Па параду — да галоўнага прававога інспектара

Па параду — да галоўнага прававога інспектара

Анатоль РОСТАЎ. Фота аўтара.

Насычаным выдалася ў Жабінцы 27 верасня для галоўнага прававога інспектара працы Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Ірыны Міхновіч. У першай палове дня з яе ўдзелам ладзіліся прыёмы грамадзян, а пасля абеда — яшчэ і семінар-вучоба для прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый ды ўстаноў раёна.
Гэта далёка не першы прыезд Ірыны Яўгенаўны на Жабінкаўшчыну, дзе яе ведаюць як спецыяліста, чые юрыдычныя кансультацыі дапамагаюць у вырашэнні розных жыццёвых сітуацый, звязаных найперш з працоўнымі ўзаемаадносінамі. Нездарма з пытаннямі да галоўнага прававога інспектара звярталіся жабінкаўцы, якія жадалі атрымаць на іх кваліфікаваныя адказы, а таксама тлумачэнні нормаў айчыннага заканадаўства, рэгулюючага сферу працоўных і звязаных з імі праваадносін. Месцамі для сустрэчы былі абраны памяшканні спачатку раённага аб’яднання прафсаюзаў, а затым — газеты “Сельская праўда”.
Што ж цікавіла грамадзян, якія завіталі на прыём?
Жыхарка райцэнтра задала пытанне аб выдзяленні ў арганізацыі сельскагаспадарчага профілю жытла работніку ўстановы адукацыі, які абслугоўвае насельніцтва, што пражывае на тэрыторыі гэтай гаспадаркі.
У працаўніка ясляў-сада, размешчанага ў аграгарадку Ленінскі, выклікаў клопат пошук дакументаў, патрэбных для назначэння льготнай пенсіі. Па параду ён прыйшоў да галоўнага прававога інспектара.
А жыхарку былой вёскі Здзітава цікавіў парадак прадастаўлення свабоднага ад працы дня ў тыдні бацьку, які выхоўвае дзіця-інваліда. Прагучала таксама просьба патлумачыць, ці мае магчымасць школьнік, наведваючы навучальную ўстанову, карыстацца грамадскім транспартам без аплаты праезду.
Затым, у другой палове дня, у зале райвыканкама ладзіўся семінар. Сярод тых, хто паўдзельнічаў у ім, былі кіраўнікі ўстаноў, спецыялісты кадравых службаў, юрысты, старшыні прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў і арганізацый Жабінкаўшчыны.
Падставай для сустрэчы сталі плануемыя змены ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь, якія павінны ўступіць у сілу напрыканцы бягучага года.
Сярод пытанняў, што разглядаліся, — заключэнне тэрміновых працоўных дагавораў, часовы перавод на іншую працу, дыстанцыйная работа, пашырэнне гарантый татам, што знахо-дзяцца ў адпачынку па выхаванні дзяцей да трохгадовага ўзросту, ды іншыя. Асобнымі важнымі пытаннямі стаялі дысцыплінарная адказнасць работнікаў, а таксама праблемы, што могуць узнікаць пры прыёме, пераводзе і звальненні іх з працы.
У час гутаркі, якая цягнулася амаль паўтары гадзіны, прысутныя атрымалі тлумачэнні па згаданых пытаннях.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*