Грып яшчэ на подступе
Звычайна на першыя месяцы года прападае распаўсюджванне грыпу і вострых рэспіраторных інфекцый. А як сёлета? Гэтае пытанне мы накіравалі ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Вось што адказаў в.а. галоўнага санітарнага ўрача Аляксандр Ціхаміраў:
— Згодна з афіцыйнымі дадзенымі Міністэрства аховы здароўя, эпідэмічны ўздым захворванняў чакаецца ў канцы студзеня-лютым 2012г. На 16 студзеня інтэнсіўнасць працэсу вострых рэспіраторных інфекцый у нашым раёне знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні. За мінулы тыдзень, з 9 па 15 студзеня, на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 65 выпадкаў ВРІ, захворванні склалі 256 на 100 тысяч насельніцтва, што вышэй узроўню папярэдняга тыдня (185,1) на 38,3%, аднак ніжэй паказчыка захворванняў за аналагічны перыяд мінулага года на 82%.
Калі ласка, у абноўленую краму!
Зноў пачала працаваць харчовая крама ў вёсцы Агароднікі. Пасля рамонту і рэканструкцыі  гандлёвая плошча ў ёй павялічылася на 15 квадратных метраў, што дазволіла адкрыць і аддзел прамысловых тавараў, па якія дасюль вяскоўцы мусілі ездзіць у горад.
Урачыстае адкрыццё крамы адбылося 12 студзеня. Кіраўнікі раённага спажывецкага таварыства, першыя пакупнікі падзякавалі за выдатную працу ведамаснай будаўнічай брыгадзе Аляксандра Завадскага, якая асвоіла работ на 80 млн. рублёў. Новае абсталяванне не куплялася — было выкарыстана спаўна прыдатнае з таго, што засталося пасля рэканструкцыі іншых гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыства.
У дзень адкрыцця выказвалася і занепакоенасць: загадчыцы крамы Ірыне Арэхавай, якая выхоўвае малое дзіця, пільна патрэбна напарніца-зменшчыца. Хто з прадаўцоў адгукнецца, каб гандлёвая кропка ў Агародніках працавала без лішніх “выхадных”?..
“Напалеонаўскія” планы мастацкіх калектываў
Як мага лепшай арганізацыі работы клубных аматарскіх фарміраванняў быў прысвечаны метадычны дзень культработнікаў раёна 18 студзеня. Абмяркоўваліся і найбліжэйшыя планы — на люты. У наступным месяцы маюцца адбыцца знакавыя мерапрыемствы.
Званне народнага будзе пацвярджаць перад аўтарытэтнай камісіяй эстрадны гурт “Аляксандр-парк”, змагацца за гэтае званне — хор ветэранаў “Тонус”, якому пільна неабходнае адмысловае музычнае (акампаніятарскае) суправаджэнне.
На люты запланаваны аналітычны практыкум дырэктараў, загадчыкаў і мастацкіх кіраўнікоў культустаноў Жабінкаўшчыны з удзелам эксперта ў сферы культуры з Нямеччыны. Ён ладзіцца з перспектывай пашырэння масавых камунікацый з Захадам. Дарэчы, краіна, з якой ужо наладжаны даволі трывалыя культурныя зносіны, — Польшча. Толькі ў мінулым годзе там пабывалі народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, узорны фальклорны калектыў “Дараносіца”, народны вакальны гурт “Каларыт” і ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”.
Яшчэ адна важная падзея лютага — занальны агляд для абласнога свята роднай мовы, прысвечанага юбілеям пісьменнікаў-класікаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка.
Кніжка за кніжкай паэта-земляка
Услед за зборнікам “духоўнай” паэзіі, пра які мы паведамлялі ўжо, напрыканцы мінулага года выйшла ў брэсцкім выдавецтве “Альтэрнатыва” кніжка вершаў Івана Дацкевіча “Возвращение”. Яна больш ёмістая і больш разнастайная ў матывах: тут філасафічны роздум і любоўная лірыка, аўтабіяграфічнасць і сацыяльная надзённасць, гумар і сатыра і “нават”, як здзіўляецца прадмоўца Н.Парчук, беларускія (чытай: беларускамоўныя) творы. Ёсць шэраг прысвячэнняў, сярод іх — сябрам-паэтам Васілю Гадульку і Васілю Сахарчуку.
“Возвращение”, як і зборнік “Принимаю жизнь, как чудо!”, можна набыць у жабінкаўскай прыватнай кнігарні, раённай бібліятэцы, рэдакцыі нашай газеты і, вядома ж, непасрэдна ў аўтара.
Падборку падрыхтаваў Кастусь АЛЕСІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top