Цёплая сустрэча з сябрамі і калегамі

Цёплая сустрэча з сябрамі і калегамі

Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.

Цёплымі ўсмешкамі і прыглушаным гоманам напоўнілася зала пасяджэнняў райвыканкама, калі сюды на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна на мінулым тыдні былі запрошаны былыя работнікі ўпраўленняў і аддзелаў раённага выканаўчага камітэта. Амаль сотня іх мела цудоўную магчымасць сустрэцца разам і падзяліцца ўспамінамі.

— Мы вельмі рады вітаць вас тут, у нашай зале, — сказаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. — Здаецца, нават сонечнае рознакаляровае надвор’е спрыяе сённяшняй сустрэчы з вамі. Хочацца шчыра падзякаваць вам за тыя гады працы, якія вы некалі аддалі, рупячыся тут, пакуль не пайшлі на заслужаны адпачынак. Мы вельмі цэнім вашу працу, вопыт, веды і, канечне, прыслухаемся да слушных парад. Хочацца пачуць ад вас з вышыні жыццёвага вопыту, якім вы бачыце наш утульны горад у бліжэйшым будучым.
Падчас сустрэчы ўвазе гасцей быў прадстаўлены невялікі фільм пра Жабінку, у якім яскрава адлюстравана яе гісторыя, духоўнае, прамысловае і сацыяльна-эканамічнае развіццё.
Затым слова ўзяў галоўны ўрач райбальніцы Анатоль Лаўрукевіч. Ён таксама цёпла павіншаваў прысутных у зале са святам і расказаў, якая перспектыва чакае нашу медыцыну, якія змены адбыліся ў арганізацыі лячэння жабінкаўцаў.
У сваю чаргу, пра вядзенне здаровага ладу жыцця расказаў і Анатоль Старыцкі. Ён запрасіў прысутных наведваць заняткі пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Тут усе жадаючыя шаноўнага ўзросту, што клапоцяцца аб сваім здароўі, займаюцца гімнастыкай, скандынаўскай хадзьбой, ездзяць на веласіпедах.
Натуральным чынам, далі слова і самім гасцям. Яны дзякавалі за такую выдатную магчымасць сустрэцца разам, узгадаць маладосць, успомніць, як было раней і зараз…
Гучалі і пытанні. Напрыклад, калі нарэшце будзе выпушчаны новы тэлефонны даведнік; чаму не зроблена зручная аўтастаянка ля аднаго з магазінаў у раёне рынку; ці ёсць магчымасць устанавіць больш кантэйнераў для збору шкла і макулатуры, бо пажылым людзям далёка хадзіць да іх, і іншыя.
Потым, пасля агульнага фота, былыя супрацоўнікі мелі магчымасць пагаманіць у аддзелах райвыканкама ў нефармальных абставінах — за кубачкам чаю з цукеркамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top