Са святочным настроем — у вайсковы будзень

Са святочным настроем — у вайсковы будзень

На навагодніх школьных канікулах мне пазваніла класны кіраўнік і прапанавала паехаць на экскурсію ў Н-скую вайсковую часць. Я не мог адмовіць сабе ў здавальненні добра правесці час, зноў пабачыць сваіх школьных сяброў, а таксама пазнаёміцца з салдацкім бытам. Раненька мы накіраваліся ў Брэст, дзе знаходзіцца гарнізон. Як высветлілася, раскінуўся ён у даволі маляўнічым лесе. Нас сустрэў намеснік камандзіра. Удакладнілі план экскурсіі, і яна пачалася.
Спярша нам паказалі вялікі асфальтаваны пляц. На ім салдаты займаюцца страявой падрыхтоўкай. Прыняцце прысягі, іншыя ўрачыстасці праходзяць тут жа. А з пляца мы рушылі прама на палігон.
На падыходзе да палігона пачулі стрэлы і грукат. Нам пашанцавала: акурат у гэты дзень праходзілі вучэнні. Першае, што ўбачылі, гэта невялікі акоп. Насупраць яго стаялі тры мішэні, што аддалена нагадвалі фігуру чалавека. Заданне было такое: салдат павінен ускочыць у акоп і схавацца там, затым выпрастацца і зрабіць тры стрэлы па мішэнях. У гэты час на адлегласці некалькіх метраў бухала шумавая граната, і салдат, “аглушаны” ёю, павінен быў падняцца і кінуць вучэбную гранату як можна бліжэй да мішэняў. Ад нашага гурта аддзяліліся тры хлопцы, якім было прапанавана паспрабаваць тое ж, што рабілі байцы, а затым да групы смельчакоў далучыліся і настаўнікі. Яны даволі ўдала справіліся з задачаю, чым уразілі нават салдат, якія чакалі ўбаку сваёй чаргі.
Далей нам былі паказаны зборка і разборка аўтамата Калашнікава, пасля чаго мы рушылі да самага, на мой погляд, цікавага. Апішу ў двух словах. Стаіць палатка, і салдат, нацягнуўшы процівагаз, убягае ў яе. Да гэтага ў яе была закінута дымавая шашка з едкім і густым дымам. Прабыўшы ў палатцы пэўны час, баец выбягаў і накіроўваўся ў зададзеным накірунку. Нам зноў прапанавалі паспрабаваць свае сілы, і на гэты раз я не мог утрымацца. Быў бязмежна здзіўлены тым, што ў сярэдзіне палаткі, сярод дыму, у процівагазе дыхалася лягчэй, чым на свежым паветры. Гэты факт мне запомніцца, думаю, надоўга.
У наступны перыяд экскурсіі знаёміліся з армейскімі сродкамі першай дапамогі, першаснай апрацоўкай ранаў і тэхнікай перавязкі, ну, а потым прыступілі, бадай, да самага прыемнага. Я кажу пра абед. Нам паказалі спосабы гатавання салдацкай яды ў палявых умовах, дазволілі, вядома ж, усё гэта пакаштаваць. Настрой тут жа падняўся, і з новымі сіламі мы падышлі да апошняй стадыі азнаямлення з вайсковай часцю — наведвання казармы і агляду разнастайных радыёпрыбораў, якімі валодаюць вайскоўцы. У казарме я быў уражаны колькасцю абсалютна аднолькава расстаўленых ложкаў і тумбачак, а таксама бездакорна ўкладзеных пасцеляў. Захапілі радыёпрыёмнічкі, што дазваляюць як праслухоўваць, так і ствараць памехі на радыёлініях. Гэтыя трохі незразумелыя прыстасаванні выглядалі ўнушальна не сваімі памерамі, а якраз тым, што здатныя рабіць. Якая ж сёння армія без тэхнічнай аснашчанасці!
Нарэшце мы расселіся ў аўтобусе, стомленыя і задаволеныя, гатовыя да зваротнага шляху і пазнейшых прыемных успамінаў пра гэтую цудоўную і пазнавальную экскурсію. Але чаму да ўспамінаў? Нас жа запрасілі на юбілей часці, які будзе адзначацца 31 студзеня. Што ж, мы абавязкова вернемся, каб папоўніць уражанні. Для ўсіх будучых воінаў гэта карысна, а камусьці, магчыма, і ўдвая: раптам хто-небудзь з выпускнікоў нашай школы некалі прыйдзе служыць менавіта сюды?..
Аляксей АРЧАКОЎ, вучань 11 “В” класа школы №3 г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top