Жыццёвая арыфметыка Святланы Хадаровіч

Жыццёвая арыфметыка Святланы Хадаровіч


Колькі будзе пяць і пяць? Матэматыка адкажа: дзесяць. А жыццё палічыць інакш: пяцьдзясят пяць!
— Ёсць розніца паміж дакладнай навукай і простым жыццём. Магчыма, табе і не спатрэбяцца заўтра фізіка, алгебра, геаметрыя, аднак сёння рашыць гэту задачу трэба. Ну, давай разам, — са шчырай усмешкай казала Святлана Міхайлаўна.
Мінула чвэрць стагоддзя, як мы рашалі тую геаметрычную задачу. Потым жыццё ставіла новыя задачы, якія даводзілася рашаць ужо самастойна. А сёння выпадкова (ці ўсё ж заканамерна?..) сустрэўся з былой сваёй настаўніцай Святланай Міхайлаўнай Хадаровіч напярэдадні яе 55-годдзя.

На дваіх адзін дзень нараджэння
З дзяцінства (можна нават сказаць — ад самога нараджэння) Святлана хацела быць першаю. Справа ў тым, што 16 лістапада 1956 года ў Лідзіі Рыгораўны і Міхаіла Барысавіча Клімукоў, якія мелі ўжо дачку Ніну, нарадзіліся дзяўчынкі-блізняты: Света і Люда.
— І хто быў з вас першым? — спытаўся, ужо прадчуваючы адказ.
— Я. На дваццаць хвілінаў. З сястрычкай Людмілай (яна сапраўды “людзям мілая”) жывём душа ў душу, як і патрэбна блізнятам, — са светлай усмешкай адказала Святлана Міхайлаўна.
Адзінка ў нейкай там ступені
Калі прыйшла школьная пара, у першы клас дзяўчынкі пайшлі ў першую гарадскую школу ў Жабінцы. На іх, канечне, звярталі ўвагу. Бацькі дачок лёгка пазнавалі. А вось іншыя нярэдка блыталі, асабліва настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лідзія Уладзіміраўна Кавальчук:
— Паважаная жанчына, што даўно ўжо на пенсіі, і зараз, як выпадкова сустрэне, абавязкова спытаецца: “А ты Светачка ці Людачка?”
— Дык можа, і залаты медаль не ў тыя рукі ўручылі? — пажартаваў я.
Не, узнагарода за навучанне ўсё ж трапіла ў правільныя рукі. Люда да медаля не “дацягнулася”: мела ў атэстаце чацвёрку толькі па фізіцы, а “серабро” тады яшчэ не давалі. Так і выйшла, што толькі старэйшай з блізнят за стараннасць, акуратнасць, глыбокія веды, атрыманыя (і неаднойчы пацверджаныя!), у 1974 годзе ўручылі медаль вышэйшай пробы.
Веды былі трывалыя, іх хапіла, каб паспяхова паступіць на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. А там дзяўчына акунулася ў сваю стыхію, бо матэматыка і раней вабіла, а цяпер павінна была стаць прафесіяй на ўсё жыццё.
1 + 1,
альбо Пра нітачку і іголачку
На апошнім курсе Святлана сустрэла сваё каханне. Валодзя Хадаровіч быў аднагодкам. Мажны, высокі, вясёлы, ён займаўся на спартфаку.
— Ён за мной хвосцікам хадзіў, кветкі насіў, а як за сябе паклікаў — не адмовілася ад прапанаваных рукі і сэрца.
У 1978 годзе, напярэдадні свята жанчын, нарадзілася маладая сям’я Хадаровічаў.
— А праз колькі месяцаў мяне размеркавалі ў Азяты.
І Уладзімір Іосіфавіч, які павінен быў вярнуцца ў родныя Баранавічы, быццам нітачка за іголачкай, таксама следам за жонкай пераразмеркаваўся.
Такім чынам, 1 верасня 1978 года школа замест аднаго атрымала ажно двух педагогаў.
Два на два — заўжды чатыры
Гэта аксіёма.
Нельга ў жыцці памыляцца ў двух рэчах: выбраць не тую палавінку, з кім век-векаваць у горы й радасці; і пайсці не той прафесійнай дарогай, якая павінна прывесці чалавека да самарэалізацыі, напоўніць жыццё цікавасцю і глыбокім сэнсам.
