Ва ўмелых руках ажываюць свяцільні

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

З Марынай Козел я пазнаёмілася сёлета ў жніўні на свяце аграгарадка Ленінскі. Мяне прывабілі яе вырабы: свяцільні ў выглядзе лялек і руж, упрыгажэнні з атласных стужак для валасоў у стылі канзашы. У размове даведалася, што жанчына мае сваю швейную майстэрню па рамонце адзення, а яшчэ займаецца рамесніцкай справай.

З дзяцінства Марына любіла рукадзельнічаць. Гэтаму яе вучылі бабулі і матуля. Так, бабуля Воля з Буснёў навучыла прасці, бабуля Шура з Хадасоў — шыць на швейнай машынцы і вязаць кручком, мама Надзея Вітальеўна — вязаць пруткамі, вышываць крыжыкам і гладдзю. Для сваіх лялек Марына шыла прыгожыя сукенкі і вязала капялюшыкі. Ужо тады марыла і ў дарослым жыцці займацца любімай справай — ствараць рэчы сваімі рукамі — і сумяшчаць гэты занятак з асноўнай працай. Паступова яе мара ажыццявілася.
Пасля Пескаўскай адзінаццацігодкі Марына паступіла ў Кобрынскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 153 на прадзільшчыка, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Тут жа, у Кобрыне, на прадзільна-ткацкай фабрыцы “Ручайка” пачалася яе працоўная дзейнасць. Праз год дзяўчына вырашыла вучыцца далей і паступіла завочна ў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Праз тры гады вучобы ў дыпломе з адзнакай значылася: “тэхнолаг прадзення”. Так і працавала б Марына на сваёй любімай фабрыцы, калі б не змены ў асабістым жыцці — замужжа, нараджэнне дзяцей, а таксама змены ў жыцці прадпрыемства — 90-я
былі складанымі: пасля распаду СССР не хапала сыравіны, якую прывозілі з усходніх рэспублік, работнікаў скарачалі. Таму на фабрыку Марына больш не вярнулася.
З 1996 года яе працоўная дзейнасць звязана з санаторыем “Буг”, дзе спачатку рупілася санітаркай, потым сястрой-гаспадыняй у лячэбным корпусе, зараз швачкай. Калі вы адпачывалі ў нашай знакамітай здраўніцы, то, без сумнення, хадзілі на працэдуры і карысталіся пялюшкамі, якія шые для адпачваючых мая гераіня. Яе ўмелыя рукі рамантуюць, цыруюць, аднаўляюць — работы шмат.
Дзесяць гадоў таму Марына Козел адкрыла ў сябе дома швейную майстэрню па рамонце адзення — так паступова яна пачала ажыццяўляць сваю дзіцячую мару. Каму патрэбна ўшыць маланку, падкараціць джынсы, падшыць спадніцу — калі ласка! Жыхары Ленінскага актыўна карыстаюцца паслугамі майстрыхі — усё побач, на месцы, і не трэба ў райцэнтр ехаць.
А яшчэ ўжо шэсць гадоў Марына займаецца рамесніцкай справай. Пачалося ўсё з атласных стужачак, з якіх стала рабіць упрыгажэнні для валасоў у стылі канзашы — заколкі, гумачкі ды абручы. Майстэрству гэтаму вучылася ў інтэрнэце, дзе “наведвала” відэаўрокі.
Зусім нядаўна Марыну зацікавіла дэкарыраванне гатовых свяцільняў, паспрабавала — атрымалася. І ўжо на працягу паўгода гэтая справа прыносіць ёй вялікую асалоду. Звычайныя свяцільні майстрыха ператварае ў цуда-ружы, а таксама лялькі. Для дэкарыравання вырабаў выкарыстоўвае ізалон, часцей белага або ружовага колеру. Яе арыгінальныя рэчы ўпрыгожваюць дамы і кватэры не толькі жабінкаўцаў, але й жыхароў іншых гарадоў.
Марына расказала, што ўжо год займаецца амігурумі. Гэта японскае майстэрства вязання пруткамі або кручком мяккіх цацак.
Жанчына падзялілася, што ўваходзіць у Брэсцкі клуб рамеснікаў “Акадэмія рамёстваў”. Разам са сваімі калегамі ўдзельнічае ў кірмашах, выставах, рознага ўзроўню мерапрыемствах, што ла-дзяцца ў горадзе над Бугам і вобласці. Марыну Козел з яе вырабамі можна сустрэць на раённых “Дажынках”, гарадскіх і вясковых святах.
Сям’я падтрымлівае майстрыху, усяляк ёй дапамагае. Так, дачка Ірына падказвае пры выбары колеравай гамы будучых вырабаў. Сын Ігар дапамагае ў стварэнні свяцільняў — ён добры электрык. Муж Віталь часта суправа-джае на мерапрыемствы, усталёўвае палатку, у якой Марына прэзентуе пакупнікам свае работы.
У майстэрстве мая гераіня пастаянна ўдасканальваецца, не стаіць на месцы, ідзе ў нагу з часам: асвойвае новыя тэхнікі, спрабуе ствараць больш складаныя вырабы, не баіцца эксперыментаваць. У яе планах да Новага года і Раства зрабіць свяцільні ў выглядзе атрыбутаў гэтых святаў — ёлкі і Снягуркі. Сапраўдны сюрпрыз рыхтуе для сваіх пакупнікоў майстрыха!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.