Смачныя стравы для самых маленькіх

Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Сёлетні год для повара ясляў-сада № 5 г. Жабінка Валянціны Дзмітрук юбілейны: у красавіку адзначыла дзень нараджэння з дзвюма пяцёркамі, у верасні — 30-годдзе працы ў роднай дашкольнай установе. Нягледзячы на лічбы, застаецца верная аднойчы выбранай прафесійнай дарозе, шчыра любіць справу, якой займаецца.
Родам Валянціна Іванаўна з Пружанскага раёна. У роднай Лазоўцы скончыла васьмігодку, дзесяць класаў — у Шарашове. Заўсёды любіла гатаваць, таму ваганняў з выбарам прафесіі не было — ведала, што далейшы свой лёс звяжа з поварскай справай. Дзеля гэтага дакументы адвезла ў Брэсцкае гандлёва-кулінарнае вучылішча, дзе навучалася два гады. Вучоба дзяўчыне падабалася, асабліва цікава было падчас вытворчых практык, якія праходзілі ў розных кропках грамадскага харчавання абласнога цэнтра: сталовых прадпрыемстваў, у кафэ “Моладзевае”, рэстаранах “Брэст” і “Цытадэль”, а таксама ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Арляня”, што знаходзіцца ў нашым раёне.
Незадоўга да заканчэння вучобы Валянціна выйшла замуж у Чыжэўшчыну. Гэта падзея паўплывала на размеркаванне: маладога спецыяліста — повара 4 разраду — накіравалі ў Жабінкаўскае прадпрыемства грамадскага харчавання, дзе было вызначана месца працы — сталовая пасёлка Ленінскі. Менавіта тут Валянціна Дзмітрук пачала свой прафесійны шлях. Як успамінала ў размове, кармілі людзей, што спыняліся на трасе, каб падсілкавацца, а таксама гатавалі для работнікаў “Рагазнянскага”. Быў перыяд, калі працавала ў сталовай торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі”, дзе абслугоўвалі рабочых прадпрыемства. За гэты час і ў сямейным жыцці адбыліся радасныя падзеі: спачатку нарадзілася дачушка Святлана, потым — сынок Юрый. Малодшы Саша з’явіўся, калі сям’я ўжо жыла ў Жабінцы.
З пераездам у райцэнтр Валянціна змяніла не толькі месца жыхарства, але і працы: уладкавалася поварам у яслі-сад камбікормавага завода, дзе рупіцца і цяпер. Пачынала яна пры загадчыку Надзеі Лявонцьеўне Мацвяюк, зараз гэту пасаду на працягу многіх гадоў займае Святлана Цімафееўна Лава. За гэты час Валянціне Дзмітрук давялося працаваць у адной камандзе з Верай Ячнік, Нінай Сычанавай, Наталляй Козак, Наталляй Волк, Марыяй Чарота і іншымі. Сёння побач з ёю рупяцца повар Лідзія Шутава і кухонны рабочы Алена Заяц. Вынік згуртаванай працы — смачныя сняданкі, абеды і полудні для маленькіх гарэз ясляў-сада № 5.
Як расказала Валянціна Іванаўна, у прыгатаванні страў вялікая ўвага надаецца іх разнастайнасці і пажыўнасці. На сняданак, як правіла, карысныя кашы, якія чаргуюцца: аўсяная, рысавая, манная, пярловая ды іншыя. У абед малыя частуюцца супам, баршчом ці расольнікам. Вельмі падабаюцца ім курыныя катлеткі, а ў якасці гарніру — рагу з гародніны або пюрэ. Радыя, калі на полудзень — усімі любімыя аладкі. Могуць быць таксама амлет, бульбяная бабка або якая-небудзь рыбная страва.
Кожны дзень для дзетак гатуюцца разнастайныя салаты, у рацыёне — малочныя прадукты, сокі, фрукты. Для тых, хто наведвае санаторную групу, ёсць другі сняданак і вячэра.
Як адзначыла Валянціна Іванаўна, дапамагае ў рабоце добрае абсталяванне: новая пліта, а таксама шафа для смажання, у якой выпякаюцца булачкі, гатуюцца амлеты, запяканкі. Да слова, запланаваны капітальны рамонт харчаблока, які пройдзе ў хуткім часе.
Мая гераіня прызналася, што вельмі любіць сваю працу і не ўяўляе сябе дзесьці на іншым месцы. Жанчына атрымлівае вялікае задавальненне, калі чуе, што выхаванцам прыйшліся даспадобы прыгатаваныя стравы і яны пакідаюць талеркі чыстымі.
У прафесіі Валянціна Іванаўна пастаянна ўдасканальваецца: наведвае курсы павышэння кваліфікацыі, вучэбныя семінары, што ладзяцца тэхнолагам аддзела па адукацыі, цікавіцца пэўнай літаратурай і відэаўрокамі ў інтэрнэце.
Святлана Цімафееўна гаворыць пра Валянціну Дзмітрук як пра адказнага, надзейнага і добрасумленнага работніка, выдатнага спецыяліста сваёй справы. У канцы яна рэзюмавала: “Валянціна Іванаўна — проста знаходка для нашай установы”.
Яе прафесіяналізм, адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў адзначаліся граматай камбікормавага завода, а таксама аддзела па адукацыі.
Цяжка ўявіць, што чалавек, які цэлы дзень гатуе на працы, з задавальненнем робіць гэта і дома. Валянціна Іванаўна з такой кагорты і часта прыгашчае сваіх хатніх рознай смакатой. Калі ж я спыталася пра святочны стол, то на ім абавязкова будзе салат “Аліўе”. Яго “разынка” — у марынаваных агурках, у якія гаспадыня дадае дастаткова цукру, а таксама куркуму. З гарачых страў — перавага запечанаму курынаму філе з ананасамі. Ну, і ўпрыгожыць стол фірменны торт, якіх у арсенале Валянціны Іванаўны некалькі: “Графскія разваліны”, “Жаночыя лёсы” (пра такі я чула ўпершыню) і “Мармуровы”. Рэцэптам апошняга мая гераіня з задавальненнем падзялілася з чытачамі “СП”.
Спачатку выпякаем бісквіт. Для яго спатрэбяцца два яйкі, шклянка смятаны, шклянка цукру, дзве шклянкі мукі, палова чайнай лыжкі соды, пагашанай воцатам. Пакуль бісквіт астывае, прыгатуем крэм. Патрэбна ўзяць 500 грамаў смятаны, шклянку цукру і два бананы. Усё гэта ўзбіць — і крэм гатовы. Калі бісквіт астыне, рэжам яго на кавалачкі і збіраем торт. Частку крэму выліваем у ёмістасць, на яго выкладваем нарэзаны на шматкі бісквіт, і так чаргуем слаі. Сабраны торт ставім пад цяжар на ноч. На наступны дзень пераварочваем яго ў талерку і ўпрыгожваем шакаладам і фруктамі. Пры нарэзцы кавалачкі торта нагадвацюь мармур, вось чаму ён і атрымаў такую назву. Паспрабуйце прыгатаваць — рэцэпт не складаны і не вельмі дарагі па кошце. Вашым родным торт прыйдзецца даспадобы, упэўнена Валянціна Іванаўна, і, магчыма, ён таксама стане “разынкай” і вашага святочнага стала.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.