатаграфавала Крысціна СЕМЯНЮК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top