“У нас агульнае мінулае…”

“У нас агульнае мінулае…”

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Гэта толькі частка фразы, што характарызуе сяброўскі напрамак беларуска-польскай сустрэчы, якая ладзілася 28 і 29 верасня на нашай жабінкаўскай зямлі. Лагічным яе працягам сталі словы: “…блізкай павінна быць і будучыня”, прынамсі, дзелавая ды культурная. Заўважым адразу: робіцца для гэтага нямала ў апошнія гады, якія вызначаюцца, між іншым, шчыльным супрацоўніцтвам паміж Жабінкай і Тамашувам.

КАЛІ ПЕРШЫ ДЗЕНЬ працоўнага візіту дэлегацыі Тамашоўскага павята быў запоўнены афіцыйнымі перамовамі і падрабязным знаёмствам з сучасным развіццём Жабінкаўшчыны, дык другі, суботні, аказаўся прысвечаны ў асноўным наведванню гістарычных і культурных мясцін.
Так, на жабінкаўскай зямлі дастаткова памятак, прысвечаных нашаму агульнаму гістарычнаму мінуламу. Найперш, гэта мясціны, знітаваныя з лёсам народнага героя Польшчы, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі Тадэвуша Касцюшкі. Ужо ў ранейшыя свае наведванні прадстаўнікі дэлегацыі на чале са старостам (кіраўніком павята) Янам Кавальчыкам бывалі ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, размешчаным у Малых Сяхновічах. Дарэчы, гэтую ўстанову госці нязменна называюць Касцюшкаўскім музеем, паколькі яна не толькі паўстала на месцы сялібы роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, але й пэўны час менавіта тут жыў славуты генерал, названы яшчэ сучаснікамі Героем Двух Кантынентаў.
Падчас сёлетняга прыезду тамашоўцы наведалі другое знакавае месца, звязанае з касцюшкаўскімі часамі. А менавіта — мемарыяльную капліцу, што паўстала ў 2004 годзе ў Чыжэўшчыне на Вялікім полі, дзе ў верасні 1794-га разгарнулася знакамітая Крупчыцкая бітва.
Госці з цікавасцю даведаліся пра падрабязнасці бою, у якім удзельнічалі з абодвух бакоў да 16 тысяч ваяроў, пра далейшае жыццё кіраўнікоў бітвы — генерала-аншэфа Аляксандра Суворава і генерал-маёра Караля Серакоўскага. Іх цікавіла і тое, як былі ўвекавечаны ўдзельнікі гэтай маштабнай падзеі, што вызначыла, у рэшце рэшт, на доўгія гады лёсы беларускага і польскага народаў.
Затым на пэўны час прадстаўнікам улады і бізнесу Тамашоўскага павята давялося зноў вярнуцца з гістарычнай хвалі ў рэчаіснасць, бо іх чакала гасцінная сустрэча і своеасаблівая экскурсія па ААТ “Рагазнянскі”. З дасягненнямі сваёй гаспадаркі гасцей непасрэдна пазнаёміў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства Аляксандр Семянюк.
Наступным месцам прыпынку стаў аграгарадок Хмелева. У ім польская дэлегацыя наведала Спаса-Праабражэнскую царкву, дзе даведалася пра гісторыю старажытнага храма, заснаванага ў 1725 годзе, пра жыццё манахаў у мясцовым манастыры. Найбольшую цікавасць і шанаванне ў гасцей выклікала святыня, што здаўна захоўваецца ў царкве — абраз Божай Маці Чанстахоўскай. З інтарэсам слухалі яны расповед пра цудадзейную сілу іконы, пра шматлікіх паломнікаў, што звяртаюцца да яе па дапамогу з многіх куткоў не толькі Беларусі, але й замежжа.
Як вядома, у Хмелеве зберагаецца спіс (альбо вельмі старадаўняя копія) абраза. Сапраўдны — на Яснай Гуры ў польскім горадзе Чанстахове. Гэты абраз, які шануюць і каталікі, і праваслаўныя, у Польшчы лічыцца галоўным абаронцам-ахоўнікам краіны. Як заўважыў тамашоўскі староста Ян Кавальчык, ужо неаднойчы і яму даводзілася разам з іншымі вернікамі бываць на Яснай Гуры, на ўласныя вочы бачыць святы абраз. Таму надзвычай хвалюючым выдалася гэтае спатканне ў Хмелеве. Яно яшчэ глыбей пацвярджае нашы агульныя гістарычныя карані, спрыяе блізкаму супрацоўніцтву на доўгія гады.
На здымку: удзельнікі экскурсіі ў Хмелеўскім Спаса-Праабражэнскім манастыры.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*