Як бачым, у першым сваім выбары Святлана Міхайлаўна не памылілася. Разам з Уладзімірам Іосіфавічам стварыла добрую сям’ю, выгадавалі дзяцей, якімі ганарацца.
Дачка Наташа шмат у чым паўтарыла матулін лёс. Як некалі мама, скончыла школу з залатым медалём, потым Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна, нават муж у яе, як тата, Уладзімір. Зараз, атрымаўшы і другую вышэйшую адукацыю, працуе галоўным эканамістам-фінансістам упраўлення сельскай гаспадаркі Брэсцкага райвыканкама. Наташын сын — сямікласнік Уладзіслаў, як дзед, захапляецца спортам: гандболам, футболам, плаваннем.
— А сын Віктар і нявестка Таня, якія жывуць у сталіцы, падарунак зрабілі на Дзень Маці. Так-так, менавіта ў асвечаны Пакровамі Божай Маці дзень 14 кастрычніка Танечка нарадзіла дачушку Насцю, — сказала шчаслівая бабуля, і было бачна, наколькі хочацца ёй падзяліцца гэтай навіной з усім светам.
Святлана Міхайлаўна шчаслівая ў сваім сямейным жыцці.
А як справы з другім, прафесійным выбарам? Ці не памылілася, калі пайшла па настаўніцкі нялёгкі хлеб?
Тут у нашу размову ўступіла дырэктар школы Ніна Ярасаўна Казачэнка:
— Напішыце, калі ласка, што ў працоўнай кніжцы Святланы Міхайлаўны дасюль маецца толькі адзіны запіс: Азяцкая СШ! Вось такі яна верны сваёй прафесіі і гэтаму месцу чалавек.
Доўгі час, пачынаючы з 1985 года, настаўніца працавала ў профільных групах з адоранамі дзецьмі. Усе навучэнцы гэтых груп (выключэнняў не было!) паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, за іх лёсамі Святлана Міхайлаўна назірае і радуецца поспехам.
— Напрыклад, Дзіма Мазур-Грабоўскі і ў школе быў лепшым, і жыццё сваё будуе, як належна. У 33 гады — праграміст ад Бога, мае ўжо сваю фірму, чацвёра дзяцей, будуе ўласны дом. Ягоны аднакласнік Рома Русецкас — разумнік па ўсіх прадметах. Удвух хлопцы з вясковай школы два гады запар “клалі на лапаткі” на матэматычных алімпіядах іншых школьнікаў раёна. І нельга было вызначыць, хто першы, хто другі. Балы набіралі адзін у адзін! Таму і прыходзілася абодвух “ставіць на вышэйшы п’едэстал”! Зараз Рома — намеснік дырэктара ў адной з кобрынскіх будаўнічых арганізацый. Надзейна будуюць сваё жыццё нашы хлопцы…
— А што далей? Ці ёсць задавальненне сваім жыццём, Святлана Міхайлаўна?
Яна крышку задумалася і адказала павольна, быццам на нябачных шалях узважвала кожнае слова:
— Мне вельмі падабаецца вучыць дзяцей. Жыццё склалася, як трэба. Пашчасціла з калегамі, з калектывам дружным і прафесійным.
Бясконцае мноства
…Ішоў 1986 год. Да выпускных экзаменаў у Азяцкай дзесяцігодцы заставаліся лічаныя дні. Сур’ёзна рыхтаваліся да іспытаў, паўтаралі пройдзенае.
— Што такое “бясконцае мноства”?
Я хуценька падглядзеў у шпаргалку і запісаў на белым лісце: “Мноства — прасцейшае матэматычнае паняцце, якое не вызначаецца, а толькі тлумачыцца з дапамогаю прыкладаў: мноства кніг на паліцы, мноства кропак на прамой, мноства падзей у жыцці…”.
Так сцвярджалі падручнікі матэматыкі.
Цяпер жа, праз гады, напішу інакш (ужо без шпаргалкі): няхай, паважаная Святлана Міхайлаўна, будзе ў вас яшчэ здароўя і сіл, радасці і шчасця бясконцае мноства. Як вам такое вызначэнне?
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: былая настаўніца Святлана Міхайлаўна Хадаровіч.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top