“Мы жылі школай…”
sdr

“Мы жылі школай…”

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Калі папрашу назваць знакамітыя неразлучныя пары, мажліва, успомніце Трыстана і Ізольду, Рамэа і Джульету ці Анегіна і Таццяну. Для меня ж побач з гісторыямі гэтых літаратурных герояў можа быць гісторыя Мікалая Рыгоравіча і Тамары Сямёнаўны Ляшкевічаў. Іх трывалы і гарманічны саюз пабудаваны не толькі на каханні і ўзаемаразуменні, але і на верным служэнні педагагічнай справе.

Дарогай мовазнаўцы

Тамара Сямёнаўна нарадзілася на Камянеччыне ў Высокім. Бацькі працавалі на масласырзаводзе, а яна марыла пайсці дарогай мовазнаўцы. Пасля заканчэння школы ўпэўнена набліжалася да мэты: аж тры разы спрабавала паступіць у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў! Пасля няўдач не здалася, а павезла дакументы ў Смаленск, каб там вывучаць англійскую мову. Такую любоў да яе змог прывіць школьны настаўнік Мікалай Мікалаевіч Шопік. Аднак добра здаўшы першы экзамен, вырашыла забраць дакументы і вярнуцца на родную Брэстчыну. Нейкім шэрым, халодным і няўтульным падаўся дзяўчыне Смаленск, таму ў той жа год паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на філалагічны факультэт.
— Яшчэ доўгі час шкадавала аб гэтым, але потым неяк звыклася, — прызнаецца Тамара Сямёнаўна. — Справіцца з сумнымі думкамі дапамагала работа. Адразу пасля школы ўладкавалася старшай піянерважатай, потым стала сумяшчаць працу з вучобай. Работа прыносіла задавальненне, а Усесаюзны злёт піянерважатых памятаю і зараз — мы правялі ў Маскве насычаныя два тыдні. Цікавай справе піянерскага важатага я прысвяціла 10 гадоў.
Праца ў Свішчоўскай сярэдняй школе Камянецкага раёна падаравала Тамары Сямёнаўне лёсавызначальную сустрэчу. Тут яна пазнаёмілася з Мікалаем Рыгоравічам Ляшкевічам, з якім 7 лістапада ўжо сустрэне муслінавае вяселле — 37 гадоў сумеснага жыцця ў любові ды згодзе.

Са шчырай любоўю да музыкі

Мікалай Рыгоравіч выхадзец з вёскі Альпень Столінскага раёна, якую ў сваёй знакамітай “Пінскай шляхце” ўспамінаў яшчэ Дунін-Марцінкевіч. Ад бацькі і двух родных дзядзькаў майму герою перадалася любоў да музыкі, талент тонка адчуваць яе і добра валодаць інструментам. Так, іграць на акардэоне навучыў дзядзька Казімір Іосіфавіч, які выкладаў спевы ў школе.
— Памятаю, што першай на акардэоне асвоіў папулярную на той час песню “Куба — любоў мая”, — расказвае Мікалай Рыгоравіч. — Навука гэтая давалася лёгка. У апошні год вучобы ў школе пакінуў родны Альпень і заканчваў ужо брэсцкую установу. Тут жа паступіў у музычнае вучылішча, але праз год забралі служыць ва Украіну. На працягу двух гадоў асвойваў спецыяльнасць радыётэлеграфіста, але нават і ў войску не пакінуў свайго захаплення музыкай.
Пасля паспяховага завяршэння вайсковай службы Мікалай Рыгоравіч прадоўжыў навучанне. Затым малады спецыяліст быў накіраваны ў Свішчова. На новым месцы даручылі не толькі весці спевы для вучняў, а быць таксама загадчыкам сельскага клуба, кіраўніком харавога калектыву. Суразмоўнік і зараз ганарыцца тым, што ўжо праз паўгода разам з ім заваявалі тады першае месца ў раёне. Сярод калег Мікалай Рыгоравіч прыкмеціў вельмі прыгожую, тактоўную і выхаваную, з прыемнай усмешкай Тамару Сямёнаўну… Вяселле шырока гулялі на Століншчыне.

Вітала Жабінка

У 1984 годзе сям’я Ляшкевічаў разам з маленькай дачушкай Танечкай пераехала ў Жабінку. У паўтара годзіка яна пайшла ў садзік, а бацькі з галавой акунуліся ў працу. На жабінкаўскай зямлі Мікалай Рыгоравіч узначаліў Дом культуры цукровага завода, а Тамара Сямёнаўна прадоўжыла рупіцца старшай піянерважатай, толькі ўжо ў другой адзінаццацігодцы.
— Нават узгадваючы ўсё гэта праз столькі гадоў, магу шчыра сказаць, што з другой школай звязаны самыя цёплыя ўспаміны, — гаворыць Тамара Сямёнаўна. — Адчувалі падтрымку дырэктараў — Васіля Раманавіча Дошчыка, Мікалая Пятровіча Кавальчука, Ірыны Міхайлаўны Кашчэва, добрыя адносіны склаліся і з іншымі педагогамі. Праз некаторы час я пачала весці рускую мову і літаратуру ў школе, а крыху пазней стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Тады ж наш калектыў папоўніў і муж. У настаўніцкай дзялілі з ім адзін стол, раіліся і дапамагалі ва ўсім — згуртаваны тандэм стаў сапраўднай знаходкай у працы.
— Праз колькі конкурсаў разам прайшлі, а колькі разоў рыхтаваліся да розных святаў і творчых сустрэч! — дадае Мікалай Рыгоравіч. — Мы жылі школай, пагэтаму, можа, крыху не дадавалі ўвагі сваім дочкам Таццяне і Алене, якія ўжо падарылі нам чацвёра ўнукаў. Але ж я проста не магу без любімай справы! Працаваў і са “Скарбніцай” — 10 гадоў узначальваў народны калектыў. Паспеў пабыць і дырэктарам музычнай школы ў Жабінцы, і метадыстам у Брэсцкім ЦМТ, працягваю працаваць і зараз. З’яўляюся кіраўніком узорнага калектыву “Світанак” пры Брэсцкім прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці. Сапраўды, вельмі люблю тое, чым займаюся, але яшчэ больш люблю вяртацца пасля працы дадому, дзе са шчырай усмешкай і смачнай вячэрай сустракае жонка.
Тамара Сямёнаўна ў адказ заўважыла, што для такога мужа, які ўсё сумеснае жыццё падтрымліваў, дапамагаў, з разуменнем адносіўся да бясконцых гор сшыткаў жонкі-філолага, ёй не шкада ні сіл, ні часу, ні ласкавых слоў.
Уважліва слухала суразмоўцаў і раптам зразумела, у чым жа сакрэт шчасця гэтай педагагічнай пары. Проста ўжо столькі гадоў у двух сэрцах гучыць адна песня, да якой яна, як мовазнавец, падабрала словы, а ён, як таленавіты музыка, напісаў мелодыю.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top