Незвычайны бацькоўскі сход

Анатоль РОСТАЎ.

Не зусім звычайны бацькоўскі сход ладзіўся ў адзін з апошніх вераснёўскіх дзён у першай гарадской школе. Сюды завіталі прадстаўнікі службаў райвыканкама на чале з кіраўніком раёна Дзмітрыем Гарадзецкім — сябры інфармацыйна-прапагандысцкай групы.
У ЧАС РАЗМОВЫ, што працягвалася больш за паўтары гадзіны, аказаліся закранутымі надзённыя пытанні развіцця горада і раёна ў цэлым. Неаднойчы падкрэслівалася, што найчасцей падобныя сустрэчы ладзяцца ў працоўных калектывах, цяпер жа месцам правядзення была абрана найбуйнейшая школа раёна.
— Усёй нашай камандзе, што прыбыла на сустрэчу, надзвычай прыемна бачыць такую вялікую колькасць зацікаўленых у размове людзей, — прамовіў на пачатку Дзмітрый Гарадзецкі, прадстаўляючы тых, хто разам з ім завітаў на “гэты не зусім звычайны бацькоўскі сход”.
У ліку сяброў інфармацыйна-прапагандысцкай групы былі пералічаны начальнік аддзела па адукацыі Галіна Бурко, кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Любоў Селівонік, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і справах моладзі Вера Бортнік, намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Ганна Бурак, начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота, дырэктар жыллёва-камунальнай службы Павел Заграй, галоўны спецыяліст аддзела юрыдычнага суправаджэння і па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Алена Акуліч. Такая прадстаўнічасць, на думку кіраўніка раёна, дазваляе як мага шырэй ахапіць кола пытанняў, што хвалююць жабінкаўцаў.
Вялікую цікавасць выклікае развіццё адукацыі і выхавання на Жабінкаўшчыне, пра што можна было даведацца непасрэдна з першых вуснаў — ад начальніка аддзела па адукацыі. Галіна Сцяпанаўна падкрэсліла значнасць СШ № 1, якая “не толькі па нумары першая ў раёне — тут і многіх інавацый падмурак, патрэбных для павышэння якасці адукацыі, забеспячэння гарантый дзяржавы ў яе атрыманні”. Прысутныя даведаліся і пра структуру навучальных ды выхаваўчых устаноў Жабінкаўшчыны, пра вырашэнне пытанняў, звязаных з дзіцячымі садамі (прынамсі, па-ранейшаму вострай застаецца праблема недахопу дашкольных устаноў у горадзе, пагэтаму дзяцей падвозяць у сельскую мясцовасць, прыкладам, 25 маленькіх гараджан наведваюць дзіцячы сад у Вялікіх Якаўчыцах). Прамоўца спынілася і на падрыхтоўцы старэйшых вучняў па працоўных спецыяльнасцях, стварэнні сеткі профільных класаў, арганізацыі навучання прадметаў на павышаным узроўні і г.д. Разам з тым, выклікае занепакоенасць павелічэнне колькасці правапарушэнняў, здзейсненых сёлета непаўнагадовымі, асабліва ў начную пару і ў выхадныя дні. Таму, на думку Галіны Сцяпанаўны, неабходна, каб школьнікі максімальна выкарыстоўвалі вольны час для карысных заняткаў у гуртках. І школа дапамагае развіваць цікавасць да спорту, турызму, роднага краю — увогуле існуе шмат накірункаў для ўсебаковага развіцця дзіцяці, чым таксама са станоўчага боку вылучаецца першая гарадская.
Наступным слова ўзяў старшыня райвыканкама. Дзмітрый Гарадзецкі прапанаваў далучацца да размовы, што павінна ператварыцца ў дыялог, задаваць пытанні, каб больш даведацца, “што адбываецца ў горадзе, якія планы ёсць на будучыню”, нават нешта падказваць кіраўніцтву раёна, паколькі гэта дазволіць “пэўным чынам карэкціраваць нашу працу”. Дзмітрый Мікалаевіч акрэсліў месца Жабінкаўшчыны сярод іншых раёнаў краіны (прынамсі, хоць наш край і найдрабнейшы ў Беларусі, ды па колькасці насельніцтва — амаль у залатой сярэдзіне: яшчэ 48 раёнаў Беларусі маюць менш жыхароў). А вось па патэнцыяле жабінкаўцы — у спрыяльным становішчы, бо маюць, перш наперш, спрыяльнае месца на геаграфічнай карце, паблізу абласнога цэнтра, на скрыжаванні важных чыгуначных, сухапутных, водных шляхоў). Гэта іграе сваю ролю і ў працаўладкаванні жабінкаўцаў (нават сярод бацькоў вучняў, што наведваюць СШ № 1, да 55 працэнтаў працуюць у горадзе над Бугам). Кіраўнік раёна зрабіў асаблівы акцэнт на стварэнні новых працоўных месцаў у Жабінцы і наваколлях, пра што зараз клапоцяцца мясцовыя ўлады (увогуле, у раёне налічваецца 167 вакансій). Асобна Дзмітрый Мікалаевіч спыніўся на будаўніцтве жылля, якое плануецца ў раёнах вуліц Цэнтральная — Міру і колішняй вёскі Шчэглікі. У цэнтры ўвагі кіраўніцтва і пытанні адукацыі і медыцыны.
— Аднак усё, што мы робім, ажыццяўляецца на падставе сродкаў, якія раён зарабляе, — падкрэсліў Дзмітрый Гарадзецкі і запрасіў прысутных да аб’яднання агульных намаганняў на карысць роднага краю: — Калі ў вас ёсць ідэі — мы гатовы працаваць разам!
Напрыканцы госці адказалі на пытанні, што ў асноўным насілі сацыяльна-бытавы характар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.